25 кастрычніка ў Глыбокім адбылося дыяцэзіяльнае спатканне святароў, законных братоў і сясцёр з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам.
Сустрэча распачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту, супольнай малітвай брэвіярыя і асабістай адарацыяй у цішыні.
Сустрэчу прадоўжыла святая Імша, галоўным цэлебрантам якой быў біскуп Алег. Іерарх у гаміліі звярнуў увагу на ружанцовую малітву: «Сённяшняе спатканне мае пэўную сімволіку. Кастрычнікам — ружанцовым месяцам — заканчваюцца фацімскія аб’яўленні Маці Божай. Памятайце, малітва на ружанцы павінна нас трымаць пры крыніцы Божай ласкі, пры Езусе Хрысце, які з’яўляецца нашым фундаментам».
Пасля Літургіі адбылася канферэнцыя на тэму Эўхарыстыі, якую прамовіў а. Станіслаў Памыкала SJ. Святар падзяліўся ўласным сведчаннем і перажываннем і заклікаў вырашэнне ўсіх жыццёвых праблем шукаць у Эўхарыстыі. «Тады кожны грэх і падзенне будзе для кожнага шанцам і ласкай», — падкрэсліў прамоўца.
На заканчэнне адбыліся аб’явы для святароў. Штомесячны дзень духоўных сустрэч святароў і законных сясцёр закончыўся супольным абедам.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

































