Чаму Касцёл супраць in vitro?

У другой палове мінулага стагоддзя разам з імклівым развіццём біятэхналогій і біямедыцыны паявілася меркаванне, што хутка чалавек не будзе ўжо падпарадкоўвацца законам прыроды і натуральнага развіцця, але будзе тым, кім сам захоча быць.

Адначасова ўзніклі прапановы поўнай свабоды ў правядзенні біямедыцынскіх эксперыментаў і даследаванняў на карысць чалавека. Гэтыя намаганні, безумоўна, заслугоўвалі б прызнання і падтрымкі, калі б шанавалі чалавечую годнасць і служылі дабру ўсіх людзей. Рэчаіснасць, аднак, паказвае, што, нягледзячы на крокі, якія робіць сучасная біямедыцына, у значнай ступені накіраваныя на добрыя намеры, сродкі і метады некаторых праектаў выразна супрацьстаяць годнасці і правам асобы.

Да падобных практык належаць тэхнікі штучнай пракрэацыі, г.зн. перадачы чалавечага жыцця шляхам асемянення (in vivo), апладнення (in vitro) або кланавання.

Каталіцкі Касцёл, пачынаючы ад ацэньвання першых спробаў штучнага асемянення жанчыны ў канцы ХІХ ст., заўсёды адмоўна ставіўся да тэхнік штучнай пракрэацыі.

Негатыўную маральную ацэнку гэтыя тэхнікі атрымліваюць перадусім не таму, што яны ненатуральныя, а таму, што супярэчаць годнасці асобаў, якія ў іх удзельнічаюць, а таксама нясуць пагрозу для жыцця і здароўя як дзіцяці, гэтак і маці.

Штучную пракрэацыю нельга суаднесці з асабістай годнасцю чалавека, якая належыць усім людзям без выключэння і ёсць неад’емнай, недатыкальнай і роўнай для ўсіх. Ніхто не можа прэтэндаваць на права распараджацца іншай чалавечай істотай, як рэччу. У той жа час у дадзеным выпадку пра зачацце дзіцяці адвольна вырашае іншы чалавек, робіць сябе гаспадаром ягонага жыцця, маніпулюе ім. Чалавек можа загадзя пазбавіць права на далейшае жыццё эмбрыёну, які развівацца не згодна з яго чаканнем.

Тое, што чалавечая істота ў працэсе in vitro ператвараецца ў прадмет, яшчэ больш відавочна пры маніпуляцыях над залішнімі эмбрыёнамі, якія замаражваюцца, імплантуюцца сурагатным маці, выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх эксперыментах у якасці донараў ствалавых клетак, нарэшце, знішчаюцца або проста спускаюцца ў каналізацыю. У сувязі з гэтым трэба дадаць, што абарона жыцця і правоў дзіцяці павінна пачынацца ўжо ва ўлонні маці, бо эмбрыён / плод ад самага пачатку з’яўляецца чалавекам, а не становіцца ім пры з’яўленні на свет.

Метады in vitro ідуць далей і дазваляюць акрэсліць пэўныя рысы дзіцяці з дапамогай адпаведнага выбару гамет ці іх донараў. Яны даюць магчымасць умяшання ў генетычны матэрыял эмбрыёна: паклікання яго да жыцця нават пасля смерці бацькі, адвольнага выбару полу дзіцяці шляхам селекцыі эмбрыёнаў. Можна сказаць, што медыцына паволі пачынае небяспечна набліжацца да ветэрынарыі.

У натуральным працэсе перадачы жыцця бацькі хоць і робяць адпаведныя крокі для нараджэння дзіцяці, аднак вырашальны працэс патраплення дзіцяці на свет не залежыць ад іх. У рэшце рэшт яны не ствараюць сваё дзіця, не маюць улады над яго жыццём, але толькі прымаюць яго, калі адбудзецца зачацце. Такім чынам шануецца годнасць дзіцяці, а бацькі ставяцца да яго як да роўнай сабе чалавечай асобы.

З метадамі штучнага апладнення звязана небяспека для жыцця чалавечых эмбрыёнаў: іх крыакансервацыя (замаражванне) і знішчэнне. Існуюць метады, якія не патрабуюць стварэння і захоўвання некалькіх эмбрыёнаў, аднак праз невялікую эфектыўнасць і сур’ёзны характар пабочных эфектаў яны мала выкарыстоўваюцца. Найвялікшую папулярнасць мае класічны метад FIVET (апладненне ў прабірцы з трансферам эмбрыёна), які практычна звязаны з крыакансервацыяй эмбрыёнаў.

Захоўванне эмбрыёнаў у вадкім азоце не толькі супярэчыць годнасці чалавечай істоты, але нясе катастрафічныя наступствы для жыцця і здароўя. Яно абмежаванае ў часе: максімальна можа трываць ад 3 да 5 гадоў, у сярэднім 85-90% замарожаных эмбрыёнаў гіне. Крыакансервацыя ў дадатак стварае магчымасць пакідання эмбрыёнаў бацькамі, учынення іх сіротамі, што робіць іх (эмбрыёнаў) знішчэнне яшчэ больш верагодным.

Аналіз стану здароўя дзяцей, народжаных “з прабіркі”, дае яснае ўяўленне пра негатыўныя наступствы маніпуляцый над імі падчас працэдуры in vitro. У такіх немаўлят часцей, чым у зачатых натуральным спосабам, назіраюцца ўнутрычэраўныя і перынатальныя ўскладненні, малая маса цела, у два разы большая смяротнасць. Дзеці “з прабіркі” маюць у 2-3 разы больш прыроджаных дэфектаў, сярод якіх цэрэбральны паралюш, хвароба сэрца, неўралагічныя, неўра-артапедычныя праблемы, а ў дарослым узросце яны могуць апынуцца бясплоднымі.

Метад in vitro ўплывае таксама на здароўе маці. У самой працэдуры забору яйкаклетак ужываецца лапараскоп і адбываецца перфарацыя чэраўнай паражніны, што патрабуе агульнага наркозу, з’яўляецца прычынай страты крыві, пакідае знітоўкі. Яшчэ большая небяспека звязана з гарманальнай стымуляцыяй жанчыны з мэтай выклікання гіперавуляцыі, якая вядзе да аданачасовага выспявання вялікай колькасці фалікулаў. Вынікам гэтага можа быць сіндром гіперстымуляцыі OHSS, які характарызуецца павелічэннем яечнікаў, назапашваннем вадкасці ў чэраўнай паражніне, моцным болем. У у цяжэйшых выпадках гэта з’яўляецца прычынай загушчэння крыві і тромбаэмбалічных ускладненняў з сур’ёзнымі наступствамі, уключаючы інфаркт. У некаторых сітуацыях можа наступіць нават смерць жанчыны.

Нарэшце, з тэхнікамі in vitro звязаны спецыфічны сіндром, падобны да пасляабартыўнага. Пасля кароткага перыяду задавальнення з нагоды нараджэння доўгачаканага дзіцяці прыходзіць балючае ўсведамленне таго, што яго жыццё аплочана смерцю многіх іншых дзяцей.

***

У вачах Бога-Творцы кожнае чалавечае жыццё мае роўную вартасць. Толькі Ён Сам можа ім распараджацца. Праўда Евангелля, якую абвяшчае Касцёл, застаецца нязменнай, нягледзячы на змены ў грамадстве і навуковы-тэхнічны прагрэс. Памятайма, што этыка мае перавагу над тэхнікай: тое, што магчыма выканаць тэхнічна, не заўсёды дапускаецца маральна.

с. Дар’я Галубкова, Віцебск

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі