Часам варта вылучацца на нядзельнай св. Імшы. У гэтым пераканалася сям’я, якую заўважыў Папа Леў XIV

Яны проста хацелі ўбачыць Папу, а атрымалі значна больш. Папа Леў XIV не толькі заўважыў іх, але і падышоў да іх, пагутарыў і нават прыняў ад іх падарунак. Відэа сустрэчы Папы з сям’ёй Муньёс было размешчана на афіцыйным папскім акаўнце і хутка заваявала сацыяльныя сеткі.

Як паведамляе CBS News, Марсэль і Эн Муньёс разам са сваімі дзецьмі прысутнічалі на святой Імшы ў базіліцы Святога Панкрацыя ў Альбана. Яны былі апранутыя ў цёмна-сінія футболкі з надпісам «Da Pope», стылізаваныя пад колеры чыкагскай каманды Bears.

Пасля Літургіі сям’і ўдалося сустрэцца са Святым Айцом і падарыць яму адну са сваіх футболак. Відэа сустрэчы хутка стала вірусным і нават трапіла на афіцыйны акаўнт Папы Льва XIV у Instagram.

«Ён павярнуў налева і проста накіраваўся прама да нас, што б гэта ні было, я мяркую, мы сапраўды вылучаліся — усе астатнія былі элегантна апранутыя для летняй Імшы, і мы… ну, мы крыху адсталі», — распавядае Марсэль Муньёс CBS News.

Сям’я Муньёс праехала 45-кіламетровы маршрут з Рыма ў Альбана, каб прыняць удзел у св. Імшы, якая праводзіцца Папам Львом XIV. Пасля заканчэння Літургіі яны стратэгічна размясціліся ў месцы, якое, на іх думку, мела найлепшы шанец прыцягнуць увагу, паведамляе CBS News.

deon.pl
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку