Сярод пытанняў, якія чытачы “Каталіцкага весніка” задаюць аўтару нашай моўнай старонкі, нярэдка сустракаюцца і тыя, што датычаць дакладнасці словаўжывання, правільнасці выбару канкрэтнай лексічнай адзінкі ў адпаведнай маўленчай сітуацыі. Бо часта здараецца так, што пэўныя словы трактуюцца як сінанімічныя, узаемазамяняльныя, хоць насамрэч такімі не з’яўляюцца.
Нагодай для сённяшняга культурамоўнага матэрыялу стаў допіс нашай чытачкі з Браслаўшчыны спадарыні Ганны. Яна, у прыватнасці, пытаецца пра ўжыванне ў літаратурнай мове дзеясловаў апынуцца і аказацца. “На маю думку, – дзеліцца з намі сп-ня Ганна, – слова “аказацца” – не беларускае. Але я чую яго нават ад маёй знаёмай настаўніцы беларускай мовы. Напрыклад, усё гэта аказалася падманам, няпраўдай… Як аказалася, хлопец нічога пра гэта не ведаў… Дык у гэтых сказах, – працягвае сп-ня Ганна, – трэба замест дзеяслова “аказалася” выкарыстоўваць дзеяслоў “апынулася”. Ці не так?”
І сапраўды, вельмі слушнае пытанне. Тым больш, што два названыя дзеясловы з высокай частотнасцю ўжываюцца ў штодзённай камунікацыі. Таму паспрабуем разабрацца, як павінна быць, як правільна сказаць па-беларуску.
Дзеяслоў аказацца мае наступныя значэнні: 1. Стаць, з’явіцца ў рэальнасці (Яна аказалася добрай настаўніцай); 2. Знайсціся, быць у наяўнасці (Ліў моцны дождж, усе былі мокрыя і брудныя, а чыстага адзення, каб пераапрануцца, не аказалася); 3. Падаць голас, вестку, азвацца, загаварыць (Калі б малы не аказаўся, не заплакаў, дык яго б ніхто і не заўважыў). Можна меркаваць, што ў апошнім прыведзеным значэнні лексема аказацца ўжываецца адносна рэдка і пераважна ў мастацкіх тэкстах.
Дзеяслоў апынуцца традыцыйна выкарыстоўваецца са значэннем “трапіць куды-небудзь, знаходзіцца ў нейкім становішчы” (Толькі позна ўвечары мы апынуліся дома; Цяпер яны зразумелі ўсю небяспеку, у якой апынуліся; Так сталася, што жанчыны апынуліся ў няволі). Адзначым таксама, што слова апынуцца ўваходзіць у склад устойлівых канструкцый, якія дастаткова часта ўжываюцца ў публіцыстычным і мастацкім стылях. Напрыклад, апынуцца за бортам – “быць выключаным з якой-небудзь справы (Праз год Міхал апынуўся за бортам: фірма паспяхова працягвала працаваць без яго); апынуцца на розных берагах – “разысціся ў поглядах, перакананнях з кім-небудзь” (Праз нейкі час нядаўнія сябры апынуліся на розных берагах: Лявон застаўся на ранейшай працы, а Мікола заснаваў сваю справу і не падтрымліваў з учорашнім прыяцелем ніякіх сувязяў); апынуцца за дзясятаю гарою – “быць у вельмі далёкім месцы” (У хуткім часе ўся сям’я апынулася за дзясятаю гарою – ажно ў Амерыцы).
Як бачым, абодва дзеясловы – аказацца і апынуцца – цалкам беларускія. Але пры блізкасці іх значэння яны не з’яўляюцца абсалютна сінанімічнымі, узаемазамяняльнымі. Адказваючы на пытанне нашай чытачкі спадарыні Ганны, заўважым, што яе знаёмая настаўніца мела рацыю (як і належыць настаўніцы!), бо канструкцыі “ўсё гэта аказалася падманам, няпраўдай… Як аказалася, хлопец нічога пра гэта не ведаў…” цалкам адпавядаюць літаратурным нормам, яны правільныя.
Спадзяёмся, што прапанаваны матэрыял дапаможа пазбегнуць памылак у далейшым пры выкарыстанні двух названых дастаткова частотных дзеясловаў. А гэта дазволіць аматарам беларускага слова не апынуцца ў нейкай няёмкай сітуацыі.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!