Першая нядзеля восені стала адметным днём для шматлікіх мінскіх католікаў. У парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Святога Роха), што на Залатой Горцы, 4 верасня адбыўся другі фестываль хрысціянскай культуры “Адна культура — адно багацце”.
Як зазначыў пробашч парафіі ксёндз Юрый Санько: “Касцёл заўсёды быў месцам, дзе кожны чалавек можа атрымаць не толькі духоўны рост, але і інтэлектуальнае развіццё”. Таму фестываль стаў значнай падзеяй для ўсіх жыхароў сталіцы. Тэмай гэтага году стала “Сакральная архітэктура”.
Фестываль распачаўся апоўдні ўрачыстай святой Імшой, якую ўзначаліў ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, пробашч парафіі Св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).
Далейшую праграму працягнулі кароткія даклады на тэму сакральнай архітэктуры.
Ксёндз канонік Уладзіслаў выступіў з прэзентацыяй кнігі “Залатая Горка”. Гэтая кніга апроч гісторыі касцёла Святога Роха змяшчае ўнікальныя звесткі пра старажытныя могілкі (1796-1893 гг), а таксама метрыкальныя звесткі пра пахаваных там вернікаў з касцёльных кніг. Гэта калектыўная праца святароў, архітэктараў, гісторыкаў, філосафаў.
Падчас дакладу святар звярнуў увагу на тое, што могілкі сведчаць і заўсёды сведчылі пра культуру народу, з’яўляюцца люстэркам грамадства і паказваюць адносіны да памяці продкаў. А напрыканцы запрасіў слухачоў шанаваць сваіх памерлых сваякоў, наведваць могілкі і супольна маліцца.
З дакладам на тэму “Развіццё адукацыі пры кляштарах і касцёлах. Школы, калегіі, семінарыі” выступіў ксёндз магістр-ліцэнзіят Павел Эйсмант. Дакладчык акцэнтаваў увагу на двух момантах:
- Рухавіком, які нёс асвету ў шырокія масы, было хрысціянства;
- Хоць школы па вывучэнні рэлігіі стваралі амаль што ўсе хрысціянскія канфесіі, менавіта Каталіцкаму Касцёлу першаму ўдалося стварыць дзейсную сістэму вышэйшай адукацыі, якая стала прыкладам для іншых.
Даклад на тэму “Гісторыя і сучаснасць. Актуальны стан сакральнай архітэктуры” прадставіў спадар Станіслаў Янчарскі, аўтар пяцітомніка “Касцёлы Беларусі”. Выступоўца з болем зазначыў, што разам з прыгожымі велічнымі храмамі ў розных куточках Беларусі ёсць шмат разбураных, занядбаных і забытых святынь. А таксама падкрэсліў, як важна ведаць гісторыю роднай краіны і яе сакральнай архітэктуры. Дарэчы, у парафіі Святога Роха арганізаваная фотавыстава спадара Станіслава “Касцёлы Беларусі”.
Трэба адзначыць, што праграма фестывалю атрымалася насычанай і цікавай. Сапраўднае свята для дзяцей стварылі ўдзельнікі моладзевай Місіі “Чыстае сэрца”. Сюрпрызам стаў вялікі пухнаты белы мядзведзь, які танчыў і бавіўся з маленькімі гледачамі. Таксама валанцёры падрыхтавалі гульні і конкурсы. Ніхто з дзяцей не застаўся без падарункаў.
На касцёльнай пляцоўцы быў арганізаваны кірмаш, дзе прысутныя маглі набыць рэлігійную літаратуру, мастацкія вырабы, мёд, а таксама падсілкавацца печывам, вафлямі, кавай і гарбатай. Гаспадары парафіі пачаставалі ўдзельнікаў фестывалю смачным абедам з пловам і блінамі.
Святочны настрой мерапрыемству падаравалі ўдзельнікі хору “Голас душы” і “Verum cantus” з Чырвонага касцёла. Менавіта яны спявалі ў перапынках паміж дакладамі рэлігійныя спевы на беларускай, польскай і лацінскай мовах. Адным з запрошаных выступоўцаў быў таксама і знакаміты гусляр Алесь Чумакоў.
Завяршыўся фестываль канцэртам арганнай музыкі “Гукі барока”.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марыя Варонік, фота
