Глыбоцкая «Кропка адліку» адзначыла сваё 17-годдзе

Глыбоцкая «Кропка адліку» адзначыла сваё 17-годдзе. Такую назву носіць група Ананімных Алкаголікаў, якая ўзнікла ў красавіку 2004 года.

На Глыбоччыне пачаўся рух АА па праграме “12 крокаў”.  З той пары людзі, якія хочуць пазбавіцца залежнасці, збіраюцца пры парафіі Святой Тройцы кожную нядзелю.

Усяго праз групу прайшло каля сямі дзясяткаў чалавек: частка засталася ў групе, нехта прыйшоў і пайшоў. Удзельнікі радыя таму, што частцы людзей, што пакутуюць на залежнасць ад алкаголю, удалося дапамагчы весці цвярозы лад жыцця.

Як кажуць удзельнікі гэтага руху, усе алкаголікі з часам кідаюць піць, але некаторыя робяць гэта яшчэ пры жыцці.

На ўрачыстасць у Глыбокае прыбылі ўдзельнікі рухаў АА і Ал-Анон (аб’ядноўвае сваякоў тых, хто пакутуе на залежнасць) з Наваполацка. Яны падзяліліся сведчаннямі са свайго жыцця.

Сяргей з Наваполацка распавёў пра тое, што прыйшоў у групу Ананімных Алкаголікаў яшчэ дзевяць гадоў таму, але на той час не знайшоў там вырашэння сваёй праблемы. Ён працягваў ужываць алкаголь, і да сарака гадоў згубіў усё. Але праз чатыры гады ён зноў прыйшоў у АА.

“Тады я змог спыніцца і зразумець, што мне трэба рабіць, – кажа мужчына,  – Прыйшло разуменне праграмы, у мяне змянілася сістэма каштоўнасцей”. Па словах Сяргея, у яго на першым месцы было ўласнае “Я”, і яму трэба было перамагчы гэты эгаізм. Ён знайшоў сябра, які ў свой час таксама сутыкнуўся з падобнай праблемай. Той і паказаў яму, як трэба працаваць з праграмай “12 крокаў”.

Гэта не было проста, але ў хуткім часе дало свой плён – жаданне ўжываць алкаголь адступіла, хаця раней ён безвынікова пераспрабаваў на сябе розныя медычныя спосабы і сродкі. Як кажа Сяргей, прайшло два гады, калі ён стаў падобны да нармальнага чалавека. Але ён ніколькі не шкадуе, што стаў на гэты шлях:  “Я зараз у стане цвітучай ружы, бо я навучыўся жыць так, як прапануе праграма АА. Трэба было навучыцца аналізаваць свае недахопы, рабіць самааналіз, прызнаць той урон, які нанёс людзям, старацца дапамагчы іншым алкаголікам. І калі ты ўсё гэта разумееш, то адчуваеш сябе проста супер!”

Таксама на сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі руху Ал-Анон, які аб’ядноўвае сваякоў і сяброў алкаголікаў. Бо такія людзі таксама сутыкаюцца з праблемай, якая называецца сузалежнасцю. Імкнучыся па свойму дапамагчы блізкаму чалавеку, яны часта наносяць яму больш шкоды.

Ала з Наваполацка распавяла, што ў свой час у яе развальваўся шлюб, хоць яны з мужам пражылі больш за 35 гадоў. “Я вяла сябе як выратавальнік, а ён, не ведаючы, як пагасіць праблемы, працягваў ужываць, – сведчыць жанчына, – Ён заходзіў у запой, а я вырашала ўсе праблемы з дзецьмі, з ежай, бытам, вяла сябе як ахвяра.  У мяне была крыўда на ўсё навокал. Гэта ўсё прывяло мяне да жорсткай сузалежнасці”. Але шэсць гадоў таму яна трапіла на да такіх людзей, як сама, і гэтыя людзі дапамаглі ёй стаць на шлях пазбаўлення ад сузалежнасці.

Калі яна празнала праблему, то яе ўласнае “Я” адыйшло як бы ў бок. З часам прыйшлі і вынікі, яе муж перастаў ужываць: “Зараз я бачу радасць кожнага дня, якую мне дорыць вышэйшая сіла, каб я была шчаслівая і рабіла шчаслівымі тых, хто навокал мяне”.

Ганна, што таксама жыве ў Наваполацку, сутыкнулася з падобнай праблемай і доўга шукала, куды ёй пайсці. Яна шукала спосабы, як ёй вылечыць мужа. Для гэтага яна прымяняла розныя метады: страшыла яго, цягала па ўрачах. Муж нейкі час не піў, потым зноў заходзіў у запой. Ганна лічыць, што для гэтага ў яго былі ўсе ўмовы: ён меў сродкі, у лядоўні заўсёды была ежа, адзенне было памытым, смецце вынесенае. Прычынаў, каб адмовіцца ад піцця, у яго не было.

“Калі я прыйшла ў Ал-Анон, то зразумела, што яго праблемы я вырашыць не змагу, я павінна рашаць свае праблемы, – сведчыць Ганна, –  Без гэтага б прыходу я б так і тапталася на месцы. Я змагалася не з хваробай мужа, а з ім самім. Потым я зразумела, што побач са мной выдатны чалавек, які ў стане справіцца са сваёй хваробай”. І гэта падзейнічала.

Яшчэ адна жанчына распавяла, што ў Ал-Анон яна трапіла дзякуючы сыну, які прыйшоў у рух АА. “І хоць ён не адразу кінуў піць, у нас з’явіліся давяральныя адносіны. Праграма для мяне працуе,” – кажа жанчына.

На сустрэчы прысутнічала і ўрач з Глыбокага Людміла. “Чаму я тут? Бо алкагалізм – гэта хвароба, значыць, медычныя ўстановы павінны ёй займацца, – кажа яна, – Я вельмі хачу, каб у нас ствараліся ўмовы для здаровага ладу жыцця. Калі стваралася гэта група, я стаяла ў яе вытокаў. Я зразумела, што гэта дзейны метад”. Спадарыня Людміла лічыць, што для гэтага трэба больш інфармаваць грамадства, каб звычайныя людзі мелі ўяўленні пра рух АА, не лічылі гэта нейкай сектай.

Частка групы Ананімных Алкаголікаў працуюць пры розных рэлігійных арганізацыях. Але ўдзельнікі АА перасцярагаюць, што іх рух нельга звязваць з рэлігійнасцю. У гэтым руху прысутнічаюць людзі розных веравызнанняў і канфесій, ёсць і атэісты. “Вера ў Бога, вядома, нам дапамагае, – кажуць удзельнікі сустрэчы. –  У нас гэта называецца шырэй – вера ў вышэйшую сілу. Бо не ўсе людзі рэлігійныя. Але гэта рэальна дапамагае, і гэта галоўнае”.

Таму напрыканцы хочацца пажадаць групе “Кропка адліку” і ўсім падобным групам поспехаў у іх дзейнасці, у іх змаганні супраць розных залежнасцей, каб чалавек заставаўся заўсёды чалавекам.

Зміцер Лупач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі