Мы часта бачым на старонках беларускамоўных газет і ў інтэрнэт-прасторы формы дзесловаў кшталту фарміраваць і фармаваць, планіраваць і планаваць, дэгусціраваць і дэгуставаць, каменціраваць і каментаваць… Таксама нярэдка сутыкаемся з падобным і ў вуснай камунікацыі. І традыцыйна паўстае пытанне: каторая з прыведзеных формаў правільная? Каторая з іх адпавядае патрабаванням культуры маўлення?
Так, наша мова, як і любая іншая, няспынна змяняецца. Прычым гэта назіраецца на розных яе ўзроўнях: на лексічным, граматычным, сінтаксічным. Зразумела, што любыя навацыі найбольш відавочныя найперш на лексічным узроўні, які з’яўляецца самым рухомым. Бо лексіка папаўняецца ўвесь час, адлюстроўваючы новыя рэаліі грамадскага, культурнага, эканамічнага ці палітычнага жыцця. Але часам пэўныя змяненні мы фіксуем і на іншых узроўнях, у прыватнасці на граматычным. Пагаворым пра гэта больш падрабязна.
У апошнія гадоў дваццаць у беларускім публіцыстычным дыскурсе, як, зрэшты, і ў вуснай камунікацыі істотна пашырылася колькасць дзеясловаў з суфіксам –ава- (-ява-). Яны паступова выцясняюць словы з фармантам –ірава— (-ырава) або ўжываюцца паралельна. Так, цяпер назіраецца адначасовае выкарыстанне дзеяслоўных формаў на –ірава- (-ырава-) (аперыраваць каменціраваць, тэсціраваць і інш.) і на –ава— (-ява-) (апераваць, каментаваць, тэставаць і інш.). У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (2008 год) таксама падкрэсліваецца, што “пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам –ава- (-ява-)” (Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. – Мінск, 2008, с. 32). Недаўгавечнасць функцыянавання суфікса —ірава- (-ырава-) нават у рускай мове, выцясненне там гэтай марфемы суфіксам —ова— прадказвалі ў свой час вядомыя расійскія лінгвісты С.Абнорскі, Л. Берг, П.Кузняцоў. І ўсё больш пытанняў узнікае адносна мэтазгоднасці ўжывання ў сучаснай беларускай мове падобных словаформаў, гэта значыць, дзеясловаў з суфіксамі —ірава- (-ырава-).
Дзеля справядлівасці скажам, што суфікс —ава— (-ява-) мае даўняе паходжанне і, паводле меркавання вядомага лінгвіста ХХ стагоддзя француза Антуана Мэе, яго карані трэба шукаць “у індаеўрапейскіх мовах” (А. Мейе. Общеславянский язык. – Москва, 1951, c. 183).
Згаданы фармант шырока ўжываецца і ва ўсіх сучасных славянскіх мовах, гэта значыць, з’яўляецца прадуктыўным. У беларускай мове пры яго дапамозе ўтвараюцца дзеясловы ад назоўнікаў (апека – апекаваць, баланс – балансаваць, друк – друкаваць, група – групаваць, нумар – нумараваць і г.д.) і прыметнікаў (люты – лютаваць, марны – марнаваць, пусты – пуставаць, сумны – сумаваць) і г.д. Вядомы наш даследчык Мікалай Васілеўскі адзначае, што ў беларускай мове налічваецца “каля 600 дзеяслоўных лексем з суфіксам —ава— (-ява-); з іх каля 280 адзінак з іншамоўнай асновай, якія ў рускай мове ўжываюцца з суфіксам -ирова-“ (М. Васілеўскі. Дзеяслоўнае словаўтварэнне. – Мінск, 1985, с. 10). Колькасць апошніх сёння значна паменшылася, бо яны замяніліся формамі на —ава— (-ява-), але слоўнікі разам з тым папоўніліся новымі лексемамі на —ірава-, якіх у 80-я гады мінулага стагоддзя не было ці якія ўжываліся рэдка.
Упершыню дзеясловы на –ірава зафіксаваў “Русско-белорусский словарь” пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча, выдадзены ў 1937 годзе. Тут ёсць 132 беспрыставачныя дзеясловы на –ірава і толькі 70 на – -ава. Але ж мы цудоўна ведаем, які гэта быў час. Дарэчы, Пятро Глебка ў рэцэнзіі на слоўнік слушна пісаў, што многія словы з расейскай часткі засталіся не перакладзенымі, а толькі напісанымі беларускімі літарамі. Можна сказаць, што выкарыстанне дзеясловаў з суфіксамі –ава- ці –ірава- залежала не ад аб’ектыўных моўных фактараў, а найперш ад пазамоўных чыннікаў, часта – ад палітычнай кан’юнктуры.
У савецкі час, калі імкнуліся рэалізаваць ідэю на “зліццё нацый, іх культуры і мовы”, формы з суфіксам –ірава- свядома выцяснялі адмыслова беларускія з фармантам –ава-. Але ж слоўнікі складаюць лінгвісты-адмыслоўцы, для якіх аб’ектыўны моўны факт павінен быць найгалоўнейшым. І ў тых выпадках, дзе складальнік ці рэдактар слоўніка добра адчувалі жывое народнае слова, былі прыхільнікамі нацыянальнай культуры і мовы, імкнуліся захаваць яе адметнасць, такія штучныя для беларускай мовы формы з –ірава фіксуюцца значна радзей.
Да прыкладу, у першым томе “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”, выдадзенага ў 1977 годзе пад рэдакцыяй нашага вядомага пісьменніка і мовазнаўца Міколы Лобана, бачым значнае абмежаванне дзеясловаў з суфіксам –ірава-. На іх месцы падаюцца формы на –ава-: актываваць (а не актывіраваць), бальзамаваць (а не бальзаміраваць), візаваць (а не візіраваць) і многія іншыя. Вядомы наш навуковец лічыў элемент –ір абсалютна выпадковым і непатрэбным ў беларускай мове, бо ў слове ён не мае ніякага значэння.
(Працяг будзе)
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!