Ідзі і больш не грашы

krzyz-wielkipostВялікі пост у католікаў паступова заканчваецца, і ўжо вельмі хутка яны будуць святкаваць Вялікдзень.

Святкаванне галоўнай хрысціянскай урачыстасці можа быць азмрочана тым, што нам “баліць душа”, як кажуць, за тых, хто робіць вялікія памылкі ў жыцці.

Знакаміты евангельскі ўрывак перадае даўнюю праблему асуджэння чужых грахоў. Да Хрыста прывялі жанчыну, якую абвінавачвалі ў пралюбадзействе. Гэта сцэна нагадвае спробу правесці штосьці накшталт суда над ёй. Фарысеі і кніжнікі перакананыя ў віне жанчыны і ім нават няважны яе лёс. Але яны чакаюць, што скажа зрабіць з абвінавачанай Хрыстос.

Божы Сын не апраўдвае грэшнага ўчынку. Рэакцыя Яго такая: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. Раптам усё змяняецца. Ніхто не адважваецца асудзіць іншага, у дадзеным выпадку безабароннага чалавека. Раптам усім становіцца зразумела, што калі мы глядзім на грэшніка, то бачым сваё адлюстраванне, сваю недасканаласць.

Сёння мы ізноў спрабуем кідаць камяні ў іншых людзей. Камяні асуджэння, плётак, халоднасці, знішчэння аўтарытэтаў… Трэба адрозніваць ацэнку ўчынку ад татальнага асуджэння чалавека.

Чалавек падобны да вады ў рацэ. Можа быць, якраз у той момант, калі мы ў размове асуджаем кагосьці, гэты чалавек вырашыў змяніцца. Ён зразумеў шкоднасць свайго няправільнага выбару. Ён ужо не той, кім быў у момант слабасці. Такім чынам, мы асуджаем таго, каго ўжо няма. Божая ж міласэрнасць праяўляецца ў тым, што Бог дае нам другі шанс: “Ідзі і адгэтуль больш не грашы”.

Слухаючы абвінавачванні, Хрыстос пісаў на зямлі, а дакладней на камянях плошчы перад іерусалімскай святыняй. Так як Майсею былі дадзены дзесяць запаведзяў на каменных таблічках, так Хрыстос запісвае іх па-новаму, і яны становяцца запаведзямі любові. Напісанае пальцам на камені не пакідае следу. Таму новую запаведзь неабходна запісаць у сэрцы: “Любі бліжняга, як самога сябе… так, як Бог яго палюбіў”.

Ксёндз Кірыл Бардонаў, sb.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі