Сястра Таццяна Гмыза з супольнасці сясцёр-эўхарыстак стала ўдзельніцай сённяшняга інтэрв’ю і распавяла пра сваё служэнне ў Вільні.
– Сястра, як Вы апынуліся менавіта ў супольнасці сясцёр-эўхарыстак?
– Калі я заканчвала школу, то задумвалася, кім хачу быць, што рабіць у жыцці, каб прыносіць карысць. Я ведала, што такія пытанні трэба задаваць Богу. І калі ў Яго пытала, адчувала адказ, што Ён кліча да манаскага жыцця. Праз розныя знакі і натхненні я набірала ўпэўненасць, што гэта маё пакліканне. А чаму менавіта эўхарысткі, нават сама не ведаю. Гэта было дзеянне Бога, а мы не можам усё разумець, чаму менавіта так трэба. Проста неабходна ў маўчанні прымаць і разважаць у сэрцы, падобна як Абрагам, калі Госпад казаў яму прынесці ў ахвяру сына. Не ўсё мы можам патлумачыць.
– Раскажыце крыху падрабязней пра Вашу супольнасць. Што адметнае ў харызме ордэна?
– Кангрэгацыя Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі – гэта манаская супольнасць, якая цалкам прысвяціла сябе малітве і апостальскай дзейнасці ў Касцёле. Заснаваў супольнасць бласлаўлёны Юры Матулевіч, які ў 1923 годзе, калі з’явіліся эўхарысткі, быў Віленскім біскупам. Месцам заснавання кангрэгацыі стала Друя – невялічкае мястэчка на беразе Дзвіны на мяжы з Латвіяй.
Харызмат, вызначаны заснавальнікам: навучанне хрысціянскаму жыццю і выхаванне дзяцей і моладзі ў каталіцкай веры, а таксама пашырэнне сакрамантальнага жыцця, асабліва эўхарыстычнага, ва ўсіх асяроддзях.
Духоўнасць кангрэгацыі абапіраецца на Эўхарыстыю. У канстытуцыі эўхарыстак напісана: “Цэнтрам духоўнага жыцця і апостальскай дзейнасці ўсёй супольнасці і асобных законніц з’яўляецца Езус Хрыстус у таямніцы Эўхарыстыі. Сёстры павінны імкнуцца ўвесь час як мага лепш пазнаваць Яго, наследаваць і любіць, жыць кожны дзень Яго духам”.
Асаблівая любоў да Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі, і прыклад заснавальніка вядуць эўхарыстак да любові Хрыста, Які прабывае ў Касцёле. Таму яны атачаюць Каталіцкі Касцёл вялікаю пашанаю і верна служаць яму сваёю малітваю, працаю і ахвяраю.
У сваёй апостальскай дзейнасці і ў адносінах з людзьмі эўхарысткі пашыраюць любоў да Хрыста, які прабывае на алтарах, а таксама заахвочваюць словам і прыкладам аддаваць Яму пашану ва ўсіх магчымых формах. Дэвіз кангрэгацыі – “Усё для Хрыста і праз Хрыста” – натхняе ўсё жыццё і дзейнасць сясцёр.
Сёння сёстры працуюць у Польшчы, Нямеччыне, Літве, Украіне, Расіі, Казахстане і, канешне, у Беларусі. Служаць у якасці катэхетак, арганістак, закрыстыянак.
Больш падрабязна пра нашую дзейнасць можна пачытаць на сайце eucharystki.wordpress.com
– Колькі часу Вы ўжо працуеце ў Вільні?
– З верасня 2020 года.
– Якія карэктывы ўнесла пандэмія каронавірусу ў Ваша жыццё?
– Вялізныя. Для мяне час каранціну быў вельмі цяжкі. Напрыклад, на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень не было ў касцёле нікога. Не было сустрэч, заняткаў і нават простых размоў, таму што была забарона з прычыны каранціну. Таму я стала пытацца ў Госпада, навошта гэты час, як яго перажыць і як служыць людзям у такіх умовах. Паколькі ўрокі ў школе трэба было праводзіць анлайн, я пачала творча падыходзіць да падрыхтоўкі, вучылася рабіць цікавыя прэзентацыі, здымаць відэа, ствараць гульні. У той час таксама стала актыўна весці старонку інстаграм sister_tatsiana, пасля прыйшло натхненне зрабіць рэкалекцыі для дзяўчат анлайн. І я бачу, што ва ўсім гэтым ёсць Божае бласлаўленне і плён. Плёнам з’яўляецца душа чалавека, якой я змагла дапамагчы, а таксама водгукі, што гэта сапраўды трэба. У інтэрнэце насамрэч больш магчымасцяў і можна ахапіць большую колькасць людзей. Думаю, што гэта вымаганне часу, і трэба выходзіць з зоны камфорту і шукаць новыя мажлівасці. На сённяшні дзень я праводжу падрыхтоўку анлайн да споведзі. Таксама ўдзельнічаю ў розных курсах, якія адбываюцца анлайн, таму гэта дапамагае ў развіцці і разуменні, як трэба рабіць. Каб не гэтая сітуацыя з каранцінам, не прыйшло б у галаву выкарыстоўваць такі спосаб служэння і евангелізацыі.
– Вышэй было ўзгадана пра заняткі ў школе. Вы хацелі выкладаць, мець адносіны з моладдзю, ці гэта здарылася выпадкова?
– Я скончыла педагагічны ўніверсітэт таму, што мне на той час сказала настаяцельніца. Я ніколі не марыла быць катэхеткай ці настаўніцай. Але гэта было неабходна ў свой час. У Беларусі я вяла катэхезу і бачу, што гэта мне падабаецца і прыносіць плён. На сённяшні дзень я працую настаўніцай рэлігіі ў школе. Таму дыплом не проста так атрымала.
– Якія яшчэ абавязкі ў Вас на сённяшні дзень?
– Я працую ў дзвюх школах, праводжу катэхезы ў сваёй парафіі Святога Духа ў Грыгішках, а таксама займаюся падрыхтоўкай да Канфірмацыі ў парафіі бл. Юрыя Матулевіча. Яшчэ ўпрыгожваю кветкамі і дэкарацыямі касцёлы ў гэтых парафіях.
– У Вільні ёсць беларуская парафія святога Барталамея. Ці звязаныя з ёй сёстры-эўхарысткі?
– Так, канешне. Сёстры працавалі ў беларускай школе імя Францыска Скарыны і ў парафіі св. Барталамея доўгі час. Дарэчы, там я і сустрэла нашых сясцёр, калі на сто адсоткаў вырашыла быць эўхарысткай. Для мяне гэта асаблівае месца звязана з пачаткам майго знаёмства з сёстрамі. Цяпер жа там служыць манахіня з іншай кангрэгацыі.
– Ці шмат сясцёр з Беларусі зараз працуе разам з Вамі?
– У нашай Кангрэгацыі я адна з Беларусі працую ў Вільні. Раней нас тут было шмат.
– Што для Вас, як для манахіні, з’яўляецца самай вялікай радасцю?
– Калі адчуваеш, што праз цябе дзейнічае Бог і камусьці Ён праз цябе адказвае на малітвы. Калі параненая душа знаходзіць палёгку, а заблукалая бачыць святло. Я бачу, што маё жыццё не бессэнсоўнае, таму з лёгкасцю распачынаю кожны новы дзень і стараюся не траціць магчымасці служыць людзям.
– А з якімі цяжкасцямі даводзіцца часам сутыкацца?
– Як і кожнаму чалавеку… Не заўсёды ўсё атрымліваецца, не хапае часу. Але гэта часовыя цяжкасці.
– Цікава, ці адчуваеце Вы асаблівую розніцу паміж жыццём у Літве і ў Беларусі?
– Для мяне як для манахіні – не асабліва. Толькі тым, што праца тут у школе. Трэба не толькі вучыць дзяцей і моладзь пра Бога, але яшчэ весці дакументацыю і выконваць усе патрабаванні, устаноўленыя кіраўніцтвам. Але само жыццё не адрозніваецца, бо правілы ў нас адныя і тыя ж.
– Якія галоўныя адрозненні Вы заўважылі паміж католікамі дзвюх краін?
– Як і ўсюды, ёсць тыя, хто па-сапраўднаму любіць Хрыста і шукае адказы на пытанні, і тыя, што традыцыйна ходзяць у касцёл і прымаюць сакраманты раз на год. Тое, чаго мне не хапае тут, гэта сямейнай атмасферы з моладдзю, як, напрыклад, у тых парафіях, дзе я працавала. І тут мяне больш успрымаюць як настаўніцу, а не як сястру. Але гэта нюанс і маленькае адрозненне. Людзі ўсюды добрыя і ветлівыя. Я заўсёды ведаю, што, калі звярнуся па дапамогу, многія адгукнуцца.
– Якія яны, літоўскія вернікі?
– Падобна як і ў Беларусі. Ёсць традыцыйныя, а ёсць тыя, у каго гарыць сэрца і яны хочуць служыць. Паколькі тут рэлігія ёсць з дзяцінства ў школе, у людзей добрыя веды, і няма праблемы хадзіць у касцёл, але не заўсёды ёсць жаданне і патрэба. Яны заўжды гатовыя прыйсці на дапамогу, але не заўжды гатовыя падтрымаць ініцыятыву.
– Што Вы можаце сказаць пра сітуацыю з пакліканнямі ў Літве?
– У нашай Кангрэгацыі даўно нікога не было новага з Літвы. І наогул не так шмат цяпер ідзе ў кляштар, як і ва ўсім свеце. Але, я думаю, гэта таксама тое пытанне, на якое мы не маем адказу. Не ведаем, што Бог нам праз гэта хоча сказаць. Думаю, трэба задаваць пытанні і шукаць адказу.
– Што б Вы пажадалі чытачам “Каталіцкага Весніка”?
– Жадаю шукаць сваёй дарогі ў жыцці і быць на сваім месцы. Каб людзі бачылі Вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца Нябеснага.
Гутарыла Ірына Радзевіч
для друку