Праз трыццаць гадоў пасля вяртання ў Бангладэш езуіты адкрываюць навіцыят у гэтай мусульманскай краіне, дзе хрысціяне складаюць невялікую меншасць. Робячы гэта, яны жадаюць абудзіць больш пакліканняў і дазволіць у навіцыяце прайсці пачатковую фармацыю ў мясцовай культуры і мовах карэннага насельніцтва.
Упершыню езуіты прыбылі ў Бангладэш у 1576 годзе, але па палітычных прычынах яны былі вымушаныя амаль адразу ж пакінуць сваю місію. Яны не змаглі пасяліцца там да 1994 г., калі іх запрасілі вярнуцца каталіцкія біскупы гэтай азіяцкай краіны. У цяперашні час у Бангладэш служаць 28 езуітаў, большасць з іх карэнныя бангладэшцы.
Манахі кіруюць дзвюма школамі, рэкалекцыйным домам, рознымі праграмамі дапамогі і дабрачыннасці і моладзевым душпастырскім цэнтрам у езуіцкім духу «Magis». — Гэта абавязацельства азначае, што ў гэтым невялікім, але яркім Касцёле, многія маладыя католікі растуць, становячыся сведкамі духоўных і сацыяльных спраў, якія прапануе Касцёл, што заахвочвае іх адкрыць сваё пакліканне, — падкрэслівае настаяцель езуітаў у Бангладэш.
Айцец Рыпон Разарыё дадае, што цяпер у навіцыяце 10 чалавек. Раней іх адпраўлялі на вучобу ў Індыю, што спарадзіла шмат цяжкасцей, у тым ліку з атрыманнем візы. — Як езуіты мы вырашылі, што пачатковая фармацыя павінна адбывацца на мясцовай культуры і мовах. Мы разам маліліся, а затым вырашылі адкрыць навіцыят у гэтай краіне, — тлумачыць настаяцель місіі. Рэалізаваць гэтае жаданне езуітам дапамагае папскае таварыства «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», якое прафінансуе будаўніцтва.
Бангладэш — невялікая, але густанаселеная краіна з больш чым 170 мільёнамі жыхароў, 90 працэнтаў з якіх вызнае іслам. Там каля 500 тысяч хрысціян, якіх каля 300 тыс. католікі. Настаяцель езуітаў падкрэслівае, што Каталіцкі Касцёл унёс вялікі ўклад у развіццё Бангладэш, асабліва ў галіне аховы здароўя і адукацыі.
Паводле deon.pl
Пераклад Марыны Сінкевіч
