Фільм “Адно жыццё” (One Life)

Хто такі герой? Сучасная вікіпедыя падае наступнае азначэнне: «Чалавек, які выклікае захапленне за вялікія ўчынкі, выключную смеласць, адвагу ці мужнасць на вайне». Такім героем адназначна можна назваць Нікаласа Уінтана. Гэта брытанскі гуманіст, які напярэдадні Другой сусветнай вайны арганізаваў у Чэхаславакіі выратаванне 669 дзяцей.

Яго дачка, Барбара Уінтан, напісала кнігу “Калі гэта немагчыма…Жыццё Нікаласа Уінтана”, якая стала асновай для сцэнарыя. Біяграфічная мастацкая кінастужка рэжысёра Джэймса Хоўза пабачыла свет 9 верасня 2023 года на Міжнародным кінафестывалі ў Таронта.

На пачатку фільма глядач знаёміцца са звычайнай сям’ёй Уінтанаў. Сужэнцы рыхтуюцца да прыезду гасцей, займаюцца прыбіраннем дома. Пажылы мужчына Нікалас уяўляецца дзядулем-дзіваком, які не можа развітацца з нейкім “таямнічым мінулым”.

Калі пачынаюцца ўспаміны пра мінулае, аказваецца, што дзіваком мужчына быў і ў маладым узросце. Перад пачаткам Другой сусветнай вайны ён, паспяховы банкір, вырашае паехаць у амаль акупаваную Прагу. Там збіралася падпольная група, каб дапамагаць у эвакуацыі аўстрыйскіх уцекачоў. Нікалас пабачыў шмат абяздоленых дзяцей, якім пагражала халодная зіма. Мужчына запытаўся ў супрацоўніцы: “А як дзеці перажывуць зіму?” “Хутчэй за ўсё ніяк”, – проста адказала жанчына.

Першапачатковай місіяй арганізацыі было выратаванне ўцекачоў-палітыкаў. Такой жорсткай бачылася рэчаіснасць. Нікалас не захацеў яе прымаць і мірыцца. Так распачалася гісторыя, якая пераўтварылася ў выратавальную акцыю “Чэшскі Кіндэртранспарт”.

Калі глядач думае, што ў тыя часы аформіць дакументы і візы на дзяцей-уцекачоў было проста, ён памыляецца. Але і перашкоды не спынілі Нікаласа. У мужчыны не было плана, не было ўплывовых знаёмых, не было вялікіх грошай. Было толькі вялікае сэрца і жаданне ратаваць дзяцей.

Падтрымкай у нялёгкай справе сталі новыя сябры і маці Нікаласа. Гэтая жанчына вырашала шматлікія юрыдычныя пытанні, а таксама абівала парогі розных арганізацый, дапамагала пісаць лісты і артыкулы, каб знайсці дзецям прыёмныя сем’і.

Акцыя “Чэшскі Кіндэртранспарт” была вельмі складанай, а часамі насіла драматычны характар. Але яе вынікам стала ўратаванне 669 людскіх жыццяў.

“Таямнічае мінулае”, з якім прасіла развітацца жонка Нікаласа, – гэта альбом з фотаздымкамі дзяцей і адрасамі прыёмных сем’яў. Гэты альбом разам з гісторыяй выратавання мужчына захоўваў у таямніцы 49 гадоў, а калі вырашыў падзяліцца, здарыўся сапраўдны цуд. Які? Глядач даведаецца пра гэта напрыканцы фільма.

Як звычайны чалавек можа стаць сапраўдным героем? Адказ «просты»: галоўнае – мець вялікае сэрца і быць чулым на патрэбы іншых людзей.

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку