Біскуп Эдвард Роп і беларускія казанні ў касцёлах Дзісненскага павета

Касцёл у Дзісне, каля 1910 года. Фота кс. Яна Вэбэра. На камянічцы можна разгледзець шыльду, якая сведчыць, што ў ёй была парафіяльная бібліятэка. Сярод іншага, у гэтай бібліятэцы чытачам былі даступныя беларускія кнігі і газеты.

У наш час беларуская мова ў касцёле з’яўляецца звычайнай справай. Але так было не заўсёды. У гэтым артыкуле мы раскажам пра тое, як сто пяць гадоў таму назад каталікі ў Дзісненскім павеце ўпершыню пачулі ў святынях казанні на сваёй роднай мове.

Калі ў 1914 годзе Расійская Імперыя ўступіла ў Першую сусветную вайну, ніхто не чакаў, што яна зацягнецца так надоўга. Ваенныя няўдачы і цяжкасці стамілі насельніцтва, і ў 1917 годзе ў Петраградзе выбухнула Лютаўская рэвалюцыя. Імператар Мікалай ІІ адрокся ад трону, улада перайшла да так званага “Часовага ўрада”. Нацыянальныя і рэлігійныя супольнасці вялікай імперыі сталі ўладкоўваць сваё жыццё ў новых умовах.

Віленскім біскупам у 1903 г. стаў Эдвард Роп. Ён быў вельмі адукаваным чалавекам і цудоўна разумеў складаную нацыянальную спецыфіку рэгіёна, дзе поруч жылі розныя народы – палякі, літоўцы, беларусы, рускія, – і кожны з іх меў права на справядлівае стаўленне. У 1907 годзе царскія ўлады адхілілі біскупа ад пасады і адправілі ў ссылку ў маёнтак Нішча (цяпер у Латвіі). Апостальская Сталіца не прызнала гэтага адхілення, і ён заставаўся легальным віленскім біскупам. У 1917 годзе новая ўлада вызваліла яго.

Атрымаўшы свабоду, біскуп Эдвард Роп не мог паехаць у Вільню, якая была пад нямецкай акупацыяй. Ён адразу накіраваўся з візітацыяй у тыя парафіі Віленскай дыяцэзіі, якія былі на расійскім баку фронту. Вечарам 20 ліпеня 1917 года біскуп прыбыў у Дзісну. Сярод святароў, каторыя меліся яго сустрэць, было некалькі свядомых беларусаў, якія былі перакананыя ў тым, што прыйшоў час прапаведаваць Божае слова для беларусаў па-беларуску. Дагэтуль, пры Расійскай Імперыі, духавенства асцерагалася ўжываць беларускую мову, баючыся, каб гэта не стала для царскіх уладаў падставай для русіфікацыі і пераводу вернікаў у праваслаўе. У касцёлах маліліся па-польску, а Імша, як і ва ўсім каталіцкім свеце да 1960-х гадоў, служылася на лацінскай мове.

Першым па-беларуску звярнуўся да вернікаў, што сабраліся ў Дзісне сустрэць біскупа, ксёндз Міхал Пятроўскі, які быў родам з Празарокаў і да І Сусветнай вайны належаў да беларускага гуртка ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Назаўтра, 21 ліпеня, прысутныя ксяндзы-беларусы праз дэкана Вінцэнта Ташкунаса звярнуліся да біскупа з пытаннем, ці можна прамовіць беларускае казанне падчас галоўнай імшы. “Не толькі можна, але і трэба”, – адказаў біскуп. Прамовіць беларускае казанне даручылі маладому і здольнаму ксяндзу Адаму Станкевічу, будучаму выбітнаму дзеячу беларускага нацыянальнага руху.

Ксёндз Адам Станкевіч, які ў міжваенны перыяд быў адным з правадыроў беларускага нацыянальнага руху. Фота 1922 года.

“Узышоўшы на амбону, я – памятаю – пачаў ад слоў псальміста Божага Давіда: “Ня ўмру, але жыць буду і разглашаць буду хвалу Божую” (Пс. 117), – успамінаў кс. Станкевіч. – І астаткамі сіл пануючы над сабой, тасаваў я гэтыя словы і да свабоды, якая сапраўды была колькі месяцаў па рэвалюцыі, і да душы чалавека, які моў гэны Давід-пакутнік, паўстае з грэху, адраджаецца, знаходзе Бога, і да беларускага народу, які з Волі Бога, пры пасрэдстве свайго біскупа-апостала, урачыста атрымаў права для мовы сваей у святыні і стаўся поўнапраўным грамадзянінам Валадарства Хрыстовага. Пачуўшы словы мовы роднай, так пагарджанай дагэтуль, твар слухачоў ажывіўся, заяснеў. Запанавала святая цішыня. Кожнае слова слухачы, здаецца, жыўцом глыталі. Узрушанне маё сардэчнае хутка ўдзялілася ўсёй вялізарнай грамадзе слухаючых, і нямую ціш у касцёле замяніў нічым не ўстрыманы плач галосны”, – пісаў святар.

Візітацыя працягвалася. У кожнай парафіі, куды прыязджаў біскуп, былі казанні і на польскай, і на беларускай мовах. Кс. Міхал Пятроўскі прапаведаваў па-беларуску ў Друі, Іказні, Германавічах, Шаркаўшчыне. У Ваўкалаце казанне пра бежмаванне меў кс. Эйсмант. У Будславе, Касцяневічах, Крывічах і Радашковічах – кс. Вінцэнт Гадлеўскі, будучы выбітны дзеяч беларускага нацыянальнага руху. У Красным, Маладзечне і Мосары – кс. Міхал Шалкевіч, у Будславе і Вілейцы – кс. Андрэй Цікота. У Друі і Барадзенічах – кс. Адам Станкевіч.

Вернікі, сярод якіх было шмат праваслаўных, што дзеля цікавасці прыходзілі ў касцёл, прынялі беларускія казанні пазітыўна. Толькі ў Радашковічах некаторыя польскія шавіністы паспрабавалі зладзіць дэманстрацыю супраць беларускага слова, выходзячы ў час казання з касцёла. Візітацыя і беларускія казанні зрабілі вялікае ўражанне на народ.

“Мы ніколі ні забудзім лета 1917 году, калі Віленскі Біскуп Ропп аб’езджаў Дзісьненшчыну. Тады і старыя, і малыя ішлі ад нас у тыя парахвіі, гдзе быў пастыр, каб паглядзець, як людцы спатыкалі і прымалі свайго пастыра – мучаніка, каторы пасьля дзесяцігадовай няволі, калі царская сіла і яго прыхвостнікаў скончылася, вярнуўся да сваіх верных авечак. Але ішчэ што іншае ўрэзалася нам у памяць у гэтым часе. Гэтаж мы, тады як быў Біскуп Роп, першы раз пачулі ксяндзоў, прамаўляючых па касьцёлах да людзей у нашай беларускай мове. Гэтакаго здарэньня мы мусіць і да сьмерці ні забудзімся”, – пісаў у верасні 1919 года карэспандэнт віленскай газеты “Krynica”.

Біскуп Эдвард Роп. Фота пачатку ХХ стагоддзя.

Скончыўшы візітацыю, біскуп Эдвард Роп накіраваў ліст-цыркуляр да духавенства, у якім падкрэсліў нізкі стан рэлігійнай свядомасці ў народа і прадпісаў увесці разам з польскімі казанні і на беларускай мове. Біскуп загадваў, дзе магчыма, прамаўляць казанні па-беларуску штонядзелі, а дзе святар не валодае беларускай мовай, – падчас фэстаў, на якіх збіраецца духавенства з ваколіцы. Ён зазначаў, што гэтае правіла датычыць парафій у вёсках і мястэчках, бо ў гарадах з іх складанай нацыянальнай і палітычнай сітуацыяй беларуская мова магла выклікаць непаразуменні.

Погляд з самалёта на касцёл у Будславе. Фота 1918 года, з калекцыі Кастуся Шыталя.

Цыркуляр біскупа Ропа стаў юрыдычнай падставай для ўжывання беларускай мовы ў касцёлах на Дзісненшчыне. Адразу некалькі святароў ўзяліся прапаведаваць па-беларуску. Так кс. Адам Станкевіч у 1918 годзе прамаўляў беларускія казанні падчас урачыстасцяў у Барадзенічах, Замошшы, Далёкіх, Ёдах, Друі, Шаркаўшчыне, Германавічах, Мёрах і Іказні. У Шаркаўшчыне ўжываў беларускую мову новапрызначаны пробашч кс. Міхал Пятроўскі. У Мосары – кс. Міхал Шалкевіч, у Барадзенічах – кс. Віктар Шутовіч.

Адначасова паводле загаду біскупа Эдварда Ропа ў парафіях – у Дзісне, Друі, Іказні, Германавічах, Барадзенічах, Шаркаўшчыне – закладаліся гурткі хрысціянскай дэмакратыі. Гэта была форма арганізацыі вернікаў, якія займаліся грамадскай, асветніцкай і дабрачыннай дзейнасцю ў адпаведнасці з сацыяльным вучэннем Касцёла, выкладзеным у энцыкліцы Папы Льва ХІІІ “Rerum Novarum”. Кіраўніком гэтай дзейнасці быў вышэйзгаданы кс. Міхал Пятроўскі – пробашч у Шаркаўшчыне, а фармальным старшынёй Саюза хрысціянскіх дэмакратаў Дзісненскага павета з’яўляўся Вацлаў Бароўскі, уладальнік маёнтка Радзюкі.

Біскуп Эдвард Роп і прадстаўнікі мясцовай арыстакратыі на ганку маёнтка Крыкалы каля Дунілавіч. Побач з біскупам стаіць Марыя Абрамовіч, апошняя ўладальніца маёнтка.

Восенню 1917 года біскуп Эдвард Роп мусіў развітацца з пасадай Віленскага біскупа, бо Апостальская Сталіца прызначыла яго арцыбіскупам Магілёўскім. Архідыяцэзія толькі называлася Магілёўскай, але яе цэнтр быў у Петраградзе, і яна ахоплівала большую частку Расіі.

Тым часам 7 лістапада 1917 года ў Расіі адбыўся пераварот, вядомы як Кастрычніцкая рэвалюцыя, у выніку чаго ўладу захапілі бальшавікі. У 1919 годзе яны арыштавалі арцыбіскупа Ропа, але праз некаторы час вызвалілі яго і дазволілі выехаць у Польшчу. Арцыбіскуп Роп памёр у Познані 25 ліпеня 1939 года. У 1983 годзе яго парэшткі былі перапахаваныя ў сутарэннях архікатэдральнага касцёла ў Беластоку.

Новым Віленскім біскупам прызначылі ў 1918 годзе Юрыя Матулевіча. У лютым таго ж года немцы сталі наступаць на ўсход, і тэрыторыя Дзісненскага павета на дзевяць месяцаў апынулася пад іх уладай. Лінія фронту больш не аддзяляла католікаў Дзісненшчыны ад біскупскай сталіцы. Біскуп Юры Матулевіч, якога ў 1987 годзе Касцёл абвясціў бласлаўлёным, са спагадай ставіўся да беларусаў. Ён прызначаў на парафіі ў Дзісненскім павеце святароў-беларусаў: кс. Андрэя Цікоту – у Друю, кс. Антонія Зянкевіча – у Друю, а потым у Глыбокае, кс. Ільдэфонса Бобіча – у Ідолту, потым у Германавічы, кс. Зянона Якуця – у Шаркаўшчыну (памёр у студзені 1924 года), кс. Францішка Рамэйку – у Задарожжа, кс. Язэпа Германовіча – у Лужкі (у 1924 уступіў у ордэн марыянаў у Друі), кс. Яна Жука – у Новы Пагост. Некаторыя з гэтых святароў прамаўлялі па-беларуску штонядзелі, іншыя – падчас вялікіх урачыстасцяў. Дзякуючы гэтаму беларускія казанні і ўжыванне беларускай мовы ў катэхізацыі не былі рэдкасцю.

Паводле Рыжскай мірнай дамовы ад 18 сакавіка 1921 года Дзісненскі павет стаў часткай Польскай Рэспублікі. Палякі, якія складалі значную частку эліты гэтага рэгіёна, непрыхільна ставіліся да беларускай мовы ў касцёле, бо чакалі, што касцёл будзе ўмацоўваць тут польскую культуру. Прызначаны ў 1927 годзе Віленскім арцыбіскупам Рамуальд Ялбжыкоўскі таксама не разумеў патрэбаў беларусаў. Гэтыя і іншыя прычыны прывялі да таго, што да канца 20-х гадоў ХХ стагоддзя ўжыванне беларускай мовы ў касцёлах нашага рэгіёна спынілася. Нанова беларуская мова стала ўжывацца ў каталіцкім жыцці толькі ў 90-я гады ХХ стагоддзя, калі Беларусь атрымала незалежнасць.

Кастусь Шыталь, краязнаўца

для друку для друку