Фільм “Рыплі”

Праз чатыры гады пасля забойства Рануча Тамасоні ў Рыме Караваджа ўсё яшчэ быў ва ўцёках. У гэты перыяд, магчыма, у апошні год свайго жыцця, у 1610 годзе ён напісаў свайго “Давіда з галавой Галіяфа”. На карціне Караваджа стварае сувязь між забойцам і ахвярай, выяўляючы Давіда спачувальным, нават тым, які любіць, калі меркаваць, як ён глядзіць на адсечаную галаву Галіяфа. І ён робіць гэтую сувязь яшчэ мацнейшай, узяўшы сябе ў якасці мадэлі для абодвух. У іх твар Караваджа: малады і стары.

Экскурсавод запрашае наведвальнікаў музея перайсці ў наступную залу, але мужчына сярэдніх гадоў затрымліваецца ля карціны і доўга і пільна яе разглядае. Яшчэ і года не прайшло, як ён, Том Рыплі, жыў у Нью-Ёрку, ледзь зводзіў канцы з канцамі і перабіваўся дробным махлярствам. Але аднойчы на яго выходзіць багаты суднабудаўнік містар Грынліф. Ён прызнае ў Тому сябра свайго сына Дзікі і гатовы добра яму заплаціць, каб той паехаў у Італію і пераканаў Дзікі вярнуцца дамоў пасля доўгіх гадоў, праведзеных за мяжой. Рыплі бярэцца за гэтую справу, але, спаткаўшы Дзікі і ўбачыўшы яго прыгожае бесклапотнае жыццё, Том вырашае і сам застацца ў Італіі.

З кожным днём яму ўсё больш падабаецца жыццё Дзікі, і ён становіцца апантаным ідэяй заняць яго месца – літаральна, стаць ім. І дзеля гэтай сваёй мэты ён не збіраецца спыняцца ні перад чым – ні перад хлуснёй, ні перад крадзяжом, ні перад забойствам.

Кніга Патрыцыі Хайсміт “Таленавіты містар Рыплі” зведала дзве экранізацыі – у 1960 і 1999 гадах, аднак Стывен Зеліян, сцэнарыст, які праславіўся працай над “Спісам Шындлера”, прапануе новае бачанне гэтай гісторыі ў сваёй васьмісерыйнай карціне. Яго містар Рыплі ўжо немалады, яго жыццё манатоннае, яно працякае ў марудным тэмпе і чорна-белых танах, поўнае безэмацыйнасці і халоднай эстэтыкі. Уласна і сам герой тут больш не жарсны жыццялюб, а сацыяпатычны чалавек, адзіная прага якога – валодаць прыгажосцю: ад скрадзенай ім у Дзікі дарагой ручкі да палатна Пікаса.

Новы Рыплі таксама ідзе шляхам злачынца і забойцы, але ў яго злачынствах няма жарсці, ён проста сацыяпатычна прыбірае перашкоды на сваім шляху да прыгожага жыцця. Здавалася б, якая можа быць цікавасць да такога малапрыемнага персанажа, аднак сцэнарнае і рэжысёрскае майстэрста, праца з дэталямі ў кадры, а таксама шматгранны талент акцёра Эндру Скота пераварочваюць гульню. І замест агіды глядач пачынае міжволі калі не сімпатызаваць, то спачуваць злачынцу. Кожны промах Рыплі, кожная яго памылка і пакінутая ўліка – а яго злачынствы не вызначаюцца ні акуратнасцю, ні прадуманасцю – выклікаюць хваляванне, прымушаюць шчыра перажываць за персанажа і жадаць яму не трапіцца ў рукі правасуддзя.

Адной з галоўных перавагаў карціны з’яўляецца яе бездакорная эстэтыка. Для здымкаў серыяла Стывен Зеліян запрасіў не менш славутага аператара Роберта Элсвіта. У яго аб’ектыве яркая сонечная Італія пераўтвараецца ў кантрасную і манахромную, а дасканала пастаўленыя кадры адсылаюць да старога нуарнага кіно ці нават да чорна-белага мастацкага фота. Адсутнасць колеру стварае асаблівы акцэнт на фактурах і формах, на цеснаце і прасторы, на запоўненасці дробязямі і гулкай пустаце. Шурпатыя сцены і брук амаль што паддаюцца дотыку, бясконцыя звілістыя лесвіцы хаваюцца ў цені дамоў, а шырокія плошчы з малочна-белымі статуямі залітыя бясколернымі сонечнымі промнямі, залы музеяў і скляпенні храмаў поўныя плямаў святла і ценю, а свінцовыя хвалі Міжземнага мора разбіваюцца аб вугальныя скалы Сан-Рэма. І нават чорныя плямы крыві кідаюцца ў вочы мацней, чым ярка-пунсовыя.

Манахромнасць выявы сярод іншага акцэнтуе ўвагу на сімвалізме, якім прасякнутая карціна. Звілістасць лесвіц, раздваенні дарог, паўсюдныя адлюстраванні – у шкле, у люстэрку, у вадзе – цень героя, які то ўцякае ад яго, то пераследуе. Сімвалічныя падваенні і адлюстраванні, кантрасты рэзкага і размытага, святла і ценю становяцца падмуркам аднаго з цэнтральных вобразаў фільма – вобразу Рыплі як своеасаблівага адлюстравання славутага мастака Мікеланджэла да Караваджа.

Сваю славу ён атрымаў як адзін з самых уплывовых мастакоў свайго часу, як рэфарматар еўрапейскага жывапісу, вядомы рэзкім супрацьпастаўленнем святла і ценю ў сваіх працах. Аднак быў ён яшчэ і дэбашырам, п’яніцам, распуснікам і ўрэшце забойцам. Напачатку сувязь між славутым італьянскім мастаком і дробным амерыканскім аферыстам прасочваецца толькі ў цікавасці апошняга да карцін першага, але чым далей развіваецца сюжэт, тым больш іх вобразы дваяцца і пераплятаюцца. Рыплі становіцца нібы халодным, безэмацыйным, чорна-белым адлюстраваннем гарачага і жарснага генія. Абодва яны здзяйсняюць забойства, абодва намагаюцца пазбегнуць пакарання, мастак пускаецца на ўцёкі і памірае ва ўзросце 38 гадоў. І прыблізна ў тым жа ўзросце пачынаецца гісторыя Рыплі ў гэтай гісторыі.

Яднаюць іх і месцы падзей. Калі Рыплі здзяйсняе чарговае забойства, ён вывозіць цела ахвяры на Апіеву дарогу, па якой за тры з паловай стагоддзі да таго імчыць на кані Караваджа, уцякаючы ад пераследу. Аднак апагеем гэтага двайніцтва становіцца адна з найлепшых сцэн карціны, дзе Рыплі выкарыстоўвае гульню са святлом і ценямі, каб выдаць сябе за іншага чалавека і такім чынам пазбегнуць арышту.

Праз усе гэтыя вобразы праглядвае і яшчэ адна тэма: талент і злачынства, якія суіснуюць у чалавеку, як святло і цені. Аўтар не раз паказвае гледачу працы геніяльнага мастака, але ў кадр трапляе і чорная кроў на яго кінжале. А яшчэ аўтар прыбірае слова “таленавіты” з назвы рамана, пакідаючы ў загалоўку серыяла адно прозвішча – “Рыплі”. Але што гэтым хацеў сказаць аўтар, якое пытанне хацеў задаць – вырашаць гледачу.

Стах Лысы

для друку для друку