Росіца – вёсачка ў Верхнядзвінскім раёне, прыгожы куточак Віцебшчыны. Кожны год гэтае святое месца прыцягвае пілігрымаў з розных парафій Беларусі. І ў гэтым годзе Росіца не стала выключэннем. На вуліцы можна было заўважыць вялікую колькасць машын і аўтобусаў, а святыня тым часам напаўнялася людзьмі, каб узносіць свае малітвы і просьбы праз заступніцтва бласлаўлёных айцоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.
На жаль біскуп Віцебскі Алег Буткевіч не змог прысутнічаць на ўрачыстасці, але ў зваротным лісце да братоў і сясцёр манаскіх супольнасцяў, кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі адзначыў: “Мяркую, што гэтае месца, акропленае крывёю Манахаў-мучанікаў, найлепшым чынам адпавядае духу Кансэкраванага жыцця, са сваёй істоты прызначанага ахвярнаму служэнню Богу і Яго Касцёлу”. Таму 21 лютага ў Росіцы адбылося агульнадыяцэзіяльнае святкаванне Дня Кансэкраванага Жыцця. Аб’яднаць гэтыя дзве падзеі — мучаніцтва і Кансэкраванага жыцця – была ініцыятыва біскупа Буткевіча: “Спадзяюся, што праз заступніцтва бласлаўлёных мучанікаў кожнаму з вас атрымаецца наноў перажыць радасць з асаблівай абранасці да таго, каб быць сведкам Божай любові да кожнага чалавека”.
Урачыстую Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны Вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. Францішак Кісель.
Пасля прамоўленай гаміліі прысутныя законныя сёстры і браты з запаленымі свечкамі ў руках ля алтара аднавілі свае манаскія абяцанні.
Але санктуарый мучанікаў не мог пакінуць сваіх пілігрымаў без цуда. Сапраўдным сюрпрызам стаў візіт Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці, які неспадзявана для ўсіх увайшоў у святыню. Сам Нунцый пасля патлумачыў: “Я хацеў прыехаць сюды менавіта як пілігрым, росіцкі звычайны пілігрым, як усе вы, бо інакш бы я стаў цэнтрам падзеі. Аднак Росіца — гэта месца, дзе мы ў нейкім сэнсе адчуваем нашу аднолькавасць у шляху да неба”.
Разважаючы над сэнсам пакутніцкай смерці блаславёных, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці паставіў цікавае пытанне: “Гледзячы на ахвяру гэтых святароў, якія дабравольна прынялі смерць са сваімі вернікамі, хто можа паставіць пад сумніў факт, што Каталіцкі Касцёл з’яўляецца на гэтай зямлі не чужой структурай, а мае глыбокія карані ў гісторыі гэтага народу. Які большы ўклад можна ўнесці ў культуру народа, як не раздзяліць з ім самыя жорсткія пакуты і пераслед?”
Як склалася традыцыя, адразу пасля Літургіі ўсе прысутныя накіраваліся працэсіяй на месца мучаніцтва, дзе адбылася малітва, урачыстае бласлаўленне Апостальскага Нунцыя ад Папы Францішка і адарацыя Крыжа.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
для друку