Біскуп Юрый Касабуцкі асабіста заахвочвае да малітвы за святара ў зняволенні

Біскуп Юрый Касабуцкі заахвочвае ўсіх неабыякавых людзей, а перадусім святароў, да малітвы за ксяндза Андрэя Вашчука, сальватарыяніна з Віцебска, які знаходзіцца за кратамі.

Ксёндз Андрэй Вашчук SDS з’яўляецца пробашчам парафіі Святога Духа ў Віцебску. Святар быў затрыманы 15 ліпеня па абвінавачванні ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў чаканні суду, які павінен адбыцца на пачатку гэтага тыдня.

На сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы FB біскуп Касабуцкі напісаў:

«Хачу папрасіць усіх неабыякавых людзей аб малітве за каталіцкага Святара, ксяндза Андрэя Вашчука, сальватарыяніна, які знаходзіцца за кратамі.

Гэта Святар (я свядома пішу гэта слова з вялікай літары ў дачыненні да айца Андрэя) паводле Божага Провіду і высакародны Чалавек. Айцец Андрэй цалкам адданы Богу, Касцёлу і людзям. Служыць усім, аддаючы сябе без рэшты. <…>

Наша малітва — гэта сіла і моц, гэта тая „добрая частка“, якая не адымецца ў нас (пар. Лк 10, 38–42)», — напісаў каталіцкі іерарх.

catholic.by

для друку для друку