Ці можа святар прамаўляць ад імя Касцёла?

Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, на такое пытанне: “Ці можа паасобны святар або свецкі вернік прадстаўляць сабой Касцёл?” Маё пытанне абгрунтавана перадусім тым, што з публічных выказванняў некаторых свецкіх людзей ці святароў (маю на ўвазе кс. Вячаслава Барка), вынікае, што яны прамаўляюць ад імя Касцёла. Але ці сапраўды выказванні простых вернікаў ці святароў маюць аж такі высокі ранг? Дзякуй за адказ. Павел.

На пытанне адказвае кс. кан. Віктар Місевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі.

Шаноўны Павел, Каталіцкі Касцёл, як вядома, мае іерархічную структуру. Ведаем, што Езус выбраў сабе дванаццаць апосталаў, каб падрыхтаваць іх да адказнага служэння. Евангелле таксама прыводзіць факт абрання іншых 72-х вучняў, якіх Езус паслаў да людзей з місіяй прапаведвання (пар. Лк 10,1). Сёння таксама ў Касцёле ёсць людзі, задачай якіх з’яўляецца кіраванне Касцёлам. Гэта біскупы. Ёсць прэзбітэры, якія з’яўляюцца найбліжэйшымі супрацоўнікамі біскупаў. Ёсць дыяканы, ёсць вернікі і ёсць кансэкраваныя асобы, іншымі словамі, манахі і манахіні.

Касцёл – гэта сапраўды вялікая сям’я Божых дзяцей, дзе мноства розных служэнняў і пакліканняў. Праўдай будзе, калі мы скажам, што кожны з гэтых вышэй зазначаных катэгорый людзей мае адказнасць перад Богам і мае сваё пакліканне да апостальства. Думаю, Вы знаёмыя з тым, што некаторыя людзі любяць казаць прыкладна такім чынам: “Ён жа ходзіць у Касцёл, чаму ён так гаворыць?” Або напрыклад: “Ён католік, таму ён не можа так сябе паводзіць”.

Нашае хрысціянскае веравызнанне накладае на нас пэўныя абавязкі. І грамадства таксама разумее, што чалавек, які называе сябе паслядоўцам Хрыста, павінен адрознівацца сваімі паводзінамі ў добры бок ад тых людзей, якія яшчэ не прынялі словаў Евангелля як свайго жыццёвага крэда. Людзі з па-за Касцёла заўсёды акрэсліваюць нас, вернікаў, як тых, хто прэзентуе сабой Касцёл. І ў гэтым ёсць вялікая праўда. Езус сказаў, што мы павінны быць святлом свету і соллю гэтай зямлі (пар. Мц 5, 13-14).

Аднак, калі мы кажам пра афіцыйнае прадстаўніцтва Каталіцкага Касцёла, то справы выглядаюць зусім інакш. І тэалагічна, і юрыдычна вернікі, кансэкраваныя асобы і прэзбітэры не могуць прадстаўляць сабой усю супольнасць Касцёла. І адпаведна іх выказванні не могуць успрымацца як афіцыйнае касцельнае навучанне. Афіцыйнае касцельнае навучанне знаходзім толькі ў афіцыйных дакументах Касцёла, такіх як, напрыклад: Катэхізіс, Кодэкс кананічнага права, Дакументы ІІ Ватыканскага сабору і інш.

У Дэкрэце пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле ІІ Ватыканскага сабору Christus Dominus чытаем: «Стан біскупаў, як пераемнасць Калегіі Апосталаў у навучанні і пастырскім кіраванні, больш за тое, як няспынны працяг апостальскай супольнасці ў часе, утварае разам са сваёй Галавой, Рымскім Пантыфікам, і толькі разам з ім, найвышэйшы суб’ект і паўнату ўлады над усім Касцёлам» (CD 4). Толькі біскупы з’яўляюцца найвышэйшым суб’ектам і валодаюць паўнатой улады ў Касцёле. Адпаведным чынам, толькі яны могуць аўтарытэтна выказвацца ад яго імя  і ўспрымацца грамадствам, як яго прадстаўнікі. Несумненна, гэта вельмі адказнае служэнне. Таму заахвочваю нашых дарагіх чытачоў памятаць пра малітву ў інтэнцыі пастыраў Касцёла – біскупаў. Усе ж іншыя выказванні на прасторах інтэрнэту ці ў СМІ мы можам успрымаць толькі як паасобнае меркаванне паасобных людзей.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі