Фармацыйны курс для студэнтаў і працуючай моладзі «Filii Mariae» прайшоў у Оршы

З 28 па 30 студзеня ў Оршы праходзіў фармацыйны курс для студэнтаў і працуючай моладзі «Filii Mariae» што перакладаецца з лацінская мовы як «Дзеці Марыі».

Менавіта ў духу дзіцячай любові і адкрытасці мы імкнуліся да пазнання Бога праз Марыю і гісторыю яе жыцця. У ордэне айцоў марыянаў ёсць цудоўная малітва — каронка 10 евангельскіх цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта гэтую малітву мы вырашылі ўзяць за аснову курса. Падчас студзеньскай, фактычна першай сустрэчы ў праграме «10 цнотаў», мы разважалі над першай евангельскай цнотай Марыі — “найчысцейшая”. Нягледзячы на тэму, гэтыя разважанні не сталі толькі адказамі на пытанне: «Якой была Божая Маці?» Гэтыя разважанні былі скіраваныя таксама на пазнанне саміх сябе ў святле духоўнай, маральнай, фізічнай і псіхалагічнай чысціні. Цудоўна сумяшчаліся ў праграме курса як сур’ёзныя канферэнцыі святароў з ордэна айцоў марыянаў, так і псіхалагічны майстар-клас, скрутацыя, штодзённая адарацыя і рэкрэацыйныя вечаровыя пункты праграмы.
Поўны курс прадугледжвае цыкл з дзесяці сустрэчаў, але далучыцца можна ў любы момант.

Прапануем вашай увазе таксама сведчанні ўдзельнікаў курса:

Вольга Кулік, Жодзіна:

Для мяне «Filii Mariae» — гэта супольнасць. Супольнасць людзей, якія шукаюць Божых шляхоў і просяць у гэтым дапамогі ў Марыі. Людзей, якія жадаюць быць у гэтых пошуках разам; каб гэтая супольнасць станавілася сапраўднай сям’ёй, утульнай для тых, хто ўжо ёсць, і адчыненай для новых людзей. Супольнасць не ідэальных людзей, а тых, хто жадае стаць лепшым і прыкладае для гэтага магчымыя высілкі.

Паліна Грыб, Жодзіна:

Я заўсёды з трапяткім сэрцам узгадваю Оршу. Для мяне гэта месца, дзе пачалося маё духоўнае жыццё, месца, дзе яно ўсталёўвалася, месца, куды я магу прыехаць у любым стане і быць прынятай такой, якая я ёсць. Безумоўна, аршанскі рэкалекцыйны дом і касцёл св. Юзафа — месцы асаблівыя, намоленыя, але ў кожнай паездцы, у кожных рэкалекцыях важныя ў першую чаргу людзі, з якімі ты праходзіш свой духоўны шлях. Няхай шлях пад назвай «Filii Mariae» цягнецца ўсяго тры дні, але я не перастаю здзіўляцца, колькі плёнаў за гэты час можна атрымаць. Хрысціянін асаблівым чынам узрастае ў супольнасці і, сапраўды, «Filii Mariae» — супольнасць, у якой узрастаць проста і прыемна.

Аня Лабкоўская, Жодзіна:

Для мяне гэты курс «Filii Mariae» стаў доўгачаканым часам, калі атрымалася прывесці сваё сэрца ў стан цішыні. Такой цішыні, каб застацца сам-насам з сабой і пачуць голас Бога. Але разам з гэтым не было калі сумаваць, бо праграма была вельмі насычанай, а атмасфера ў супольнасці — цёплай і сямейнай. Таму я ўдзячная Богу і кожнаму ўдзельніку курса за гэты час!

Ілля Дземскі, Жодзіна:

Для меня «Filii Mariae» – это место, где я могу духовно отдохнуть от внешнего мира. Встретиться со старыми друзьями  и познакомиться с новыми участниками курса, задать себе вопросы насчет своего духовного мира и постараться найти ответы на них. Для меня самой важной частью курса являются конференции, ведь именно на них я могу услышать размышления других людей на темы, которые меня интересуют, а после – обсудить появившиеся вопросы с другими участниками курса. Для меня «Filii Mariae» стал чем-то очень важным, могу сказать, что это лучшее, что со мной случалось за последний год.

Альбіна Гайсёнак, Крупкі:

Для мяне «Filii Mariae» — гэта магчымасць аднавіць сваё сэрца, бо гэта неабходна, каб мець жывыя і добрыя адносіны з Богам. «Filii Mariae» – гэта час, дзякуючы якому мой унутраны свет перажывае змены. Супольная малітва, супольныя спевы, разважанні – ўсё гэта дае магчымасць чарговы раз засяродзіць увагу на тым, што ўсе мы дзеці адной Маці — Марыі. Тэмай курса была першая цнота Найсвяцейшай Панны –«найчысцейшая». Мы даведаліся пра чысціню цела, чысціню ў Бібліі, псіхалагічную чысціню і чысціню зносін. І сапраўды, кожны дзень Бог дае нам магчымасць стаць чыстымі наноў, змяніць сваё жыццё ў бок дабра і любові. Але што трэба рабіць, каб зноў не забрудзіцца? Адказ просты — мы павінны запрасіць Бога ў цэнтр нашага жыцця і скіраваць свой погляд на Панну Марыю.

Данік Маскевіч, Барысаў:

Для мяне «Filii Mariae» — гэта месца, дзе адпачывае душа і цела, а таксама час для малітвы і размовы з Богам. Я быў на курсе першы раз, але ўпэўнена магу сказаць, што гэта лепшая сустрэча моладзі на Беларусі для мяне. Асобна хацелася б адзначыць канферэнцыі, якія праводзілі як святары, так і свецкія людзі, мне яны вельмі спадабаліся. Адарацыя на такіх сустрэчах — гэта вельмі кайфовый час! Прыязджайце на «Filii Mariae»! Хвала Пану!

Яна Фаляжынская, Мінск:

Што такое «Filii Mariae» ? Для мяне — гэта добры прыклад разнастайнасці Касцёла. Напэўна, кожная маладая асоба ў нейкі момант сутыкаецца са сталеннем веры і раптоўна аказваецца, што гэтая вера робіць цябе адрозным ад твайго асяроддзя. І вось нашыя сустрэчы — гэта вельмі важны час, каб убачыць, што жыць з верай рэальна і магчыма не толькі ў вузкім коле каталіцкай моладзі, але і ў вялікім коле жыцця. Гэта вельмі класна, што мы розныя, мы можам дыскутаваць, разважаць сам-насам, пазнаваць саміх сабе і адзін аднаго. І канешне, калі пытаюцца пра нашы сустрэчы, хочацца запэўніць, што ўсё праходзіць даволі весела, і што гэты курс  — гэта не пра цяжар фундаментальнай каталіцкай навукі. Але праўда ў тым, што гэтыя сустрэчы маюць адзіную мэту — тваю сустрэчу з Богам. І менавіта Ён крыніца як катэхэзаў з малітвамі, так і танцаў з песнямі. Веру, што Бог, як і мы, Жывы, таму, калі шукаеш Яго — табе да нас.

Паліна Грыб, тэкст
А. Ілля Саўчанка МІС, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі