Як дапамагчы душам у чыстцы? Разам мы ствараем таямнічую супольнасць

Веруючы ў еднасць святых, гэтую таямнічую супольнасць паміж усімі членамі Касцёла, якая пераўзыходзіць межы смерці, мы можам скараціць час ачышчэння душаў нашых блізкіх у чыстцы, і яны могуць маліцца за нас.

Малітва за памерлых даўно ўвайшла ў Эўхарыстычную літургію Касцёла. Падобныя малітвы былі яшчэ ў габрэяў. Безумоўна, нават калі Бог цалкам дараваў нам грахі, калі мы вызнаем іх на споведзі са шчырым намерам пакаяння, яны пакідаюць у нас цэлы букет наступстваў эгаізму ці зла, ад якіх мы павінны ачысціцца, каб увайсці ў Валадарства любові.

Як казаў Ян Марыя Віянэй, «чысцец — гэта Божы лазарэт», дзе мы праводзім каранцін, бо там, адкуль паходзім, мы заразіліся чумой. Таму душы, якія знаходзяцца там, не бунтуюць супраць патрэбы ачышчэння: яны самі адчуваюць, што ім гэта патрэбна. Але цудоўна тое, што, верачы ў еднасць святых, гэтую таямнічую супольнасць паміж усімі членамі Касцёла, якая выходзіць за межы смерці, мы таксама можам скараціць час ачышчэння душаў нашых блізкіх у чыстцы, як і яны можа маліцца за нас.

Абавязак маліцца за памерлых

Душам перш за ўсё можа дапамагчы святая Эўхарыстычная Ахвяра, бо адзіным Збаўцам з’яўляецца Езус. Але «праз Яго, з Ім і ў Ім» мы можам складаць ім малітвы і ахвяры — як свае, так і малітвы ўсіх іншых членаў Касцёла. Адсюль і паходзіць вельмі старадаўняя традыцыя індульгенцый. Касцёл прызнае, што сапраўды атрымаў ад Пана ўладу чэрпаць са скарбніцы ўсе заслугі святых, каб раздаваць іх усім, хто пакорліва згаджаецца іх прыняць. Езус абяцаў Пятру: «Што развяжаш на зямлі, будзе развязана ў небе» (Мц 16, 19).

Калі мы карыстаем з магчымасці адпустаў, то робім тры рэчы:

  1. Прызнаем, што мы яшчэ павінны ачысціць сябе ад усяго, што перашкаджае нам цалкам навярнуцца да Бога.
  2. Прызнаем, што знаходзімся ў адзінстве з усімі членамі Касцёла: «У ім, — кажа святы Грыгорый Вялікі, — адзін нясе другога, а ў той жа час Ён нясе ўсіх».
  3. І, нарэшце, мы прызнаем, што Касцёл атрымаў ад Пана ўладу чэрпаць з духоўнай скарбніцы, каб раздаваць з яе ўсім, хто хоча карыстацца гэтымі багаццямі.

Святы Ян Марыя Віянэй часта нагадваў пра абавязак маліцца за нашых блізкіх памерлых: «Калі б добры Бог дазволіў ім з’явіцца, мы ўбачылі б, як яны падаюць да нашых ног: «О дзеці мае, — сказалі б гэтыя бедныя душы, — маліцеся за нас!» Яны прыходзілі б прасіць нас аб малітве, аб святой Імшы». Але той жа абат з Арсу таксама сказаў, што «калі б мы ведалі, колькі ласкаў можам атрымаць праз пасрэдніцтва душаў у чыстцы, яны б не былі такімі забытымі».

Паводле pl.aleteia.org
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі