2 кастрычніка ў парафіі Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне (Глыбоцкі дэканат) адбылася доўгачаканая падзея — у святыню прыбылі спісы Марыйных абразоў, якія з 2020 года пілігрымуюць па парафіях Беларусі. Гэтая перэгрынацыя, ініцыяваная кс. прэлатам Уладзіславам Завальнюкам, стала для мясцовай супольнасці сапраўдным духоўным святам.
«Так доўга чакалі мы сённяшняга дня — прыйсця Панны Марыі ў нашу парафіяльную супольнасць, — звярнуўся да вернікаў мясцовы пробашч кс. канонік Валерый Орсік. — А яшчэ больш напэўна чакалі кс. пралата Уладзіслава, які калісьці распачынаў з руін выводзіць гэтую святыню, каб мы сёння мелі магчымасць у такіх утульных умовах маліцца. Таму велізарная радасць у сэрцах кожнага з нас, радасць ад сустрэчы з Маці Божай у перэгрынацыі спісаў абразоў».
Для самога кс. Уладзіслава Завальнюка гэты візіт стаў асабліва кранальным момантам, які вярнуў яго ў часы станаўлення парафіі. «Каб не расплакацца, але для мяне ў гэтай святыні сёння, як прыміцыйная Імша, — падзяліўся святар. — Тады была Імша на ганку паміж калонамі, калі не было даху, а толькі руіны. Сёння я другі раз заходжу ў гэты касцёл. У тыя часы маліліся на могілках, бо тут немагчыма было. Першы крок быў — Імша на парозе, а сёння праз 40 з лішнім гадоў служу Ахвяру св. Імшы ў гэтай велічнай, вамі адноўленай, святыні. Я дзякую Богу за гэтую ласку, што Маці Божая мяне сюды прывяла».
Перэгрынацыя спісаў цудадзейных абразоў Багародзіцы з беларускіх санктуарыяў распачалася ў 2021 годзе і за гэты час наведала мноства парафій краіны і нават пабывала за мяжой. Для Дзеркаўшчыны, якая ў 2025 годзе адзначыла 35-годдзе рэкансэкрацыі касцёла, гэтая падзея стала чарговым сведчаннем жывой веры і еднасці мясцовай супольнасці.
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!























