У Дзеркаўшчыне з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адзначылі 35 год рэкансэкрацыі касцёла

9 мая, калі адзначаецца 80-цігоддзе перамогі ў Другой сусветнай вайне, арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у Дзеркаўшчыне ўзначаліў набажэнства з нагоды 35-годдзя рэкансэкрацыі (аднаўлення дзейнасці) касцёла Унебаўшэсця Пана, што было знакам перамогі Хрыста з ваяўнічым атэізмам. 

Шаноўнага госця вернікі сустрэлі з хлебам-соллю перад святыняй.

На самым пачатку Імшы мясцовы пробашч кс. канонік Валерый Орсік прывітаў прысутных святароў і вернікаў і адзначыў, што 35 год таму, 15 мая 1990 года, пасля аднаўлення касцёла арцыбіскуп Тадэвуш паўторна асвяціў гэту святыню. “Стэнды з фотаздымкамі нам пра гэта нагадваюць. Сёння Бог дае нам шанец перажыць гэтую ўрачыстасць разам. Нашыя сэрцы напаўняюцца радасцю, што арцыбіскуп нягледзячы на стан здароўя і час, ахвяроўвае Богу і людзям сваё вернае служэнне.”

На пачатку Літургіі адбылося асвячэнне алтара пад табэрнакулюм. “Мы цешымся, што наша святыня праз прыгажосць стварае атмасферу пяшчоты, спагадлівасці і малітоўнага настрою”, — адзначыў пробашч і распавёў, што пасярэдзіне алтара ўмацаваны крыж з каласамі. Гэта рэліквія пачатку існавання касцёла ў Дзеркаўшчыне. На жаль, гэта адзінае, што на сённяшні дзень удалося знайсці.

У гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш падкрэсліў, што асвячэнне касцёла 35 гадоў таму стала вялікім днём у жыцці мясцовых католікаў і ўсяго Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне.

З 1965 года як касцёл быў зачынены, перададзены пад зернясховішча і нават зняважаны, ён усё роўна прадаўжаў выконваць сваю евангелізацыйную місію. Яго руіны прыцягвалі да сябе позіркі людзей і яны задумваліся аб вечным. У той складаны час, калі было забаронена абвяшчэнне Божага слова, прамаўляла архітэктура гэтага касцёла з надзеяй, што часы зменяцца і настане свабода веравызнання.

Вось так выглядала святыня ў тыя часы

І яна прыйшла. У 1989 годзе напаўразбураная святыня была вернутая парафіі і адноўленая за дзесяць месяцаў.

Сёння дзякуем Богу і тым, хто змагаўся за яго вяртанне і аднаўляў. Гэта, перш за ўсё, парафіяльная супольнасць пад кіраўніцтвам сучаснага ардынарыя дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку біскупа Кірыла Клімовіча і ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка.

Апошнія 35 гадоў дзейнасці гэтага касцёла – гэта гісторыя шляху многіх людзей да веры. Калі б сцены гэтага аазіса духоўнага жыцця ў пустыні бездухоўнасці маглі гаварыць, то расказалі б шмат кранальных гісторый навяртання чалавека да Бога.

«Але спыняцца на дасягнутым нельга. Выклікі часу патрабуюць маральнага адказу. Таму неабходна будаваць Божы Касцёл у нашых сэрцах і душах. Калі хмарачосы, якіх з кожным днём становіцца ўсё больш, цягнуцца да аблокаў, то храм – да нябёсаў», — адзначыў іерарх.

Напрыканцы Імшы са словамі падзякі да арцыбіскупа звярнулася Ірына Дземідовіч, якая 35 год таму 15 мая вітала біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў адноўленай святыні.

Пасля бласлаўлення адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту. Разам памаліліся Літаніяй да святога Мікалая, а потым прайшлі святочнай працэсіяй вакол касцёла.

На вуліцы вернікаў чакаў яшчэ салодкі пачастунак і канцэрт мясцовых артыстаў.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку