24 чэрвеня ў парафіі св. Ганны ў Мосары адбыўся традыцыйны фэст у гонар св. Яна Хрысціцеля. На ўрачыстасць сабраліся мясцовыя вернікі і госці.
Пробашч парафіі кс. Марат Казлоўскі прывітаў прысутных і падкрэсліў, што ў гэты няпросты час вельмі патрэбныя моц і заступніцтва св. Яна – найбольшага сярод святых, якія жылі на зямлі. Таксама заахвоціў маліцца за святароў, жывых і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць. З удзячнасцю ўзгадаў кс. Ёзаса Бульку і кс. Дзмітрыя Барылу.
Эўхарыстыю цэлебраваў кс. Ян Крэміс, які паходзіць з гэтай парафіі.
Гамілію прамовіў кс. Дзмітрый Рацько. Святар звярнуў увагу на рысы св. Яна, якія варта наследваць сучасным вернікам, — адвагу, пакору і вернасць. Па словах кс. Дзмітрыя мы павінны быць “Янамі”у сучасным свеце, быць голасам Бога, быць сведкамі Хрыста. Кожны чалавек атрымаў канкрэтную місію ад Бога, каб быць апосталам і прыводзіць да Хрыста як мага больш людзей. Трэба маліцца, каб распазнаць сваю місію і служыць Касцёлу праз дапамогу святарам, рэалізоўваць свае здольнасці на хвалу Бога.
Набажэнства да св. Яна Хрысціцеля правёў кс. Мікалай Ціхановіч.
Пасля адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол касцёла. Завяршылася ўрачыстасць спевам “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Алена Пажога, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
























