“Я Тэмпл Грэндзін і ў мяне аўтызм”. Так распачынаецца кінастужка пра самую знакамітую ў свеце жанчыну-аўтыстку. Сёння амерыканка Тэмпл Грандзін – доктар заалагічных навук, вядучы сусветны спецыяліст у галіне жывёлагадоўлі і праектавання жывёлагадоўчага абсталявання.
Кінастужка пабачыла свет у 2010 годзе і распавядае пра нялёгкі шлях незвычайнай дзяўчыны, якая, пераадольваючы сябе, дасягае сапраўдных вышыняў. Фільм называюць “помнікам вялікай жанчыне пры жыцці”. У адрозненні ад шматлікіх біяграфічных кінастужак, “Тэмпл Градзін” дастаткова высокабюджэтная карціна з годнай кінематаграфічнай якасцю. Яна была вылучаная ў 15 намінацыях на прэстыжную тэлевізійную прэмію «Эмі» і выйграла сем статуэтак, уключаючы ўзнагароду ў катэгорыі «Найлепшы міні-серыял або фільм на тэлебачанні».
Трэба сказаць, што гісторыя Тэмпл распачынаецца ў 1951 годзе, калі маці прывяла сваю чатырохгадовую дачку да доктара. Дзяўчынка не размаўляла, не ішла на кантакт, паводзіла сябе вельмі нетыпова для дзіцяці. Медыцына таго часу не мела методык працы і лекавання аўтызму. Замест дапамогі, маці Эўстасія атрымала абвінавачванні і параду аддаць дачку ў спецыяльны інтэрнат.
У гэтай кінастужцы, апроч галоўнай гераіні, вельмі ярка адлюстраваная роля маці. Гэта не проста жанчына, якая любіць і прымае дзіця такім, якое яно ёсць. Яна вучыцца жыць з асаблівай дачкой і дапамагае ёй у самай складанай справе: быць у соцыуме.
Тэмпл вырасла з інтэлектуальнымі здольнасцямі, якія перавышалі здольнасці равеснікаў. Але так і засталася незвычайнай дзяўчынай з цяжкасцямі ў сацыялізацыі: ёй цяжка сярод гучных кампаній, яна не можа падтрымаць моладзевыя тэмы і захапленні, не разумее выразаў у пераносным значэнні, вельмі здзіўляе выкладчыкаў і аднакурснікаў. Не кожны згаджаецца і гатовы працаваць і мець стасункі з незвычайнай такой вучаніцай, але тыя, хто ідзе на такі крок, становяцца сведкамі сапраўдных навуковых адкрыццяў.
З дзяцінства Тэмпл выдумляла розныя вялікія і малыя вынаходніцтвы, любіла свойскую жывёлу. У каледжы яна знайшла “агульную мову” з самым дзікім і свавольным канём, а на ферме свайго дзядзькі часта назірала за каровамі і быкамі. Дарэчы, на ферме было прыстасаванне, якое дапамагала жывёле супакойвацца. Тэмпл, правёўшы дасканалыя даследаванні, прыдумала, як такое прыстасаванне выкарыстаць для людзей.
Пасля заканчэння каледжа дзяўчына ідзе працаваць на бойню. Там пачынаецца самае цікавае і самае складанае. Што менавіта? Глядач даведаецца падчас прагляду.
Паглядзеўшы біяграфію адной незвычайнай жанчыны, можна задаць сабе пытанні: “Як я гляджу на людзей, каторыя па-іншаму бачаць свет? Ці ўмею прымаць іншага чалавека, нават калі яго паводзіны мяне здзіўляюць? Ці не раблю я жорсткім сэрца ў адносінах да людзей, што жывуць побач?”
Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!