Апытанне да Дня закаханых: “Пазнаёміліся ў Касцёле”

З нагоды Дня святога Валянціна, які зусім нядаўна адзначаўся, “Каталіцкі Веснік” звярнуўся да параў, якія пазнаёміліся ў Касцёле.

Мазынскія Аляксандр і Марыя (адказвае Аляксандр):

 – Наша знаёмства адбылося ажно дванаццаць гадоў таму (14 мая 2009). Чаму ажно? Таму што шмат чаго адбылося за гэты час. Сям’я – гэта няпростая справа, і тут без Бога нічога не атрымаецца. Памятаю, калі я быў яшчэ «зялёны», а дакладней, заканчваў другі курс універсітэта, то пробашч Ветрынскай парафіі кс. Валянцін прапанаваў паехаць у пілігрымку ў Кракаў. Для мяне гэта быў вельмі складаны час навучання, але не ведаю чаму я згадзіўся. Там я і пазнаёміўся са сваёй тады яшчэ будучай жонкай Марыйкай. І магу запэўніць, што кахання з першага позірку не бывае, хіба што для мяне.

Памятаю, што, калі выходзілі з аўтобуса, яна адразу ўзяла мяне “ў абарот”, спіхнула нейкія рэчы і яшчэ скардзілася, што я сам не вызваўся дапамагчы. Я падумаў, чаго яна да мяне прычапілася? Але і ўявіць сабе не мог, што праз пару дзён буду вельмі сумаваць па ёй, бо давялося раз’ехацца пасля пілігрымкі.

Рамантыкам я ніколі не быў, таму Бог вырашыў мне ў гэтым дапамагчы. У хуткім часе Марыйка мне патэлефанавала, і пачаўся ў нас перыяд рамантыкі і закаханасці. Праз год пасля знаёмства мы ўзялі шлюб у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Наваполацку. Яшчэ праз год у нас нарадзілася дачушка Кацярынка. Гэты час быў вельмі няпросты, але калі час быў просты? Я яшчэ заканчваў вучобу ва ўніверсітэце, ды і характары ў нас абоіх вельмі складаныя. Зараз у нас чацвёра дзяцей: Кацярынка, Янік, Вераніка і Дамініка. Нам здаецца, што мы – самая шчаслівая сям’я! І за гэта ўсё дзякуем Пану Богу!

Сідлярэвіч Дзмітрый і Таццяна:

Дзмітрый: У нас ёсць дзве гісторыі знаёмства. Я памятаю адну, Таня памятае другую. Першы раз мы пазнаёміліся на “Літаратурнай вечарыне” у Гродзенскай семінарыі. Нас пазнаёміла сяброўка. Гэта было ў 2015 годзе. Тады я падумаў, што яна класная дзяўчына.

Таццяна: Я памятаю гісторыю знаёмства дзесьці на паўгода пазнейшую. Гэта было на дзень нараджэння майго сябра, які праходзіў у нашай гродзенскай парафіі на Дзевятоўцы. Дзіма таксама там прысутнічаў. Аднак візуальна я ведала яго яшчэ раней, бо ён іграў на гітары ў касцёле. Пасля таго, як мы пазнаёміліся, мы не адразу пачалі сустракацца. Былі пэўныя перапынкі. Некалькі гадоў мы падтрымлівалі адносіны анлайн, а потым Дзіма запрасіў мяне на свой дзень нараджэння. Пасля зноў быў перапынак. У 2017 годзе мы пачалі сустракацца. У 2019-ым адбыўся шлюб. Дзяцей у нас пакуль няма.

Дзмітрый: Для мяне сям’я – месца асабістага росту, месца сілы. Сям’я – гэта адказнасць. Таксама гэта шмат добрых момантаў, перажытых разам. Сям’я – гэта крута! Дарэчы, мы праводзім у касцёле курс для сем’яў. Тут пары разам узрастаюць духоўна, абмяркоўваюць розныя важныя рэчы.

Таццяна: Для мяне сям’я – гэта ахвярнасць адно аднаму. Гэта пэўная аддача, калі я гатова аддаваць іншаму больш, чым браць сабе. Сям’я не падразумявае жыць для сябе, а толькі для кагосьці. Гэта ўтульнасць, падтрымка, сіла. Файна, калі ты разам з мужам можаш служыць у Касцёле. Я пра гэта марыла.

Сям’я Мезіных, Віталь і Ганна (адказвае Віталь):

 – Сям’я наша дастаткова маладая, нам толькі адзін год і пяць месяцаў. Калі ўспамінаем пра нашую гісторыю знаёмства, то да гэтага часу здзіўляемся, як гэта так усё магло здарыцца. Можна прысвяціць гэтаму цэлую кнігу! Хоць мы з Ганначкай перад нашым знаёмствам і жылі амаль што ў адным горадзе – яна ў Бараўлянах, а я ў Мінску – і нават быў перыяд, мы спецыяльна падлічылі, калі хадзілі ў адзін касцёл, але нашае першае знаёмства адбылося па-за роднай Беларуссю. А менавіта ў добра вядомым усім мястэчку Меджугор’е ў Босніі і Герцагавіне. А ў 2018 годзе з 31 ліпеня па 7 жніўня адбываўся 29 Міжнародны хрысціянскі моладзевы фестываль «Младзіфэст». І дзіўна тое, што мы нават не былі ўдзельнікамі адной пілігрымкі. Ганначка туды прыехала аўтобусам з пілігрымамі ад Чырвонага Касцёла, і зусім выпадкова (яе прыгоды заслугоўваюць асобнага апавядання), а я разам са сваімі сябрамі з малітоўнай супольнасці “Бога Айца” акурат ехаў туды з Аўстрыі, дзе мы ўдзельнічалі ў рэкалекцыях. Пад канец фестывалю я выпадкова даведаўся, што Ганначка грае на скрыпцы, а наш ксёндз пробашч Андрэй Сіповіч з парафіі Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, дзе мы гралі на Святой Імшы а 18 гадзіне, акурат, як памятаю, маліўся за тое, каб у нас з’явілася скрыпка ў групе праслаўлення. І я, не доўга думаючы, падлятаю да Ганначкі з прапановай далучыцца да нас на Кальварыі, каб іграць на cвятых Імшах і адарацыях. Так і сталася.

Але праз месяц я даведаўся, што мяне прынялі ва ўніверсітэт у Польшчы, і з кастрычніка пачынаецца новая старонка ў маім жыцці. Мы з Ганначкай пісалі і тэлефанавалі адно аднаму амаль што кожны дзень. Цяжка сказаць, калі нашае сяброўства перарасло ў нешта большае. Але тут было і выпрабаванне, бо амаль год мы не бачыліся, акрамя некалькіх нечаканых спатканняў. Нашы адносіны былі ў асноўным толькі ў анлайн-прасторы. Шмат хто кажа, што адносін на адлегласці не існуе. Мы выключэнне ☺.

Праз год мы даведаліся, што Ганначка паступіла ва ўніверсітэт у Польшчу. А яшчэ праз год, на два гады нашага знаёмства, я зрабіў прапанову рукі і сэрца ў санктуарыі Маці Божай Тракельскай. Менш чым праз месяц, 29 жніўня 2020 года, пры велізарнай дапамозе нашых сяброў і бацькоў адбыўся наш шлюб. А пазней, трошкі больш чым праз год, амаль на мой дзень нараджэння, Бог падарыў нам дачушачку. Сям’я для нас цяпер – гэта пакліканне, на якое мы адказалі і ў якім павінны сябе рэалізаваць як муж і жонка, каторыя кахаюць, як бацькі, каторыя клапоцяцца і любяць, як хрысціяне, каторыя сведчаць.

Сяргей і Віялета Кучынскія (адказвае Сяргей):

 – Мы з Віялетай сустрэліся ў 2009 годзе, калі яна прыехала з Ваўкавыска ў Мінск вучыцца. Пазнаёміліся мы на сустрэчах моладзі, якія адбываліся ў Архікатэдральнам касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Віялета знайшла гэты касцёл выпадкова, але ён ёй адразу спадабаўся, і яна вырашыла яго наведваць. Ад таго часу наш шлях пралягаў побач, і ён у значнай ступені звязаны з Касцёлам: мы спяваем у парафіяльным хоры Gloria, зараз з малым дзіцём не атрымліваецца, але, спадзяёмся, што гэта часова. Таксама мы належым да дамініканскага ордэна свецкіх.

Наша ўзаемная сімпатыя ўзрастала. Праз чатыры гады мы пачалі сустракацца, а яшчэ праз паўтара года ўзялі шлюб. Зараз нашай сям’і шэсць з паловай гадоў, мы маем сыночка Дамініка (два гады і чатыры месяцы) і чакаем нараджэння яшчэ і дачкі. Дзеці патрабуюць шмат высілкаў і ахвярнасці, але гэта такое шчасце – любіць гэтых маленькіх чалавечкаў і адчуваць іх любоў да цябе!

Сям’я для мяне з’яўляецца адной з найважнейшых частак жыцця. Магу з упэўненасцю сказаць, што вера ў Бога – гэта той падмурак, на якім мы з Віялетай будавалі свае адносіны ад пачатку і на якім зараз нашая сям’я стаіць. Агульнае і супольнае духоўнае жыццё (малітва, духоўныя практыкі ордэна, наведванне Касцёла) вельмі спрыяе духоўнаму ўзрастанню, бо ў хвіліны цяжкасці ці ляноты ёсць чалавек, які падтрымае і дапаможа. Дзякую Богу за маю сям’ю!

Гардзіенка Юрый і Паўліна (адказвае Паўліна):

– Пазнаёміліся мы з мужам, калі ён далучыўся да нашага каталіцкага праекту «Рыбы». Я грала на клавішах, а ён быў гітарыстам. Праз год у нас завязаліся адносіны. Галоўнай і першай умовай нашых адносінаў было тое, што мы будзем жыць у чысціні да шлюбу. Другой умовай – што гэтыя адносіны прывядуць да шлюбу і толькі. Праз два з паловай гады мы пажаніліся. Нашай сям’і сёлета будзе пяць гадоў. У нас ёсць дзве дачушкі: Моніка (3,5 гады) і Вера (1,8 гадоў). Яны цудоўныя малыя, вельмі сябруюць адна з адной. З самага дзяцінства мы бяром дзяўчынак з сабой у касцёл, расказваем пра Бога, Езуса і Марыю. Таксама ў нас ёсць штодзённая сямейная малітва перад сном, дзе мы дзякуем Богу за дзень, успамінаем усё, што было, гаворым свае просьбы. А затым молімся дзясятку Ружанца. Мы стараемся жыць так, каб Бог быў на першым месцы ў нашай сям’і. Імкнёмся казаць пра гэта нашым дзеткам. Жывём у даверы да Бога. І калі менавіта так і атрымліваецца, то ўсё ў нас добра, адчуваецца Божая рука над нашай сям’ёй.

Андрэй і Юлія Якаўлевы (адказвае Андрэй):

– Упершыню я ўбачыў Юлю на Імшы ў капліцы. Тады ў Наваполацку яшчэ не было касцёла, толькі драўляная каплічка. Юля вучылася ў музычнай вучэльні, а я – у нашым універсітэце. Паколькі я быў міністрантам, то абыходзіў са скарбонкай усю капліцу і бачыў усіх, хто прыйшоў. Мне адразу спадабалася прыгожая, сціплая дзяўчына, якая прыходзіла кожную нядзелю са сваёй сяброўкай. Памятаю, што мне было вельмі цікава, хто яна і адкуль. А пазнаёміліся мы значна пазней на адной з сустрэч моладзі, але, на жаль, зусім не памятаем, пры якіх абставінах.

Доўга мы былі проста добрыя знаёмыя, разам спявалі ў касцельным хоры, хадзілі ў пілігрымкі ды ўдзельнічалі ў шматлікіх сустрэчах моладзі. І нават разам бралі ўдзел у музычным праекце «Кадаш». Дзесьці чатыры гады мы проста сябравалі, з якіх адзін год – на адлегласці, бо Юля скончыла вучэльню і з’ехала ў Мінск вучыцца ва ўніверсітэце. Менавіта за гэты год мы больш зблізіліся, як гэта ні парадаксальна. А ўлетку таго ж года я зрабіў Юлі прапанову. Гэта было ў Будславе пасля начной Імшы.

Потым яшчэ два гады Юля вучылася ў Мінску, пазней прыехала і мы ўзялі шлюб. У мінулым годзе мы адзначалі юбілей – дзесяць гадоў нашай сям’і. У нас тры хлопчыкі: Даніку – 9, Філіпу – 7 і Франіку – 4. І марым, што Пан Бог нам падорыць яшчэ дзяўчынку. Мы адразу дамовіліся, што хочам шмат дзяцей. Вывучалі метад натуральнага планавання сям’і.

З сям’і ўсё пачынаецца. Мы хочам быць добрай хрысціянскай сям’ёй, якая падабаецца Богу. Хочам, каб нашыя дзеці выраслі ў атмасферы любові, прабачэння і міласэрнасці. Каб будаваць Божае Валадарства на зямлі.

Падрыхтавала Ірына Радзевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі