Фільм “Пыха і перадузятасць”

Раман Джэйн Осцін “Пыха і перадузятасць” быў і застаецца адным з найбольш вядомых і папулярных твораў англійскай і сусветнай літаратуры. Яго папулярнасць стала нагодай для дзясятка кіна- і тэлеадаптацый, а таксама спарадзіла цэлы шэраг пераасэнсаванняў, твораў па матывах і нават пародый. Аднак узорнай экранізацыяй застаецца вельмі набліжаны да тэксту рамана шасцісерыйны фільм BBC, які з часам набыў статус культавага. Сёлета ён адзначае сваё 30-годдзе, і гэта добрая нагода ўзгадаць, што стала прычынай такога поспеху, і зноў пагрузіцца ў гэты свет або далучыцца да яго ўпершыню.

Галоўная гераіня – Элізабэт – адна з пяці дачок небагатага правінцыйнага памешчыка містэра Бэнэта. На жаль, у сямействе няма ніводнага сына, таму ў выпадку смерці містара Бэнэта ўся іх маёмасць пяройдзе далёкаму сваяку па мужчынскай лініі. Калі па суседстве з’яўляюцца багаты джэнтльмен містар Бінглі і яго сябар, загадкавы і яшчэ багацейшы містар Дарсі, місіс Бэнэт пачынае мець вялікія надзеі на выгаднае замужжа хаця б адной са сваіх дачок. Бо “ніхто не будзе аспрэчваць ісціну, што любы заможны халасцяк мае патрэбу ў жонцы”.

На сучаснае вока сюжэт кнігі, а следам і сцэнарый могуць здацца простымі і немудрагелістымі. Як уласціва творам Осцін, ужо з першых старонак становіцца ясна, хто з кім ажэніцца, і што пасля шэрагу выпрабаванняў усіх станоўчых персанажаў чакае шчаслівы канец. Такі матэрыял становіцца вялікім выклікам для аўтараў экранізацый, бо, перадаўшы няхітры тэкст рамана, трэба знайсці тое, што зробіць фільм асаблівым. І карціна 1995 года можа пахваліцца цэлым шэрагам такіх творчых удач і знаходак.

Перш за ўсё, хочацца адзначыць дакладнае траплянне ў тон рамана. Пакуль іншыя экранізацыі бачаць у гэтым тэксце чыста любоўную гісторыю або факусуюцца на элементах сацыяльнай драмы ці пераходзяць у з’едлівую сатыру, гэты фільм вытрымлівае іранічны настрой. Мы быццам бачым гісторыю вачыма Элізабэт, жыццярадаснай дзяўчыны, якая знаходзіць задавальненне ў іранізаванні над навакольнымі, але робіць гэта бяззлосна і з гумарам. І фільм следам за ёй напаўняецца святлом, высакароднасцю і дасціпнасцю.

У творы, які трымаецца не столькі на сюжэце, колькі на персанажах, вырашальную ролю іграе падбор акцёраў, і гэта адна з найярчэйшых пераваг серыяла. Пасля таго арыстакратызму і напышлівай велічы, якія дэманструе Колін Фёрт, і жывасці, кемлівасці і “цудоўных разумных вачэй” Джэніфер Эль, больш не хочаш нікога бачыць у гэтых ролях. Аднак справа не заканчваецца на трапным выбары галоўных герояў. Практычна кожны персанаж другога плану мае сваю заўважную адметнасць і глыбока пагружаны ў вобраз. Запамінаюцца і іранічныя грымасы містара Бэнэта, які знаходзіць сховішча ад недалёкай жонкі і дачок у бяззлосных кпінах; і яркая, прыпраўленая гумарам істэрычнасць місіс Бэнэт; і ліслівыя да камізму манеры містэра Колінза. Акцёры не толькі выдатна трапляюць у кніжныя вобразы, але і раскрываюць сваіх персанажаў праз дробныя дэталі паводзін, праз жэсты і міміку, і часам адыгрываюць сцэны аднымі вачыма.

Хоць серыял і дакладна ідзе за тэкстам кнігі, аднак нельга не адзначыць і сцэнарныя знаходкі. Гэта як дробныя камічныя эпізоды. Чаго варта адна толькі сцэна сутыкнення Лідыі і містара Колізна на лесвіцы! Так і даволі моцна пераробленыя сюжэтныя хады. Цікава, што менавіта такія, дададзеныя ад сябе фрагменты і сталі найбольш культавымі і запамінальнымі. Гэта і шматлікія сцэны з жыцця містара Дарсі, якога ў кнізе мы бачым толькі вачыма Элізабэт, і ніколі не застаём аднаго. Гэта і сцэна вячэры ў Пэмбэрлі, дзе галоўныя героі абменьваюцца такімі выразнымі гаваркімі позіркамі. І, безумоўна, знакаміты эпізод сутыкнення містара Дарсі з Элізабэт у яго маёнтку, які стаў своеасаблівай візітнай карткай серыяла.

Ёсць яшчэ адна рэч, якую можна не прыкмеціць, але якая істотна ўзмацняе ўражанне: гэта майстарская праца з глыбокімі планамі і прадуманыя мізансцэны. Вось героі на першым плане вядуць нетаропкую гутарку, а тым часам на іх фоне жыццё ідзе сваім парадкам: нехта танчыць, нехта размаўляе, і прыглядзеўшыся, ты бачыш, хто і з кім, і гэта ўсё не выпадковыя пары. Па выразах твару, міміцы і жэстах можна нават здагадацца, пра што вядзецца гаворка. Вось місіс Бэнэт скардзіцца місіс Філіпс на містара Бінглі, які “так жахліва абышоўся з яе дачкой”. Вось Лідыя нават на заднім плане не перастае заігрываць з афіцэрамі, а вось Мэры высакапарнымі павучальнымі фразамі спрабуе спадабацца містару Колінзу.

Часта ў кіно, а асабліва ў тэлепастаноўках, ты мусіш быць сканцэнтраваны на першым плане, ты павінен назіраць за словамі і дзеяннямі галоўных герояў, і варта на секунду адвесці позірк – і ўбачыш усю тэатральнасць пастаноўкі і картон дэкарацый. Але тут не так: сярэдні і задні планы жывуць сваім уласным жыццём, і гэта стварае эфект сапраўднасці і глыбокага пагружэння не толькі ў сюжэт “Пыхі і перадузятасці”, але і ў сам свет Джэйн Осцін. На дзіва светлы і ўтульны свет, у які хочацца вяртацца зноў і зноў.

Стах Лысы

для друку для друку