Айцы Касцёла. Базыль Вялікі. Чаму «Вялікі»?

Базыль Вялікі з’яўляецца пасля Атаназія другім з чатырох вялікіх айцоў Усходняга Касцёла. Ён сапраўды заслугоўвае таго, каб так яго называлі па меншай меры па трох прычынах.

Базыль Вялікі перш за ўсё таму, што, як і Атаназій, ён выдатна спраўляўся з роляй біскупа ў сітуацыі вялікага замяшання, спрэчак і ўзаемных абвінавачванняў у ерасі сярод кіраўнікоў касцельных супольнасцяў. Ён таксама ў адносна маладым узросце стаў біскупам вялікай па значэнні правінцыі Цэзарэі і мітрапалітам усёй Кападокіі. Ён эфектыўна арганізаваў падпарадкаваны яму епіскапат, прызначаючы біскупамі сваіх сяброў, г.зн. людзей, тэалагічныя погляды якіх ён выдатна ведаў. Ён арганізоўваў сіноды і забяспечваў адзінства з каталіцкім прававерным вучэннем.

Другой прычынай, па якой Базыль цалкам заслужыў тытул Вялікі, з’яўляецца яго багаты тэалагічны вопыт.

Базыль атрымаў вельмі грунтоўную класічную адукацыю.

Ён паходзіў з заможнай святарскай сям’і. Гэта сям’я была не толькі заможнай, але і пабожнай. Усе яе чальцы клапаціліся пра адукацыю, выхаванне і ўзрастанне ў хрысціянскай веры сваіх дзяцей.

Базыль першапачаткова атрымаў адукацыю ў Кападокіі, потым паехаў вучыцца ў Афіны. Там ён набыў веды па рыторыцы і філасофіі, якія пазней аказаліся вельмі прыдатнымі для тлумачэння цяжкіх і складаных праўдаў веры. Ён пакінуў пасля сябе твор “Пра Духа Святога”, а таксама шмат лістоў, у якіх тлумачыць складаныя тэалагічныя пытанні. Гэтыя творы і сёння з’яўляюцца “ежай” для тэолагаў.

І, нарэшце, трэцяя прычына, чаму Базыль названы Вялікім, – гэта глыбокае духоўнае жыццё, якое ён вёў.

Першапачаткова ён прысвяціў свой час вывучэнню не толькі свецкіх навук, але таксама Святога Пісання, чытаў шмат тэкстаў настаўнікаў духоўнага жыцця.

На той час Касцёл ужо меў даволі багатую спадчыну ў гэтай сферы, бо ўжо мінулі часы Арыгена і першых айцоў-пустэльнікаў, з’явіліся першыя тэксты пра малітву і духоўнае жыццё. Базыль сам арганізаваў у сваім радавым маёнтку пустэльню, дзе праводзіў свой вольны час. Ён, калі быў ужо біскупам, шматразова пакідаў сваю біскупскую катэдру, каб правесці доўгія месяцы ў адасабленні, у глыбокім духоўным жыцці. Ён таксама быў настаўнікам для тых, хто хацеў цалкам прысвяціць сябе вывучэнню Святога Пісання і малітве, г.зн. для манахаў. Ён арганізаваў першыя манаскія супольнасці, напісаў “Манаскія правілы” для тых, хто хацеў прыняць такі лад жыцця. Да сённяшняга дня на Усходзе фактычна існуе толькі адзін манаскі ордэн – базыльянаў, які жыве паводле правілаў св. Базыля.

Такім чынам, тры прычыны – эфектыўнасць касцельнай арганізацыі, тэалагічныя веды і духоўны вопыт – робяць яго сапраўды вялікім айцом Касцёла.

Святая сям’я

Гаворачы пра Базыля, варта згадаць яго сям’ю, бо ўсе былі прызнаныя святымі.

Яго бабуля – Макрына – была вучаніцай вялікага александрыйскага настаўніка Грыгорыя Цудатворца, шмат уклала ў яго хрысціянскую веру. Яна была для яго прыкладам сапраўды сталай веры. Сам Базыль сведчыць, што такое ўвогуле здараецца нячаста, але яго сям’я сапраўды мае прывілей і радасць, бо гаспадыня дома, бабуля Макрына, – вельмі чулы чалавек з глыбокім духоўным жыццём, які не навязвае сваю пазіцыю і спрыяе духоўнаму ўзрастанню тых, хто прыходзіць у яе сям’ю.

Бацькі Базыля Вялікага – Базыль і Эмілія – таксама былі людзьмі вельмі пабожнымі, прычым з падкрэслена здаровай пабожнасцю, якая засяроджвалася на паслухмянасці Евангеллю і вельмі простым выкананні запаведзі любові. Верагодна, гэта вельмі выразны знак таго, што Евангелле ў іх доме не было “вайсковай зброяй” або пустым гукам, але на самай справе яно праяўлялася ў практычным жыцці братэрскай любоўю.

Слугі тых, хто мае патрэбу

Сам Базыль, апрача вялікіх касцельных спраў, надаваў шмат увагі звычайнаму штодзённаму служэнню бедным, тым, хто ў патрэбе. Фактычна ў сваёй дыяцэзіі ён стварыў першы хрысціянскі Цэнтр дапамогі людзям у патрэбе, які ад яго імя атрымаў назву Базыліяда. Там ён прымаў пілігрымаў, пажылых і бедных людзей.

Трэба, аднак, адзначыць, што ў гэтай галіне яшчэ большыя заслугі меў родны брат Базыля – Наўкратый, – які арганізаваў пустэльню побач са сваім домам. Там ён жыў са слугой, каторы хацеў пераймаць лад жыцця свайго гаспадара, там таксама знаходзіліся людзі сталыя і хворыя. Гэта была супольнасць накшталт першага “Каўчэга”, які заснаваў і якім кіраваў вядомы філосаф і тэолаг Жан Ванье. Такая супольнасць злучала ў адно пры дапамозе цноты любові здаровых людзей з хворымі.

Наўкратый прысвяціў усё сваё жыццё, працу і вольны час клопату пра тых, хто мае патрэбу. На жаль, гэты праект трываў нядоўга. Аднойчы, ідучы на рыбалку, каб забяспечыць ежай тых, хто знаходзіўся пад яго апекай, Наўкратый патануў. Так трагічна загінуў у вельмі маладым узросце руплівы слуга бедных.

Брат і сястра

Яшчэ адзін брат Базыля – Грыгорый Ніскі – і яго сястра Макрына малодшая таксама прысвяцілі сябе касцельнаму жыццю. Грыгорый стаў біскупам, хоць жыў у шлюбе і ў сям’і, а яго сястра арганізавала пустэльню, ведучы манаскае жыццё. Да Макрыны далучылася пасля смерці мужа яе маці, стаўшыся падначаленай уласнай дачкі.

Мы бачым, што сям’я Васіля сапраўды была святой і жыла хрысціянскімі каштоўнасцямі.

Кс. Павел Эйсмант

для друку для друку