Беларусь у «святых» гербах: Малеч

Кожны Новы год пачынаецца з ажыятажу ў СМІ: хто паводле кітайскага ці іншага ўсходняга календара будзе “апекуном” нашага жыцця? Задавальненне ад таго, што гэты, 2017 год, з’яўляецца годам пеўня, могуць мець жыхары старажытнага мястэчка Малеч, якое знаходзіцца ў Бярозаўскім раёне на Брэстчыне.

На атрыманым у 1645 г. разам з Магдэбурскім правам гербе Малеча бачым не толькі постаць чалавека з ключамі, але таксама і прыгожага пеўня. Хто такі чалавек з ключамі? – падобнае пытанне можа ўзнікнуць толькі ў таго, хто зусім не дакранаўся да хрысціянскай культуры і традыцыі. Мы, хрысціяне, святога Пятра, галоўнага апостала, менавіта па ключах да валадарства нябеснага, якія ён атрымаў ад Хрыста, пазнаём у іканаграфіцы і ў скульптурах. І, безумоўна, усякія сумневы адпадаюць, калі бачым пеўня.

Евангелле распавядае гісторыю адрачэння Пятра і знака, які ён атрымае: “Адрачэшся ад мяне, – кажа Хрыстос, – перад тым, як певень прапяе тры разы!” І сапраўды, менавіта голас птушкі стаў для Пятра знакам: ён тройчы адмовіўся прызнавацца ў знаёмстве са сваім Настаўнікам.

Адбітак гарадской пячаткі.

Герб Малеча ў сённяшнім выглядзе адноўлены па адзіным знойдзеным адбітку гарадской пячаткі. Паколькі ён чорна-белы, то колеры адноўленага, сучаснага герба не арыгінальныя. Пячатка мае ў сабе больш дэталяў, таму можна сучасны герб лічыць спрошчанай версіяй.

А на адбітку ёсць цікавыя дэталі. Надпіс на лацінскай мове ўнізе “s petrus” здымае ўсякія сумневы: гэта святы Пётр. Мы бачым, што тварам апостал звернуты да крыжа Збаўцы, а не да пеўня, сімвала сваёй здрады. Таксама яшчэ адна цікавая дэталь: лодка з двума рыбакамі, якія закінулі сеткі. Гэта можа быць і Пётр з Езусам, сваім Настаўнікам, але, хутчэй за ўсё, гэта Пётр са сваім братам Андрэем, таксама рыбаком, які, дарэчы, Пятра з Езусам і пазнаёміў.

З даступных крыніц немагчыма зрабіць выснову пра тое, чаму менавіта св. Пётр стаў апекуном Малеча. На жаль, да нас не дайшла назва старой царквы ў гэтым мястэчку. Верагодна, менавіта яна насіла назву святога Пятра.

Мы жадаем жыхарам Малеча пражыць новы каляндарны год пад апекай святога Пятра, галоўнага сярод апосталаў, а не пад крыламі пеўня, галоўнага сярод курэй у куратніку.

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч, марыянін. Росіца

для друку для друку