– Ваша Эксцэленцыя! Чаму Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі вырашыла прысвяціць менавіта 2023 год апостальству свецкіх? Як нараджалася гэта ідэя сярод біскупаў? Ці былі іншыя прапановы?
– Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў меру сваіх абмежаваных магчымасцяў тым не менш стараецца жыць ідэямі сусветнага Касцёла. Пасля таго, як Папа Францішак аб’явіў, што наступны Сінод біскупаў будзе прысвечаны свецкім, каталіцкія біскупы Беларусі неадкладна адрэагавалі на гэтае рашэнне Пантыфіка.
Падчас абмеркавання тэмы 2022 пастырскага года Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі (ККББ) разважала над тым, каб прысвяціць яго свецкім. Аднак пасля грунтоўных абмеркаванняў у якасці працягу тэмы 2021 пастырскага года – “Касцёл як сакрамант паўсюднага збаўлення” – было прынята рашэнне прысвяціць 2022 пастырскі год тэме “Праз адзінства, удзел і місію да Касцёла-супольнасці” і такім чынам лепей падрыхтавацца да году свецкіх.
Прапанова прысвяціць 2023 пастырскі год свецкім з Мотта – “Апостальства свецкіх – знак надзеі для Касцёла ў Беларусі” – усімі біскупамі была падтрымана адзінагалосна. Гэтае рашэнне з’яўляецца знакам эвалюцыі ў ацэнцы ролі свецкіх і неабходнасці іх большага ўдзелу ў жыцці Касцёла ў нашай краіне.
– Якія падзеі, акцыі запланаваныя біскупамі з гэтай нагоды на бягучы год?
– Пакуль што няма канкрэтных планаў. У сваім “Слове” на гэты пастырскі год я прадставіў некаторыя прапановы. Спадзяюся, што ККББ на чарговым пасяджэнні вырашыць гэтую праблему. Хацелася б, каб гэты пастырскі год быў адзначаны канкрэтнымі мерапрыемствамі, якія дазволяць лепей асэнсаваць ролю свецкіх у Касцёле.
– Ці плануецца на ўзроўні ККББ змена нейкіх падыходаў адносна супрацы са свецкімі? Што Канферэнцыя плануе рабіць у гэтым годзе ў плане апостальства свецкіх?
– Сам факт склікання Папам Францішкам спецыяльнага Сіноду нагадвае пра тое, што прыйшоў час змены падыходаў да супрацы са свецкімі, асабліва ў галіне пастырства і гаспадарча-адміністратыўнай дзейнасці касцельных структур. Упэўнены, што змены ўжо саспелі, і іх трэба як мага хутчэй прымаць і ўводзіць у жыццё. Вада, калі яна стаіць, загнівае, а Касцёл – гэта сакрамант паўсюднага збаўлення, і яго сэрца павінна працаваць рытмічна, уключаючы ў сваю дзейнасць не толькі духоўных, але і свецкіх, якія складаюць большасць Касцёла. Канкрэтныя рашэнні застаюцца за ККББ.
– Ці можна чакаць нейкай каардынацыі дзеянняў мясцовых біскупаў у ККББ у плане апостальства свецкіх у гэтым годзе?
– Думаю, што так. Калі мы хочам, каб гэты пастырскі год прынёс свае плёны. Нельга эфектыўна дзейнічаць без каардынацыі высілкаў, бо гэта можа прывесці да непатрэбных непаразуменняў і негатыўных наступстваў. Напрыклад, калі ў той самы час у розных месцах праводзяцца мерапрыемствы на тую ж самую тэму, што, на жаль, часам адбываецца. Беларускі Касцёл не вялікі, і такая практыка толькі шкодзіць.
– Мінулы, 2022 г., у Беларусі таксама фактычна быў прысвечаны Касцёлу-супольнасці. У пастырскім лісце, між іншым, Вы заахвочвалі да актыўнага ўдзелу вернікаў. Чаго ўдалося дасягнуць летась? Ці ёсць ініцыятывы Касцёла, якія Вы лічыце ўдалымі ў гэтым плане?
– Мінулы год быў часам, які мы перажывалі пасля пандэміі каранавіруса. Неабходна было адрадзіць розныя душпастырскія акцыі, як, напрыклад, Будслаўскі, Тракельскі, Браслаўскі, Гудагайскі, Лагішынскі фэсты, катэхізацыю, святарскія, манаскія і моладзевыя спатканні, сустрэчы малітоўных груп і да т.п. Гэтага нельга было б ажыццявіць без актыўнага ўдзелу свецкіх, якім мы ад усяго сэрца дзякуем! Кажучы агульна, названыя акцыі ўдаліся. Мы ўбачылі ў нашых вернікаў голад Бога і добра арганізаваных набажэнстваў, каторыя стараліся наталіць сумесна са свецкімі.
– Якім чынам Вы ў часы свайго кіравання ўключалі свецкіх у працу Касцёла? Ці існавалі ў Вас нейкія правілы ў гэтым плане?
– У мяне быў даволі багаты досвед душпастырскай працы ў Расіі, дзе святароў і кансэкраваных асобаў вельмі мала, а адлегласці – велізарныя. Там я шмат адміністрацыйнай і пастырскай працы даручаў падрыхтаваным свецкім. Вельмі часта яны кіравалі парафіямі і дабрачыннымі структурамі.
У Беларусі сітуацыя іншая. Колькасць духоўных асобаў, хаця і недастатковая, тым не менш не ідзе ні ў якое параўнанне з сітуацыяй у Расіі. Акрамя таго, з даўніх часоў у нас укаранілася меркаванне, што пробашч нясе поўную адказнасць за пастырскую дзейнасць. Таксама не дастаткова звярталася ўвагі на належную фармацыю свецкіх.
Тым не менш, я звяртаў увагу святароў на неабходнасць больш актыўнага ўдзелу свецкіх у катэхізацыі і іх належнай фармацыі. Для гэтага ў Мінску быў заснаваны тэалагічны каледж. Звяртаў увагу святароў і на тое, каб больш прыцягвалі свецкіх для вырашэння гаспадарча-адміністрацыйных праблем.
– Скажыце, чаму ў Касцёле ў Беларусі не атрымалася развіць інстытут парафіяльных радаў? Сінадальная справаздача дыяцэзіяльнага этапу Сіноду Біскупаў прыводзіць іх як прыклад «намінальных» і «непрыкметных» структур. Ці спрабавалі Вы неяк вырашаць гэту праблему, калі кіравалі архідыяцэзіяй?
– Як ужо казаў вышэй, на жаль, у нас усё яшчэ моцна валадарыць думка пра абсалютную адказнасць пробашча за ўсе парафіяльныя справы. У выніку атрымалася тое, што маем. Менавіта “намінальныя” і “непрыкметныя” структуры.
Выправіць сітуацыю няпроста, бо вельмі часта свецкія вернікі не маюць жадання займацца парафіяльнымі справамі і ўсё звальваюць на святара.
Аднак у той жа час ёсць і супрацьлеглыя прыклады, калі яны ва ўсім хочуць замяніць святара. Тут ёсць небяспека з двух бакоў: клерыкалізацыя свецкіх і лаіцызацыя святароў, што непрымальна. Кожны пакліканы да сваёй місіі і павінен яе выконваць. Спадзяюся, што Сінод дапаможа ў нармалізацыі гэтай важнай справы.
Падчас кіравання Мінска-Магілёўскай архідыцэзіяй я заахвочваў пробашчаў да большай супрацы з парафіяльнымі радамі. Правілам было спатканне з парафіяльнай радай падчас пастырскіх візітацый. Таксама заўсёды я прымаў рады ці іх прадстаўнікоў, калі яны пра гэта прасілі, у Курыі ці ў парафіі. Такія спатканні былі патрэбныя, бо нярэдка ўдавалася вырашыць праблемы будаўніцтва і рамонту касцельнай маёмасці, а таксама некаторыя пастырскія пытанні.
– Якія сістэмныя праблемы Вам бачацца ключавымі для паляпшэння адносінаў “святар-вернікі” на парафіяльным узроўні? “Святары не да канца адважныя і адкрытыя, каб дазволіць свецкім вернікам супрацоўнічаць з імі”, — пішацца ў справаздачы.
– Мне падаецца, што галоўнай праблемай ёсць недастаковая фармацыя як святароў, так і свецкіх адносна супольнай адказнасці за Касцёл і парафію.
Прыйшоў час на пастырскае навяртанне, як кажа Папа Францішак.
Святары павінны быць больш адкрытымі на супрацоўніцтва са свецкімі. Яны не забяруць святарскай улады, але могуць дапамагчы. Таксама свецкія вернікі павінны адзначацца разуменнем сваіх пастыраў, каб супольна ствараць новае.
– У справаздачы яшчэ ёсць такая думка: «Выразна адчуваецца адсутнасць усведамлення таго, што ўсе разам – святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі – утвараюць супольнасць аднаго Касцёла”. Як Вы лічыце, чаму?
– Мне падаецца, што, як ужо ўспамінаў вышэй, адсутнасць належнай фармацыі з абодвух бакоў. Але таксама і традыцыйнае меркаванне, што Касцёл – гэта Папа, біскупы, святары і кансэкраваныя асобы. На самай справе, духоўныя асобы – гэта духоўныя кіраўнікі, якія патрэбныя і без якіх Касцёл не зможа ў поўнай меры рэалізаваць сябе. Але Касцёл як Містычнае Цела Езуса складаецца з усіх ахрышчаных, і яны ўсе адказныя за яго. Менавіта гэтага элемента часта не хапае нам.
– “Адносіны паміж святарамі і свецкімі павінны быць больш братэрскімі (…) Святар павінен быць пастырам, а не валадаром”, – пішацца ў справаздачы. Як Вы дзейнічалі ў сітуацыях, калі заўважалі ў парафіях такі стан рэчаў? Падзяліцеся, сваім досведам, калі ласка.
– Я стараўся весці размовы са святарамі і свецкімі вернікамі паасобку, а потым разам. Для вырашэння кожнага канфлікту неабходна выслухаць усе зацікаўленыя бакі.
– Ці можам чакаць, што ардынарыі будуць уключаць у нейкія касцельныя арганізацыі, структуры свецкіх вернікаў па выніках гэтага пастырскага года?
– Спадзяюся, што будуць. Гэта патрабаванне часу і выклік нашаму Касцёлу, на які неабходна адказаць своечасова, бо інакш цягнік Касцёла адыдзе, а мы застанёмся на платформе вакзала.
– На Вашу думку, у якіх кірунках дзейнасці Касцёла ў Беларусі на дыяцэзіяльных узроўнях сёння найбольш не хапае ўдзелу вернікаў?
– У прыняцці і ажыццяўленні пастырскіх планаў, будове і рамонце касцельнай маёмасці, дзейнасці каталіцкіх медыяў і дабрачыннасці, катэхізацыі і евангелізацыі.
– Скажыце, мы часта чуем, што ў Беларусі не хапае святароў. Ці існавалі праекты, ідэі, каб некаторыя кіраўнічыя функцыі, напрыклад, дырэктары Caritas, кіраванне Дамамі пілігрымаў і падобныя іншыя перадаваць свецкім і тым самым вызваляць святароў для непасрэдна душпастырскіх функцый? Ці практыкавалі Вы такі падыход у часы кіравання архідыяцэзіяй?
– Несумненна, свецкія на такіх пасадах могуць паспяхова замяніць святароў. Да сённяшняга дня дырэктарам “Карытас” у Санкт-Пецярбургу працуе свецкая жанчына і выконвае сваю працу вельмі добра. Я яе прызначыў на гэту пасаду больш за 25 гадоў таму.
У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў свой час я прызначыў дырэктарам “Карытас” жанчыну, якая паспяхова працавала доўгі час. Дырэктарам “Радыё Марыя” таксама з’яўляецца жанчына. Выдавецтвам “Pro Christo” таксама кіруе жанчына. Галоўным рэдактарам часопісаў “Ave Maria” і “Наша вера” зноў жа з’яўляецца жанчына. Шмат свецкіх працуе ў дабрачыннасці.
– У справаздачы пішацца, што свецкія хочуць, «каб біскуп быў у першую чаргу пастырам, а не чыноўнікам”, і жадаюць мець да яго “свабодны доступ”. Скажыце, чаму так лічаць вернікі? Якія практыкі маглі б выправіць гэты вынік сінадальнай кансультацыі?
– Такое патрабаванне зразумелае і мае праве мець месца. Кожны павінен мець “свабодны доступ” да біскупа як айца дыяцэзіі. Ён не чыноўнік, але слуга і павінен служыць, а не валадарыць, быць пастырам, а не чыноўнікам. Часы клерыкалізацыі прайшлі беспаваротна. Таму біскуп заўсёды павінен быць адкрыты на дыялог з вернікамі.
– “Свецкія вернікі, паводле часткі адказаў, не маюць магчымасці выказацца ў дыяцэзіі. Больш за гэта, іх голасу ніхто не слухае, а патрэбы ігнаруюцца”, – вось яшчэ адзін з вынікаў у справаздачы. Ці абмяркоўвалася гэта на ККББ? Ці існуе воля біскупаў да зменаў у гэтым кірунку?
– Не памятаю, каб дадзеная праблема абмяркоўвалася на пасяджэннях ККББ. Але ўпэўнены, што вынікі са справаздачы і сам Сінод стануць новым стымулам да выпраўлення гэтай ненармальнай сітуацыі.
– Ці ёсць у Вас мара адносна ўдзелу свецкіх у жыцці Касцёла ў Беларусі? Нейкія канкрэтныя практыкі, падыходы, удзел у працы касцельных інстытутаў?
– Св. Ян Павел ІІ казаў, што Еўропа павінна дыхаць абодвума лёгкімі. Ён меў на ўвазе Заходняе і Усходняе хрысціянства. Мару, каб Касцёл у Беларусі сінхронна працаваў дзвюма рукамі – духоўнай і свецкай. Гэта стане магчыма, калі абодва бакі, узаемна дапаўняючы сябе, будуць адчуваць сваю адказнасць за Касцёл, за яго развіццё і будучыню. Для ажыццяўлення гэтай мэты неабходны больш значны і крэатыўны ўдзел свецкіх у касцельных структурах. Упэўнены, што Касцёл у Беларусі мае дастатковы для ажыццяўлення гэтага задання патэнцыял.
Гутарыў Арцём Ткачук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!