Чаму Святая Марыя плача?

Слёзы любога чалавека заўсёды прыцягвалі ўвагу навакольных. А тут плача Святая Марыя! Хто ж і што з’яўляецца прычынай слёз нашай Нябеснай Матулі?

19 верасня 1846 года ў Францыі, непадалёк ад невялікай вёсачкі Ля Салет у Альпах, упершыню Марыя аб’явілася дваім дзецям – Максіміну і Мэлані, якія пасвілі кароў. Дзеці ўбачылі Яе, Якая сядзіць на камені і плача. Марыя запыталася ў дзетак, ці добра яны моляцца, і прасіла маліцца. «Калі мой народ не захоча быць паслухмяным, Я буду вымушаная адпусціць руку Майго Сына… Яна такая моцная і цяжкая, што Я больш не змагу яе ўтрымліваць… Абавязкова перадайце гэта ўсяму Майму народу!»

Падчас першага аб’яўлення Маці Божая не адкрывае заслону будучага жыцця, а толькі просіць усіх нас маліцца і памятаць пра Бога.

Божыя запаведзі – найважнейшы напрамак сапраўднага шчаслівага жыццё, кірунак у будучыню. Гэтая просьба Марыі найбольш актуальная ў нашай сучаснасці. Трэба толькі пачуць заклік маліцца і выконваць яго. Толькі з Богам, у Божай Любові і Міласэрнасці, ва ўзаемным прабачэнні і пашане, згодзе і вытрымцы ў нас ёсць будучыня і жыццё! Грэх, гвалт, нянавісць ламаюць людскія лёсы і не даюць шанцаў на шчаслівае жыццё.

У плыні хуткацечнага часу мы развучыліся абмяркоўваць, планаваць, прабачаць. Паведамленні і размовы па «мабілах» на хаду, бо няма часу, нават няма калі думаць. Мы не заўважаем, што «праляцелі» каля самага галоўнага, важнага, шчаслівага ў жыцці. Спыніцеся! Угледзьцеся ў вобраз Марыі ў слязах і падумайце: а чаму Яна плача? Удумайцеся!

Пра Марыю з Ля Салет у нашай дыяцэзіі даведаліся трыццаць гадоў таму, калі летам 1990-га прыехалі ў Беларусь місіянеры-салетыны ксёндз Альфрэд Пяхота і ксёндз Зянон Шчонхар. Яны пачыналі працу ў Браслаўскім раёне ў вёсках Дрысвяты і Пеліканы, пасля былі Відзы, дзе святары працуюць і цяпер.

У 1993 годзе прыехаў на місійную працу ў вёску Далёкія ксёндз Анджэй Бочар. У 2000 годзе біскуп Уладзіслаў Блін запрасіў ксяндза Анджэя ў новазаснаваную парафію на вуліцы Чкалава ў Віцебску. Пачыналі з невялічкай каплічкі ў недабудаваным памяшканні спарткомплекса, дзе паўстаў наш касцёл і быў названы ў гонар «Маці Божай Салетынскай», але потым перайменаваны ў гонар «Духа Святога».

Нашаму касцёлу ад 23 ліпеня споўнілася дваццаць гадоў. Цяпер тут нясуць паслугу беларускія святары-сальватарыяне айцец Аляксандр і айцец Андрэй. У 2010 годзе быў створаны апасталат сям’і Маці Божай Салетынскай АСС (ARS), які працуе і зараз. Ад самага заснавання ў касцёле 19 чысла кожнага месяца вернікі моляцца падчас спецыяльнага набажэнства да Маці Салетынскай. Нас цяпер дванаццаць вернікаў, якія маюць дыпломы ARS.

Дзякуючы Богу і Марыі гэты верасень шчодры на добрыя падзеі ў нашым касцёле. Намаганнямі нашага пробашча а. Андрэя і вікарыя а. Аляксандра, а таксама нашай катэхеткі Аксаны да Першай Камуніі падрыхтаваліся пятнаццаць дзетак, каторыя ўпершыню прымуць Пана Езуса ў Камуніі 20 верасня, а 27 верасня прыступіць да сакраманту Канфірмацыі каля пяцідзесяці парафіянаў. Мы дзякуем добраму Богу і Марыі за такія вялікія дары для парафіі!

Запрашаем усіх вернікаў Беларусі задумацца над сучаснасцю нашай Бацькаўшчыны. Марыю трэба суцешыць малітвай і жыццём паводле Божых запаведзяў! Запрашаем да апостальства ў касцёл «Духа Святога» ці непасрэдна да ксяндза Анджэя Бочара ў Далёкія. Кантакты ў рэдакцыі.

Трывайце ў Божай міласэрнасці і апецы Марыі!

Адказная малітоўнай групы АСС Рэгіна Іванова

для друку для друку