– Хвала Хрысту! Мяне цікавіць наступнае пытанне. 11 лютага было свята Маці Божай з Люрд. У гэты дзень у касцёле ўдзялялі сакрамант хворых. І ўсе людзі, якія былі ў касцёле, нават і малыя дзеці, падыходзілі і святар іх намашчаў. Скажыце, калі ласка, як сапраўды трэба прымаць намашчэнне і ці можна яго прымаць усім? Дзякуй.
Людміла.
– Хвала на векі!
11 лютага 1993 года святы Ян Павел II устанавіў Сусветны дзень хворых. Галоўнай мэтай гэтага дня з’яўляецца супольная малітва і лучнасць з хворымі людзьмі, якія чакаюць нашай падтрымкі і дапамогі. Святы Айцец невыпадкова выбраў гэты дзень. Бо 11 лютага 1858 года адбылося першае аб’яўленне Маці Божай у Люрдзе (Францыя). Мы ведаем, што праз заступніцтва Маці Божай у Люрдзе адбываюцца шматлікія аздараўленні. І менавіта таму духоўным натхненнем і апякункай для хворых з’яўляецца Божая Маці.
Паважаная Людміла, адказ на Вашае пытанне знаходзіцца ў назве сакраманту – Сакрамант намашчэння хворых.
Кодэкс Кананічнага Права ў каноне 1004 вельмі ясна гаворыць, каму можна ўдзяляць сакрамант намашчэння: “Намашчэнне хворых можна ўдзяліць верніку, які дасягнуў магчымасці для ўсведамлення і знаходзіцца ў небяспецы смерці праз хваробу ці старасць”.
Катэхізм Каталіцкага Касцёла ў нумары 1511 кажа: “Касцёл верыць і вызнае, што сярод сямі сакрамантаў існуе адзін, спецыяльна прызначаны для ўмацавання тых, хто змучаны хваробай: Намашчэнне хворых (Намашчэнне). Гэтае святое намашчэнне хворых ўстаноўлена Хрыстом, нашым Панам, як сапраўдны сакрамант Новага Запавету, пра які ўзгадвае евангеліст Марк (“Пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, выганялі шмат злых духаў і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі” (Мк 6, 12-13), таксама яго раіць вернікам і апостал Якуб, брат Пана”.
У сваім пасланні святы апостал Якуб кажа, што намашчэнне трэба ўдзяляць хворым, каб іх падтрымаць і збавіць: “Нехта сярод вас хварэе? Няхай пакліча прэзбітэраў Касцёла, а яны няхай памоляцца над ім і намасцяць яго алеем у імя Пана. Малітва веры ўратуе хворага, і Пан падыме яго, а грахі, якія ўчыніў, будуць адпушчаны яму” (Як 5, 14-15).
Апостальская канстытуцыя «Sacram unctionem infirmorum» ад 30 лістапада 1972 г., прынятая пасля Другога Ватыканскага Сабору, якая рэгулюе парадак Намашчэння хворых, пастанавіла, што “Сакрамант намашчэння хворых удзяляецца небяспечна хворым асобам праз памазанне ілба і далоняў асвячоным адпаведным чынам алеем – аліўкавым ці алеем іншых раслін – і праз прамаўленне слоў: “Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога. Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і міласціва падтрымае”.
У нумары 1514 Катэхізм Каталіцкага Касцёла кажа, што намашчэнне хворых не з’яўляецца сакрамантам тых, хто памірае. Час для яго прыняцця несумненна прыходзіць ужо тады, калі вернік пачынае знаходзіцца ў смяротнай небяспецы праз хваробу ці старасць.
Далей Катэхізм Каталіцкага Касцёла ў нумары 1515 зазначае наступнае: “Калі хворы, які ўжо прыняў намашчэнне, выздаравее, ён можа, у выпадку новай цяжкай хваробы, зноў прыняць гэты сакрамант. Пры адной і той жа хваробе, калі яна ўзмацнілася, сакрамант можа быць прыняты паўторна. Разумна прыняць сакрамант намашчэння напярэдадні сур’ёзнай аперацыі”. Тое ж самае датычыцца і пажылых людзей. Яны могуць прыняць сакрамант намашчэння паўторна, калі яны заўважальна слабеюць.
Тое, што датычыць прыняцця Сакраманту намашчэння дзецьмі, то святое намашчэнне ўдзяляецца ўжо тады, калі яны дасягнулі такой ступені свядомасці, што гэты сакрамант можа іх умацаваць. У выпадку няўпэўненасці, ці дасягнулі яны належнага ўсведамлення, сакрамант трэба ўдзяліць.
З усяго ўзгаданага вышэй можна зрабіць выснову, што намашчэнне хворых прымаецца і ўдзяляецца толькі тады, калі існуе цяжкая хвароба (незалежна ад узросту), калі вернік знаходзіцца ў смяротнай небяспецы праз хваробу альбо калі знаходзіцца ў пажылым узросце. Не трэба прымаць намашчэнне, калі не існуе гэтых вызначаных умоў, бо гаворка ідзе пра важную рэч – сакрамант Касцёла, а не пра нейкую гульню ці забабоны. Не трэба таксама яго прымаць і на “будучыню”.
Існуе і яшчэ адна вельмі важная рэч. Да сакраманту намашчэння хворых, як і да кожнага іншага сакраманту, трэба быць адпаведна падрыхтаванымі, знаходзіцца ў стане асвячальнай ласкі, гэта значыць, пасля споведзі. “Хворыя няхай рыхтуюцца прыняць яго годна, з дапамогай свайго святара і ўсёй касцельнай супольнасці, якая паклікана асаблівым чынам атуляць хворых братэрскай увагай і малітвамі” (Катэхізм Каталіцкага Касцёла, 1516).
Таксама трэба памятаць, што сакрамант намашчэння хворых не ўдзяляецца тым, хто ўпарта трывае ў яўным цяжкім граху.
З малітвай, кс. Аляксей Ляшко.
для друку