Каму з моладзі Віцебскай дыяцэзіі не знаёмы санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў у сонечным Браславе? Кожны год мы з іншымі пілігрымамі збіраемся ў гэтым месцы ў жніўні, каб разам святкаваць адпустовыя ўрачыстасці. Аднак у гэты раз у моладзі была іншая нагода, каб зноў наведаць Марыю Валадарку азёраў, бо менавіта тут праходзілі IV Усебеларускія дні моладзі. Гэта месца было выбрана невыпадкова, з нагоды святкавання юбілею Віцебскай дыяцэзіі, якой у гэтым годзе споўнілася 25.
Праграма сустрэчы была насычаная, але спачатку, нас, стомленых доўгай дарогай, рассялілі па гасцінных сем’ях парафіянаў касцёла Нараджэння Маці Божай. Там мы пакінулі свае цяжкія рэчы, пасля чаго вярнуліся ў касцёл каб разам сустрэцца з Хрыстом на Эўхарыстыі і ўрачыста распачаць спатканне. Падчас гэтай святой Імшы ўпершыню прагучаў дэвіз сёлетніх Дзён моладзі: “Моладзь – радасць і надзея Касцёла ў Беларусі”, які чырвонай стужкай праходзіў праз усе канферэнцыі, катэхезы і разважанні гэтых дзён, заахвочваючы нас быць смелымі і трывалымі ў выкананні сваёй асаблівай місіі, якую Бог падрыхтаваў кожнаму з нас.
Варта ўзгадаць, што падчас святой Імшы, з якой распачаліся Дні моладзі, адбылося гістарычнае здарэнне, у гэты самы дзень быў названы дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска, які знаходзіўся з намі і падзяліўся пачуццямі аб сваім прызначэнні. “Я ўжо люблю Палессе ўсім сэрцам, а той, каму я буду дапамагаць, быў для мяне першым прыкладам святара” – сказаў біскуп-намінат.
Пасля святой Імшы нас запрасілі на доўгачаканую вячэру. Сняданне ў той дзень стала для нас часам для адпачынку і сустрэчы. Там, стоячы ў чэргах за ежай, многія з нас знаёміліся і знаходзілі сябе кампанію сяброў, прынамсі, на далейшыя некалькі дзён. У той момант і я знайшла сваю даўнюю сяброўку сярод некалькіх сотняў іншых удзельнікаў. Гэта здаецца мне прыгожым цудам, бо прыехала на Дні моладзі адна і вельмі баялася гэтак іх і правесці.
Наш кароткі перапынак змяніўся новымі разважаннямі. Пачалася канферэнцыя, падчас якой нам трэба было адказаць на вельмі цяжкое пытанне ў жыцці кожнага чалавека, а асабліва маладога – “Якая ў мяне мара?”. Гэтае пытанне не патрабавала ад нас імгненнага адказу, яно прымушала задумацца над сваім жыццём, выклікала іншыя пытанні, а падчас кароткага перапынку перад малітвай па ўсіх кутках тэрыторыі касцёла чуліся тыя ці іншыя мары ўдзельнікаў, якімі яны дзяліліся з новымі сябрамі.
Адным з самых яскравых момантаў Дзён моладзі заўсёды была малітва праслаўлення. Гэта быў цудоўны час, праведзены сам на сам з Богам, а тое, наколькі дапамагала малітоўнае і музычнае суправаджэнне, уражвае мне і сёння, калі пішу гэты тэкст. Некаторыя з удзельнікаў, якія адважыліся падзяліцца сведчаннямі напрыканцы Дзён моладзі казалі аб тым, як у адпаведны момант гучаў спеў ці думка, якая адказвала на пытанні, якія яны задавалі Богу месяцамі. Не думаю, што гэта былі адзінкавы выпадкі, бо так здарылася і са мной. Менавіта так, праз некаторыя фразы і жэсты, якія былі адказамі на мае шматмесячныя, ці, нават, шматгадовыя сумневы, дапамаглі мне адрадзіць страчаную ў паўсядзённасці надзею, зноў знайсці суцяшэнне і распаліць агонь.
Пачаткам наступнага дня стала сумесная малітва Літургіяй гадзін – малітвай, якую Паўсюдны Касцёл няспынна праз вякі ўзносіць да Бога, праслаўляючы Яго і просячы дапамогі ў сваіх патрэбах. Разам з намі ютрань (першая частка Літургіі гадзін) маліліся два біскупы, якія суправаджалі нас на працягу ўсіх Дзён моладзі: наш біскуп Алег Буткевіч і арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі мітрапаліт Юзаф Станеўскі. Паводле традыцыі мы падзяліліся на два хоры і малітва пачалася.
Нягледзячы на тое, што сонейка ў тую раніцу было ўжо высока на небе, ранішняя прахалода яшчэ не развеялася і час ад часу праз адчыненыя дзверы касцёла падуваў лёгкі ветрык. Сонечныя промні праходзілі праз вітражы старажытнага касцёла, фарбуючы ўсё, чаго дакраналіся, у чырвонае і жоўтае. Тым часам нашыя галасы зліваліся ў адзін, які па сваёй моцы нагадваў гук грому. Адразу было зразумела: вось малітва Касцёла, а Касцёл – гэта мы.
Другі дзень быў самы напружаны. У гэты дзень нас чакалі тры канферэнцыі, праца ў групах, дыялог з біскупамі і ўжо традыцыйныя св. Імша і адарацыя, а завяршаўся гэты дзень гульнямі і танцамі. Пытаннем гэтага дня стала: “Каго шукаеш?” – якое задаў вучням Езус, а нам задаў падчас сваёй канферэнцыі айцец Яўген Голуб. Гэта было вельмі глыбокае пытанне, на якое мы адказвалі сабе ў сэрцы, але вынік адказу быў адразу бачны ў тым, хто яго дасягнуў: яны пыталіся “як нам лепш несці Яго іншым?”.
Адным з самых цікавых момантаў другога дня стаў дыялог з біскупамі, падчас якога біскуп Алег Буткевіч і арцыбіскуп Юзаф Станеўскі адказвалі на пытанні, падрыхтаваныя моладдзю падчас працы ў групках. Пытанні былі вельмі розныя, такія як: аб чым мараць біскупы, ці былі ў іх сумненні ў сваім пакліканні, як рэагаваць на людзей, якія чыняць зло, як змагацца з крызісам веры, як прыняць Божую волю, адкуль біскупы бяруць натхненне для казанняў і іншыя цікавыя пытанні.
Пасля вячэры ў той дзень нас пазнаёмілі з гісторыяй Цудадзейнага медаліка Панны Марыі, а напрыканцы канферэнцыі кожны з нас мог атрымаць яго.
Скончыўся гэты насычаны дзень супольным вечарам, падчас якога мы разам забаўляліся праз шматлікія гульні і танцы, а калі стала зусім цёмна, мы ўзяліся за рукі, зрабіўшы вялікае кола, якое заняло амаль усю пляцоўку перад касцёлам, і памаліліся, дзякуючы Богу за дары пражытага дня. Пасля чаго мітрапаліт Юзаф заспяваў. Потым спеў пачаў разыходзіцца ва ўсе бакі, а пляцоўка паступова напаўнялася гукам галасоў спяваючых юнакоў і дзяўчат.
Трэці дзень таксама пачаўся з ютрані, толькі ў гэты раз мы яе спявалі. Гукі аргана спляталіся з галасамі салістаў, а мы, падхопліваючы няцяжкія матывы малітоўнага спева, ператваралі ўсё гэта ў магутны спеў “анёлаў”, якія зноў і зноў усклікалі “аллелюя”.
Тэмай гэтага дня стала радасць. Падчас канферэнцыі мы даведаліся пра розныя віды радасці, паступова набліжаючыся да самага галоўнага. Кульмінацыя – радасць, якая паходзіць ад Бога, якая дае нам адчуваць сябе Яго дзецьмі і стаяць перад Ім у праўдзе.
На святой Імшы, якая завяршыла Дні моладзі біскуп Алег падзякаваў усім, хто арганізоўваў і дапамагаў у правядзенні, мітрапаліту Юзафу Станеўскаму за яго прысутнасць і суправаджэнне моладзі ад пачатку і да канца сустрэчы, усім іншым біскупам, якія былі на адкрыцці Дзён моладзі, святарам, асабліва тым, хто прамаўляў канферэнцыі і спавядаў у гэтыя дні, музычным гуртам, якія дапамагалі малітве. Асабліва біскуп Алег падзякаваў усім, хто прыняў у сваім доме ўдзельнікаў.
Пасля святой Імшы ўдзельнікі разам з біскупамі і арганізатарамі зрабілі фотаздымак на памяць, і, паволі, пачалі збірацца да вяртання ў сваё паўсядзённае жыццё, веручы, што гэтыя дні, праведзеныя ў супольнасці маладых і адважных, гэтыя канферэнцыі і нашыя малітвы распалілі ў нас агонь Божай любові, братэрства, радасці і надзеі, якія не згаснуць нават у самыя шэрыя і цяжкія дні.
Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота