“Добрый день. Я пишу бакалаврскую работу, посвященную неоготическому наследию Беларуси. Как известно, многие костёлы являются архитектурной ценностью и пользуются популярностью у туристов. Мне бы очень хотелось узнать, как сами прихожане и ксендзы относятся к вовлечению костелов в туризм. Что выдумаете по этому поводу? Надеюсь на вашу помощь”.
Ирина
– Добры дзень, паважаная Ірына! Сапраўды, як Вы згадалі, большая частка касцёлаў, якія захаваліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасля рэвалюцыі, Другой сусветнай вайны і рэжыму ваяўнічага атэізму, з’яўляецца помнікамі архітэктуры і ўпрыгожвае наш край.
Калі мы звернемся да гісторыі, то ўбачым, што ў Віцебскай вобласці да 1938 г. не засталося ніводнага дзеючага каталіцкага касцёла, хаця яшчэ па стане на 1926 г. у Віцебскай і Полацкай акругах дзеючых касцёлаў было каля дваццаці, і ў іх служыла каля дваццаці ксяндзоў. Пазней усе касцёлы зачынілі, некаторыя перапрафілявалі ці зусім разбурылі, а святароў арыштавалі і саслалі ў лагеры, дзе яны амаль усе загінулі. Пасля вайны і да пачатку 1990-х гг. ва ўсходняй частцы вобласці не дзейнічаў ніводзін касцёл.
У адным толькі Віцебску, страчанымі назаўсёды з’яўляюцца:
- фарны касцёл (узарваны ў 1950 годзе. У 1862-1903 гг. у будынку касцёла размяшчаўся Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў, архіў губернскага праўлення, архіў канцылярыі генерал-губернатара);
- касцёл св. Антонія Падуанскага (быў узарваны па загадзе ўладаў у 1958 г., хаця будынак касцёла падчас вайны амаль не пацярпеў. Касцёл святога Антонія ўлады закрылі ў 1933 г., перапрафілявалі, выкарыстоўвалі пад спартзалу медыцынскага інстытута і Музей атэізму);
- касцёл св. Юзафа і комплекс езуіцкага калегіума (пабудаваны ў 1649 годзе, з с 1843 – праваслаўны Мікалаеўскі сабор, узарваны ў 1957 годзе);
- касцёл св. Міхала і кляштар дамініканцаў;
- касцёл і кляштар піяраў (ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў) ды шмат іншых капліц, касцёлаў і кляштараў.
Некаторыя каталіцкія святыні былі адноўленыя і перададзеныя праваслаўнай царкве. Да прыкладу, існы ў г. Віцебску Пакроўскі сабор быў пабудаваны ў стылі класіцызму як касцёл каталіцкага ордэна трынітарыяў (каталіцкі ордэн манахаў, заснаваны ў 1198 г. для выкупу хрысціян з мусульманскага палону, таксама манахі клапаціліся пра хворых і бедных) у 1806-21 гадах на месцы драўлянага касцёла, закладзенага ў 1758 годзе. Побач з касцёлам быў пабудаваны двухпавярховы кляштар. У 1831 годзе касцёл зачынілі, а манахаў выслалі з горада. У 1840 годзе ў былым кляштары адкрылі прытулак для дзяцей-сірот, а ў 1846 годзе тут была ўтвораная жаночая турма. У 1858 годзе будынак аддалі праваслаўнай царкве. Можам яшчэ прыгадаць Успенскі сабор і комплекс кляштару базыліян, а таксама Уваскрасенскую царкву, якія належалі католікам візантыйскага абраду.
Трэба адзначыць, што знішчэнні дакрануліся не толькі да каталіцкіх святынь, але і святынь іншых канфесій. І мы бачым, што дзякуючы намаганням неабыякавых людзей зараз ідзе адраджэнне архітэктурнай спадчыны. І на негатыўных гістарычных прыкладах нам трэба вучыцца, як важна цаніць і зберагаць свой гістарычны скарб. Як важна захаваць тое невялікае архітэктурнае багацце, якое засталося пасля знішчэння. І нават не проста захаваць, а перадаць яго наступным пакаленням.
Зараз мы з’яўляемся сведкамі “нараджэння” так званага рэлігійнага турызму. Пад гэтым тэрмінам разумеюцца падарожжы да рэлігійных цэнтраў і святых месцаў. Для ўдзелу ім неабавязкова быць вернікам ці прыхільнікам таго або іншага веравызнання. Дастаткова мець жаданне і магчымасць наведаць сакральныя аб’екты і пазнаёміцца з архітэктурнай спадчынай пэўнай рэлігійнай канфесіі.
Нашыя пабожныя продкі ўжывалі іншы тэрмін: “пілігрымка”. Пілігрымы наведваюць святыя месцы той рэлігіі, якую яны вызнаюць, каб пакланіцца святыням або прыняць удзел у нейкім рэлігійным свяце. Як мы бачым, пілігрымка адрозніваецца ад рэлігійнага турызму сваёй мэтай.
Касцёл дастаткова пазітыўна ставіцца да так званага рэлігійнага турызму. Беручы ў ім ўдзел, асоба крок па кроку набліжаецца да Пана Бога. Дастаткова часта першы раз ў святыню людзі і заходзяць падчас экскурсій, і такім чынам адбываецца першая сустрэча з Богам, Які чакае кожнага чалавека. Падчас агляду архітэктурнай славутасці людзі бачаць не толькі муры святыні, аднак і роспісы, якія з’яўляюцца пэўнага кшталту катэхезай. У старажытнасці роспісы на мурах і столі святынь дапамагалі неадукаванай частцы насельніцтва зразумець тое, што напісана ў Бібліі, глыбей пазнаёміцца з жыццём Хрыста і святых.
Аднак трэба памятаць, што падчас экскурсій, пры наведванні касцёлаў трэба і адпаведна сябе паводзіць. Каб пазбегнуць непаразуменняў, варта мець адпаведную вопратку, перад уваходам у святыню неабходна даведацца, ці можна рабіць фота- і відэаздымкі. Недапушчальна падчас святой Імшы, цэлебрацыі іншых сакрамантаў і сакраманталіяў хадзіць па касцёле, размаўляць і г.д. Адным словам, трэба памятаць, што касцёл – гэта святое месца, прызначанае асабліваму культу Богу, месца, у якім прысутнічае сам Бог. Таму гэтаму месцу і належыць асаблівая пашана. І, канешне ж, трэба паводзіць сябе так, каб нейкімі недарэчнымі дзеяннямі не перашкаджаць тым людзям, якія знаходзяцца ў касцёле на малітве.
З павагай, кс. Аляксей Ляшко
для друку