Ці Бог спасылае на чалавека кару? Ці Бог — прычына бедаў, катаклізмаў, хваробаў? Ці Ён крыніца зла ў свеце? Гэтыя і падобныя пытанні не раз узнікаюць у думках людзей, якія раптам сустракаюцца з нейкім злом. Асабліва балюча гэтыя пытанні перажываюцца перад абліччам няўмольнасці бяды. Чаму Бог дапускае, што нейкі вельмі добры чалавек раптам аказваецца забітым, трапляе ў аварыю, памірае ад раку ці іншай хваробы? Чаму Пан не абараняе? Ці гэта Ён пакараў? Ці Ён жадае зла?
На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка — рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
Пытанні пра ролю Пана Бога ў людскім досведзе зла з новай моцай пачалі ўсплываць у шматлікіх масмедыя ў апошні час. На найвышэйшым узроўні ў Касцёле набыла розгалас дыскусія аб ролі Бога ў перажыванні спакусаў. Гэтае абмеркаванне стала яшчэ гарачэйшым пасля водгуку папы Францішка на прапанову некаторых тэолагаў падкарэкціраваць пераклад на сучасныя мовы словаў шостай просьбы ў малітве «Ойча наш…»: «І не ўводзь нас у спакусу» (Мц 6, 13; Лк 11, 4).
У снежні 2017 г. падчас інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму тэлеканалу «TV2000» Святы Айцец выказаўся пазітыўна пра намер некаторых епіскапатаў (Францыя, Бельгія, Італія) падкарэкціраваць раней прыняты афіцыйны пераклад узгаданых словаў Св. Пісання, каб яны былі больш зразумелыя сучаснаму чалавеку. У новай версіі прапаноўваецца замест выразу: «не ўводзь нас у спакусу» казаць: «не дазволь, каб мы трапілі ў спакусу» (або: «не дазволь, каб мы паддаліся спакусе»). Да гэтай тэмы Папа вярнуўся яшчэ раз 1 мая 2019 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Рыме. Каментуючы прапановы тэолагаў, Папа сказаў: «Гэта не Бог спакушае чалавека, не Ён вядзе чалавека да граху…». Увага Пантыфіка да дыскусіі над адным з найбольш складаных момантаў у самай папулярнай хрысціянскай малітве стала заахвочваннем для шматлікіх вернікаў яшчэ раз задумацца над словамі малітвы, якую нам пакінуў Езус Хрыстус.
Паводле меркавання некаторых тэолагаў, раней прыняты пераклад узгаданай дыскусійнай фразы ў малітве «Ойча наш…» не толькі мала зразумелы сучаснаму верніку, але можа ствараць пагрозу скажонага ўяўлення пра Пана Бога як таго, хто з’яўляецца крыніцай спакусы і зла. Традыцыйна прыняты пераклад тэксту быў выкліканы жаданнем максімальна даслоўна перадаць арыгінальную грэцкую фразу са Святога Пісання: «καὶ μὴ εἰσενέγκῃς ἡμᾶς εἰς πειρασμόν», што ператлумачылі на сучасныя мовы як выраз: «і не ўводзь нас у спакусу» (Мц 6, 13). Даслоўнасць была захаваная, але ўзнікла пагроза няправільнай інтэрпрэтацыі. Што ж на самай справе значыць гэты заклік, і чаму ён такі важны?
Паводле біблістаў, ключавым паняццем ва ўзгаданай евангельскай просьбе з’яўляецца старагрэцкае слова «πειρασμός» (чыт. — peirasmos): «выпрабаванне», «спакуса». Другім, якое дапамагае заглыбіцца ў разуменне тэксту, з’яўляецца слова «εἰς» («εἰσφέρω»), што азначае «ўводзіць», «прыводзіць», «прыносіць». Прыхільнікі захавання традыцыйна прынятага перакладу («не ўводзь нас у спакусу») заклікаюць не баяцца магчымых складанасцяў з разуменнем. Наадварот, разглядаюць гэта як нагоду да спасціжэння глыбокага тэалагічнага сэнсу гэтай просьбы.
Ужытае ў малітве паняцце «peirasmos», разуметае як «выпрабаванне», часта сустракаецца на старонках Св. Пісання як выраз дзеяння Бога (гл. Дрг 13, 4). Можна ўзгадаць, як Пан выпрабоўваў Абрагама (гл. Быц 22, 10). Зыход выбранага народа з егіпецкай няволі таксама часта апісваецца ў катэгорыях выпрабавання: «Бог прыйшоў для таго, каб выпрабаваць вас і пабудзіць да Ягонай боязі, каб вы не грашылі» (Зых 20, 20). Таксама ў Новым Запавеце сустракаем сітуацыю, калі Дух вывеў Хрыста ў пустыню, каб Ён прайшоў там праз спакушэнні (гл. Мц 4, 1), а перад укрыжаваннем, на малітве ў Аліўным садзе, Езус прасіў Айца абараніць Яго ад выпрабавання: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца» (Лк 22, 42). Таксама і апосталы, разумеючы цяжкую, але вызваляючую ролю выпрабаванняў, злучаных з Богам, заклікаюць успрымаць іх як магчымасць для дасканалення (Як 1, 2. 12). Св. Павел заахвочвае вернікаў, каб выпрабоўвалі (даследавалі) саміх сябе (гл. 2 Кар 13, 5), а св. Пётр заклікае з радасцю ўспрымаць выпрабаванні як упадабненне Хрысту (гл. 1 Пётр 4, 12–13). Кніга Апакаліпсіса хваліць Касцёл за тое, што выпрабоўваў тых, хто называў сябе апосталамі (гл. Ап 2, 2).
Аналізучы біблійны тэкст, заўважаем, што існуе прынцыповая розніца паміж выпрабаваннем ад Бога, якое нясе вызваленне, і выпрабаваннямі-спакусамі, з якімі да чалавека падступаецца злы дух. Тут можна ўзгадаць гісторыю Ёва ў Старым Запавеце (Ёв 1, 12) або гісторыю апостала Юды Іскарыёта ў Новым Запавеце. Усе гэтыя выпрабаванні ад злога былі спакусамі да здзяйснення нейкага зла.
Св. Пісанне таксама паказвае, як людзі намагаюцца выпрабоўваць Бога: «І назваў (Майсей) гэтае месца Маса і Мэрыба, бо тут спрачаліся ізраэліты і выпрабоўвалі Пана, кажучы: „Ці таксама Пан сапраўды ёсць сярод нас, ці не?“» (Зых 17, 7). Біблія тлумачыць непараўнальную розніцу паміж тым, што мы называем «выпрабаваннем ад Бога» і чалавечым «выпрабоўваннем Бога». Пан дапускае для людзей сітуацыю выпрабавання, каб прывесці іх да яшчэ большага дабра. Абавязковай умовай тут будзе пастаянная лучнасць з Панам, а калі чалавек намагаецца спакушаць (падпарадкоўваць сабе) Бога, то гэта, наадварот, заўсёды нясе з сабой зло. Гэта значыць, што ў біблійным сэнсе, калі выпрабаванне дапушчанае Богам, яго належыць прыняць з пакорай і ў лучнасці з Панам прайсці як балючы шлях адыходу ад ранейшага (можа, нават добрага) стану, як стымуляцыю (падрыхтоўку) да чагосьці больш важнага і лепшага. Калі ж чалавек намагаецца сам выпрабоўваць Бога — гэта абсурд і зло, бо Яго, як абсалютную дасканаласць, не трэба правяраць на ўзровень дасканаласці ці заахвочваць да яе, бо Ён ужо бязмежна дасканалы, мудры і святы.
Як бачым, адно і тое ж слова — «peirasmos» («выпрабаванне», «спакуса»), ужытае ў Св. Пісанні, неабходна разумець у шырокім спектры яго біблійных значэнняў, і моўных, і тэалагічных, а часам дастаткова проста больш поўна пазнаёміцца з кнігамі Св. Пісання, і яно само дасць адказ на хвалюючыя пытанні. Напрыклад, у Пасланнях апосталаў можна знайсці прамы адказ на пытанне: ці Бог спасылае на людзей спакушэнні (да зла)? Св. Павел тлумачыць: «Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць» (1 Кар 10, 13). Яшчэ больш канкрэтны адказ дае св. Якуб: «Падчас выпрабавання няхай ніхто не кажа, што Бог выпрабоўвае яго, таму што Бога нельга выпрабаваць злом, і сам Ён не выпрабоўвае нікога. Але кожны выпрабоўваецца ўласнай пажадлівасцю, якая прыцягвае і зводзіць» (Як 1, 13–14).
Папа Бэнэдыкт XVI у кнізе «Езус з Назарэта», ідучы за думкаю св. Тамаша Аквінскага, заахвочвае ўспрымаць малітву «Ойча наш…» як выраз пакорлівага прызнання праўды пра чалавека. Ведаючы пра сваю грэшнасць і слабасць, мы просім Пана абараніць нас ад выпрабаванняў, бо баімся іх не вытрываць (гл. Мц 26, 41). Было б неразумнай і інфантыльнай пыхлівасцю чалавека спецыяльна шукаць сабе выпрабаванні (спакусы), каб даказваць камусьці (Богу, сабе, іншым людзям), што ён справіцца. Мы перамагаем спакусы толькі дзякуючы дару Божай ласкі. Без дапамогі Усёмагутнага мы — марыянеткі ў руках злога (гл. Эф 6, 12; 1 П 5, 8; 1 Тэс 3, 5). Таму той, хто рэальна ацэньвае свае магчымасці, заўсёды просіць Пана абараніць яго ад злога (бо толькі Бог гэта можа), не ўводзіць у спакусу, бо не ведаем, ці ўстаім і ці пройдзем выпрабаванне. Таму не крывадушнічаем, не строім з сябе герояў, але ў вялікай пакоры молімся, здаючыся на ласку Таго, Хто адзіны можа правесці нас слабых праз «цёмную даліну» выпрабаванняў (спакусаў) зямнога жыцця, каб мы змаглі дайсці да вечнай і шчаслівай Айчыны ў небе.
Кс. Андрэй Рылка, ave-maria.by
для друку