Брат новаабранага Папы: У дзяцінстве ён «служыў св. Імшу» ля прасавальнай дошкі

Новаабраны Папа Леў XIV хацеў быць святаром яшчэ з дзяцінства, успамінае адзін з двух яго братоў. «Ён ведаў гэта з самага пачатку. Не думаю, што ён калі-небудзь сумняваўся ў гэтым», — сказаў Джон Прэвост амерыканскім тэлекампаніям ABC і Univision. «Не думаю, што ён калі-небудзь думаў пра што-небудзь іншае», — падкрэсліў брат Папы.

Як сведчаць яго ўспаміны, дома маленькі Роберт Прэвост не толькі «служыў св. Імшу» ля прасавальнай дошкі, якая служыла алтаром, але і «ведаў усе малітвы на памяць, па-англійску і па-лацінску». Калі Роберт быў у першым класе пачатковай школы, суседка жартам прадказала яго брату, што той стане першым Папам Рымскім са Злучаных Штатаў.

Тое ж самае ён паўтарыў свайму брату Роберту напярэдадні канклава, перад тым, як 133 кардыналы ўвайшлі ў месца сустрэчы. Кардынал Прэвост адказаў, што гэта «лухта», і дадаў: «Яны не абяруць Папу-амерыканца».

«Ён проста не верыў у гэта ці не хацеў верыць», — кажа брат Папы. «Па праўдзе, я і сам гэтага не чакаў, бо пастаянна чуў, што амерыканец ніколі не зможа стаць Папам — проста з-за палітыкі, што Злучаныя Штаты ў цяперашні час маюць занадта шмат улады ў свеце, таму Касцёл ім не патрэбны», — сказаў ён.

З недаверам успрыняў вестку аб выбары кардыналаў і малодшы брат Луі, які ў той дзень хварэў. «Калі яны пачалі абвяшчаць «бла-бла-бла, Раберта» — я ўжо ведаў, што гэта наш Роб», — кажа ён. «Я быў удзячны, што ляжу ў ложку, інакш бы ўпаў!» Аднак, пачуўшы гэтую навіну, ускочыў з ложка і пачаў «танчыць як шалёны».

Калі Джона Прэвоста спыталі пра рэакцыю яго сям’і, ён сказаў, што адразу ўключыў тэлевізар. «Я сядзеў перад экранам са сваёй пляменніцай, і калі яны абвясцілі яго імя, яна закрычала, а я проста сказаў: «О, Божа мой!»

На пытанне, якім чалавекам з’яўляецца Леў XIV, Джон Прэвост адказаў: «Звычайным чалавекам». Яго малодшы брат таксама апісвае яго гэтак жа: «звычайны чалавек, які моцна ступае па зямлі і «любіць быць з людзьмі». Джон Прэвост лічыць, што яго брат працягне справу Папы Францішка — абараняць патрабуючых і бедных. Папа Леў XIV мае шмат агульнага са сваім папярэднікам. «Я думаю, што, паколькі яны абодва жылі ў Паўднёвай Амерыцы адначасова — у Перу і Аргенціне, — яны мелі аднолькавы досвед місіянерскай працы і працы з эксплуатаванымі».

Старэйшы брат Папы, былы дырэктар школы, які цяпер на пенсіі, асабліва падкрэсліў глыбокую сувязь паміж новым кіраўніком Касцёла і Перу, дзе кардынал Прэвост быў пастырам на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Таму не дзіўна, што ў сваёй першай прамове ў якасці Папы ён канкрэтна ўзгадаў Чыклаё, горад на поўначы Перу, дзе шмат гадоў служыў біскупам. «Ён правёў там столькі часу… Думаю, яго сэрца засталося там», — кажа брат Папы.

Джон Прэвост лічыць, што яго брат працягне шлях, пракладзены Папам Францішкам, асабліва ў пытаннях сацыяльнай справядлівасці, служэння маргіналізаваным слаям насельніцтва і пашырэння правоў і магчымасцяў бедных.

Папа Леў XIV паходзіць з глыбока рэлігійнай сям’і еўрапейскіх каранёў і мае двух старэйшых братоў: Луі Марціна і Джона Джозэфа. Яго маці, Мілдрэд Марцінес (1912-1990), чые продкі паходзілі з Іспаніі, працавала бібліятэкарам. Дзве яе сястры сталі законніцамі. Яго бацька, Луі Марыус Прэвост, які памёр у 1997 годзе, быў франка-італьянскага паходжання; быў дырэктарам школы і катэхетам.

Цяперашні Папа з ранняга ўзросту прадэманстраваў моцную адданасць веры. Ён стаў святаром і вучыўся ў каталіцкай школе. «Я нарадзіўся ў Злучаных Штатах, але мае бабуля і дзядуля былі імігрантамі — французамі, іспанцамі… Я вырас у глыбока каталіцкай сям’і. Бацькі былі цесна звязаны з парафіяй», — патлумачыў Прэвост падчас свайго кардынальскага служэння ў інтэрв’ю італьянскай грамадскай тэлекампаніі RAI

Па матэрыялах КАІ, niedziela.pl
Переклад Марыны Ткач

для друку для друку