На першы погляд, кінастужка, пра якую сёння пойдзе размова, – звычайная драма сярод шэрагу іншых. Невялікі бюджэт, невядомыя акцёры, банальны сюжэт. Так здаецца на першы погляд. Але варта толькі заглыбіцца ў сэнс фільма – і ён становіцца блізкім кожнаму хрысціянскаму сужэнству.
Галоўныя героі – Калеб і Кэтрын Хольт. Калеб Хольт – мужны капітан пажарнай каманды. Гэта моцны і смелы мужчына з цвёрдым жыццёвым прынцыпам: “Ніколі не пакідай таварыша ў бядзе”.
Кэтрын – маладая і прыгожая жанчына, якая працуе ў шпіталі. Там яна чулая, пяшчотная і адкрытая на патрэбы людзей.
Усё змяняецца, калі муж і жонка адчыняюць дзверы свайго дома. Тут забываюцца прынцыпы, правілы і прыстойныя паводзіны. Пачынаюцца сваркі, непаразуменні, узаемныя прытэнзіі. Калебу і Кэтрын ёсць што сказаць адно аднаму, але ніхто з іх не гатовы паслухаць і пачуць сужэнца.
Цікавым момантам з’яўляецца тое, што Кэтрын гатовая да разводу, а вось Калеб прыкладае намаганні, каб уратаваць шлюб. Мужчына звяртаецца па параду да бацькі, а той дае цікавую рэч – рукапісны штодённік з парадамі на сорак дзён. Напачатку Калеб ставіцца да заданняў скептычна. Але бацька вельмі просіць паспрабаваць, зрабіць прынамсі першы крок.
Глядач можа сказаць: “Ну вось, зараз і пачнецца салодкая казачка. Ён выконвае заданні, сэрца Кэтрын змякчаецца, шлюб ратуецца”. Не. І менавіта гэта прыцягвае цікаўнасць да кінастужкі. Сям’я праходзіць праз шматлікія выпрабаванні. Заданні ўспрымаюцца ў штыкі, Кэтрын не разумее, чаму муж раптам пачаў паводзіць сябе зусім па-іншаму. А перад Калебам стаіць выбар: здацца, кінуць, прызнаць паражэнне або ісці далей. Якое рашэнне прыме мужчына? Што будзе рабіць? Дзе знойдзе сілы? Адказы на пытанні ў фільме.
Калеб – вогнетрывалы чалавек. Не толькі таму, што не баяўся ісці ў памяшканні, ахопленыя агнём, але і таму, што змог перамагчы агонь непаразумення, агонь сваіх эмоцый і схільнасцяў да граху. Галоўны герой не быў ідэальным чалавекам, ён проста выбраў шлях, а потым мужна ішоў, нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні.
Пра што яшчэ можна паразважаць падчас прагляду? Ну, напрыклад, пра тое, як важна знайсці свой аўтарытэт, што такое сапраўдны гераізм. А таксама пра людскую крывадушнасць, якую проста неабходна вучыцца заўважаць, каб не трапіць у пастку.
Напрыканцы кінастужкі на сэрца кладзецца важная думка: ніколі нельга спыняцца, асабліва падчас першых перамог, заўсёды трэба ісці наперад.
Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!