Раз на месяц браты Джэ-ван і Джэ-гю разам з жонкамі сустракаюцца за абедам і абмяркоўваюць сямейныя справы. Джэ-ван жыве досыць сціплым жыццём з немаладой ужо жонкай, састарэлай маці, хворай на дэменцыю, і невукам сынам. Аднак ён выдатны доктар і ўратаваў нямала жыццяў. Яго брат Джэ-гю, наадварот, не можа пахваліцца высокімі маральнымі арыенцірамі. Ён паспяховы адвакат, які за вялікія грошы гатовы абараняць нават самых ад’яўленых злачынцаў. Затое ў яго дарагі аўтамабіль, шыкоўная кватэра і маладая жонка, каторая толькі што нарадзіла яму дзіця. Ёсць у яго і дачка ад першага шлюбу. Яна выдатніца, ад бацькі ёй патрэбныя толькі грошы і яна бунтуе, як усе падлеткі.
Аднойчы на вуліцы Сеула адбываецца канфлікт двух кіроўцаў. Багаценькі мажор на зухаватай тачцы ўразаецца ў іншы аўтамабіль. Пачынаецца разборка, і ён у запале забівае насмерць іншага кіроўцу і цяжка траўмуе яго дачку. Дзяўчынка трапляе на аперацыйны стол да Джэ-вана, а забойца звяртаецца па абарону да Джэ-гю. Гэтая падзея яшчэ больш абвастрае і так няпростыя адносіны дзвюх сем’яў, а пакуль дарослыя выясняюць стасункі і спрачаюцца на тэмы маралі, іх дзеці ў тайне ад бацькоў з захапленнем глядзяць відэа, дзе круты хлопец забівае небараку вадзіцеля.
А неўзабаве па інтэрнэце разлятаецца іншае відэа. На ім двое падлеткаў збіваюць да паўсмерці бяздомнага мужчыну. Паліцыя не можа знайсці злачынцаў, але бацькі адразу пазнаюць у сілуэтах падлеткаў сваіх дзяцей, і чарговы сямейны абед азмрочваецца куды больш цяжкай маральнай дылемай.
Паўднёвакарэйская драма “Нармальная сям’я” (2023) – гэта ўжо чацвёртая спроба перанесці раман Германа Коха “Вячэра” на экраны, і такая запатрабаванасць сведчыць пра дакладнае траплянне апісанай вышэй гісторыі ў нерв сучаснага грамадства.
Фільм утрымлівае ў аснове шырокую тэму сацыяльнага расслаення і звязаных з ім маральных дылем, але паступова фокус стужкі пачынае змяшчаецца, карціна закранае тэму страчанай сувязі пакаленняў, адчужанасці бацькоў і дзяцей і ўрэшце дасягае свайго піку, калі на першы план выходзіць непераадольная сіла бацькоўскага інстынкту. Сцэна за сцэнай, і бацькі праходзяць шлях ад адмаўлення відавочнага да прыняцця праўды, а высокія маральныя арыенціры разбіваюцца аб прагу любой цаной абяліць і ўратаваць сваіх дзяцей ад заслужанай адплаты. А калі ўладу бяруць інстынкты, то трагедыі не пазбегнуць.
Аднак дзецям не абавязкова станавіцца злачынцамі, каб бацькі паказалі сваё сапраўднае аблічча. І тут на розум прыходзіць іншы фільм, які раскрывае тую ж тэму, але не ў трагічным, а ўжо ў камедыйным ключы.
Двое школьнікаў, Закары Коэн і Ітан Лонгстрыт, пабіліся ў дзіцячай разборцы, і адзін з іх страціў зуб. Неўзабаве бацькі двух хлопчыкаў збіраюцца разам, каб цывілізавана вырашыць канфлікт. Сустрэча, натуральна, пачынаецца крыху нацягнута, затое ў найвышэйшай ступені прыстойна. Абодва бакі, нягледзячы на розніцу ў характарах і сацыяльным статусе, усімі магчымымі спосабамі спрабуюць згладзіць вуглы. Але паступова розныя погляды на жыццё і выхаванне дзяцей пачынаюць абвастраць сітуацыю, і ўрэшце маскі цывілізаваных людзей спадаюць і ўсчынаецца сапраўдная слоўная разня, поўная лаянкі, абразаў і камічных сітуацый.
Фільм Рамана Паланскага “Разня” (2011) дзейнічае па тым жа прынцыпе, што і “Нармальная сям’я”. Канфлікт з удзелам дзяцей прымушае дарослых уступіць у дыскусію, толькі нагода гэтым разам куды больш бяскрыўдная. Тым камічней выглядае тая сур’ёзнасць, з якой бацькі разбіраюць справу сваіх дзяцей. Слова чапляецца за слова, і вось ужо дэталі дзіцячага канфлікту становяцца аргументамі самасцвярджэння дарослых. Вырашэнне канкрэтнай праблемы афарбоўваецца сацыяльным, маральным і ідэалагічным матывамі, а кааліцыі імкліва мяняюцца. Спрэчка дзвюх сямейных параў трансфармуецца ў супрацьстаянне інтэлігенцыі і сярэдняга класа, маралізатарства і цынізму, мужчынскай і жаночай салідарнасці, а бліжэй да фіналу сувязі рушацца, і кожны застаецца сам па сабе. Канфлікт, што пачынаецца як дарослая цывілізаваная дыскусія паступова пераўтвараецца ў дзіцячую патасоўку з камічнымі абразамі і шпурляннем рэчамі. А тым часам, як бацькі здзяціньваюць, дзеці ўжо паспяваюць прымірыцца.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!