Ці ўмешваецца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у палітыку?

Не так даўно адна верніца задала мне пытанне: “Ксёндз Віктар, скажыце, чаму арцыбіскуп Кандрусевіч умешваецца ў палітыку”? Думаю, адказ на гэтае пытанне будзе цікавым і для чытачоў “Каталіцкага Весніка”.

Многія, разважаючы пра паслугу біскупаў у Каталіцкім Касцёле, не да канца разумеюць іх місію і заданні. Бачачы біскупа, як той удзяляе сакрамант бежмавання ці наведвае нейкую ўрачыстасць, людзям можа здавацца, што гэта і ёсць асноўная функцыя іерарха – маліцца. На самай справе гэта не так.

Так, малітва – вельмі істотны элемент духоўнага жыцця. Гэта тое, што ўмацоўвае нашую сувязь з Айцом Нябесным і дапамагае трываць у святасці. І біскупы, будучы пастырамі Касцёла, павінны самі падаваць прыклад шчырай і трывалай малітвы. Іх задача – быць праваднікамі Божай ласкі, спрыяць асвячэнню Божага народу. Аднак ёсць яшчэ дзве немалаважныя функцыі наступнікаў апосталаў. Адна з іх – гэта адміністраванне ў Касцёле, іншымі словамі, кіраванне Касцёлам, а другая – навучанне Божага народу. Каб не быць тут галаслоўным, прывяду цытату з Дэкрэта пра пастырскае служэнне біскупаў у Касцёле CHRISTUS DOMINUS.

[Біскупы] няхай навучаюць таму, як трэба ставіцца, згодна з вучэннем Касцёла, да чалавечай асобы, яе свабоды і самога цялеснага жыцця; да сям’і, яе адзінства і трываласці, да нараджэння і выхавання патомства; да цывілізаванага грамадства, яго законаў і прафесій, працы і адпачынку, мастацтваў і тэхнічных вынаходніцтваў; да беднасці і дастатку, матэрыяльных дабротаў. Урэшце, няхай прапануюць спосабы вырашэння найважнейшых пытанняў наконт валодання матэрыяльнымі дабротамі, іх павелічэння і справядлівага размеркавання, наконт спакою і вайны, а таксама братэрскага суіснавання ўсіх народаў.

Біскупы павінны тлумачыць хрысціянскае вучэнне ў адпаведнасці з патрэбамі часу, каб даваць адказ на тыя цяжкасці і пытанні, якія найбольш непакояць людзей. Акрамя таго, няхай не толькі асабіста абараняюць гэтае вучэнне, але і вернікаў вучаць абараняць і пашыраць яго. Няхай гэтае вучэнне прадстаўляюць такім чынам, каб паказаць матчын клопат Касцёла пра ўсіх людзей – як вернікаў, так і нявернікаў, атуляючы асаблівым клопатам найбольш бедных і слабых, да якіх яны былі пасланыя Панам абвяшчаць Евангелле (CD 12-13).

Як бачым, каталіцкі біскуп павінен цвёрда і адкрыта прапаведаваць Евангелле. Ён не можа заплюшчваць вочы на несправядлівасць і маўчаць тады, калі адбываецца беззаконне. На якой падставе гучаць абвінавачванні, быццам арцыбіскуп Кандрусевіч умешваецца ў палітыку? Ці быў з яго боку хоць адзін заклік галасаваць за таго ці іншага кандыдата на выбарах? Такога закліку не было. Ці быў заклік з яго боку ці з боку іншых беларускіх іерархаў уступаць або не ўступаць у нейкую палітычную партыю ці рух? Адназначна, не было. Усе прамовы, казанні і заклікі беларускіх біскупаў зводзяцца да аднаго: каб нарэшце ў Беларусі спыніўся гвалт, запанавала пашана да правоў чалавека, а складаныя сітуацыі ў гарамадстве вырашаліся ў духу прымірэння і дыялогу.

Канешне, тэарэтычна любы ўчынак чалавека можна назваць палітыкай. Але ці можам мы Хрыста назваць палітыкам? Яго не любілі тагачасныя прадстаўнікі ўлады, таму што Ён абвяшчаў верхавенства Божага закону: закону любові і праўды. Менавіта за гэта Ён быў укрыжаваны. Ці можам мы назваць палітыкамі Росіцкіх мучанікаў айцоў-марыянаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру, якія загінулі разам са сваімі парафіянамі падчас карнай акцыі нацыстаў у 1943г.? Яны супрацьпаставілі сябе тагачаснай акупацыйнай уладзе. Вакол іх стаялі людзі з аўтаматамі і выдавалі свае злачынныя загады аб забойстве мірных жыхароў Росіцы. Ці паставу бласлаўлёных мучанікаў мы назавём палітыкай? Адназначна, не!

Паводле роду сваёй дзейнасці (з’яўляюся канцлерам Віцебскай дыяцэзіі, па сутнасці намеснікам Біскупа Віцебскага па адміністрацыйных пытаннях) мне даводзіцца часта сустракацца з прадстаўнікамі беларускай улады ў выканкамах ці падчас нейкіх святочных мерапрыемстваў. Заўсёды гучыць даволі простае пасланне з іх вуснаў: у Касцёла ў Беларусі і беларускай улады адна супольная місія – працаваць для дабра людзй, супрацоўнічаць для як мага найлепшага развіцця грамадства. З гэтай думкай цяжка не пагадзіцца.

Касцёл з’яўляецца моцным аўтарытэтам для беларусаў. Гэта звязана і з яго гістарычнай прысутнасцю ў краіне, і з моцным маральным пасланнем Евангелля, якое ён прапаведуе. Зразумела, што ўплыў на розумы і сэрцы людзей вялікі, бо ўсё-такі значная частка беларускага грамадства рэлігійная. І заўсёды радасна і прыемна, калі касцельныя ініцыятывы знаходзяць пазітыўны водгук і зразуменне з боку свецкай улады. Тут можна шмат пералічваць такіх момантаў: правядзенне парафіядаў для моладзі, развіццё турыстычнага напрамку праз арганізацыю пілігрымак да санктуарыяў, дабрачынная дзейнасць каталіцкага Карытас. Варта заўважыць, што адзін толькі Віцебскі Карытас на дабрачынную дзейнасць у 2019г. выдаткаваў больш за 250000 рублёў.

Хацелася б, каб так было і далей. Але што мы бачым сёння? Традыцыйная трансляцыя нядзельнай святой Імшы з Мінскай катэдры спыненая. Гэта не ўдар па духавенству. Гэта ўдар па хворых, нямоглых, састарэлых людзях, якія пазбаўленыя магчымасці ўдзельнічаць у св Імшы.

Арцыбіскуп Кандрусевіч не можа вярнуцца ў Беларусь па рашэнні свецкіх уладаў. Ці спрыяе гэта дыялогу і супрацоўніцтву Касцёла і дзяржавы? Святар Віцебскай дыяцэзіі Юрый Вільк пазбаўлены права служыць у парафіі Варапаева. Парафія налічвае 1800 вернікаў. Хто будзе хрысціць дзяцей, хаваць памерлых, абвяшчаць Божае слова? Пакуль гэта робіць святар з суседняй парафіі. Але забарона на служэнне зноў жа з’яўляецца ўдарам менавіта па простых людзях, якія пазбаўленыя належнай святарскай паслугі.

Нам усім трэба шмат маліцца ў інтэнцыі вырашэння складанага грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі. І я ведаю, што чытачы “Каталіцкага Весніка” гэта робяць. Яны дасылаюць нават такія інтэнцыі Св. Імшы ў рубрыку “Газетная закрыстыя”, за што ім вялікі дзякуй.

Вяртаючыся да асобы арцыбіскупа Кандрусевіча, хацеў бы нагадаць, што ў яго ёсць толькі адна інструкцыя: жыць Евангеллем і прапаведаваць Евангелле. У гэтым і заключаецца касцельная “палітыка”.

Кс. Віктар Місевіч – Канцлер Віцебскай дыяцэзіі, галоўны рэдактар газеты “Каталіцкі Веснік”

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі