З 19 па 21 сакавіка ў Дабрачыннай Місіі Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай у Мінску трывалі духоўныя практыкаванні, падчас якіх супрацоўнікі і бацькі рыхтаваліся да Вялікадня. У рэкалекцыях прымалі ўдзел таксама ўсе ахвотныя.
Вернікі трывалі на малітве амаль увесь дзень у суботу і нядзелю — адарацыя Найсвяцейшага доўжылася з 13.00 да 17.00. У гэты час можна было прыступіць да сакраманту споведзі.
Таксама падчас гэтых рэкалекцый адбыліся адмысловыя малітоўныя сустрэчы для супрацоўнікаў Місіі. Выхавацелі, педагогі, адміністрацыя і іншыя разважалі над сэнсам служэння. Спадарыня Юлія падзялілася з samaranin.by, што “калі людзі моляцца разам гэта адлюстроўваецца на якасці іх стасункаў. Сумесная малітва — ключ да ўзаемаразумення, прыняцця бліжняга. Яна робіць супрацу больш глыбокай і мэтанакіраванай”. Таксама яна сказала, што дзеці заўсёды адчуваюць унутраны стан выхавацеляў, іх адносіны паміж сабой. “Еднасць усіх супрацоўнікаў гэта моц”, — дадала Юлія.
“Рэкалекцыі дапамаглі мне адчуць духоўную еднасць з прысутнымі і зразумець, што кожны мае сваю місію, сваё пакліканне”, — распавяла спадарыня Наста, — “гэта была добрая духоўная дапамога падчас Вялікага посту”.
Хрысціянскі Сацыяльны Цэнтр выказвае шчырую падзяку біскупу Алегу за згоду правесці духоўныя практыкаванні.
