З Брэста ў 16-дзённы шлях да абраза Маці Божай выйшлі 84 чалавекі.
16 чэрвеня стартавала пешая пілігрымка Пінскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла “Брэст – Будслаў”. У дарогу даўжынёю 537 кіламетраў і 16 дзён выйшлі 84 чалавекі. Самаму маленькаму пілігрыму — усяго тры месяцы. Ён, вядома, будзе перасоўвацца ў вазку:)
Па дарозе да групы далучаюцца вернікі з іншых гарадоў і вёсак, і ў выніку ў Будслаў у складзе пілігрымкі прыходзяць 300-400 чалавек. Нагадаем, пілігрымы зробяць прыпынкі ў Жабінцы, Кобрыне, Луцы, Бярозе, Івацэвічах, Лясной, Баранавічах, Паланэчцы, Ярэмічах, Дзераўным, Івянцы, Ракаве, Радашковічах, Іллі і ў Даўгінаве.
Услед за групай з Брэста ў Будслаў выйдуць пілігрымкі з Ліды (23 чэрвеня), з Віцебска і Гудагая (25 чэрвеня) і іншыя пілігрымкі з розных куткоў Беларусі.
Свята беларускіх католікаў у гонар абраза Маці Божай Будслаўскай пройдзе 1-2 ліпеня.
Паводле katolik.life
