Кінастужка “Мой дзікі сябар” пабачыла свет летам 2024 года. Прагляд гэтага фільма стане добрым і цікавым часам для ўсёй сям’і.
Галоўны герой – Саша Меньшыкаў – вучыцца ў сёмым класе. Яго маці – знакамітая даследчыца, якая павінна паехаць у чарговую экспедыцыю на некалькі месяцаў. Дзіўна, што жанчына ратуе дэльфінаў, але зусім не разумее, наколькі глыбока перажывае адзіноту яе сын.
Саша вымушаны жыць у цёткі і вучыцца ў новай школе, дзе сутыкаецца з непаразуменнем і здзекамі з боку аднакласнікаў. Сум і адчуванне адкінутасці вымушаюць хлопца шукаць месцы для прыгодаў. Гэтым месцам становіцца вялікі лес. Саша гуляе тут у адзіноце, насалоджваецца краявідамі, слухае чароўную мову дрэваў і чытае кнігу.
Дарэчы, кніга гэтая не зусім звычайная. Хлопчык захапіўся найбольш вядомай аповесцю Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”. Той, дзе галоўны герой наведвае розныя планеты ў космасе, разважае пра жыццё і чалавечую прыроду, а яшчэ сустракае незвычайнага сябра – ліса…
І вось гісторыя маленькага прынца і маленькага хлопчыка становяцца падобнымі… Аднойчы падчас вандроўкі па лесе Саша знаходзіць лісяня, якое трапіла ў капкан. Жывёла была ў цяжкім, амаль бездапаможным стане. Хлопец аказваецца смелым і вельмі кемлівым. Ён вырашае, што б ні здарылася, але дапамагчы лісяняці, знаходзіць зямлянку, хавае там жывёлінку і прыкладае ўсе намаганні, каб яе вылечыць.
З цягам часу хлопчык і дзікая жывёла становяцца сапраўднымі сябрамі, быццам ліс і Маленькі прынц.
Разам з лісяняці расце Саша. Хлопчык хоча дапамагаць не толькі дзікаму сябру, але і іншым жывёлам у лесе. А ім сапраўды патрэбная дапамога, бо ў лесе з’яўляюцца браканьеры.
І гэта ўжо не наіўны дзіцячы свет: дарослым злачынцам зусім невядомыя ні спачуванне, ні сентыментальнасць, ні любоў да прыроды. Іх думкамі і дзеяннямі кіруе прага да багацця і лёгкіх грошай.
Апроч тэмы сяброўства і захапляльнага сюжэту ў кінастужцы ўздымаецца яшчэ адна вельмі важная тэма: давер на самых розных узроўнях. Бездапаможная жывёла давярае чалавеку, дванаццацігадовы падлетак давярае дарослым, а дарослыя давяраюць падлетку.
Як навучыцца давяраць? Што трэба рабіць, каб заслужыць давер? Навошта трэба прыкладаць намаганні, каб давяралі табе? Паразважаць над гэтымі пытаннямі можна падчас прагляду.
Дзякуючы задуме галоўнага рэжысёра Ганны Курбатавай глядач назірае за сапраўднай эвалюцыяй герояў, як станоўчых так і адмоўных. Яны пачынаюць разумець значэнні слоў “праўда”, “сумленне” і “шчырасць”.
Эстэтычны густ гледача, безумоўна, парадуюць краявіды неверагоднай прыгажосці. А сапраўдную казачнасць фільму надае мультыплікацыйная анімацыя з матывамі “Маленькага прынца”.
Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!