Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі, найстарэйшы іерарх у Беларусі адышоў да Пана 8 лютага 2026 года.
Да апошніх хвілін свайго жыцця біскуп Казімір нёс служэнне на Ніве Пана: яшчэ раніцай у нядзелю ён спавядаў і адпраўляў Эўхарыстыю.
Распавядзем 5 цікавых фактаў з жыцця і служэння іерарха.
Сціплая шматдзетная сям’я
Казімір Велікаселец нарадзіўся 5 мая 1945 года ў вёсцы Стараволя Пружанскага раёна. Яго сям’я была вельмі простай: бацька Іван і маці Ганна працавалі ў калгасе і выхоўвалі пяцярых дзяцей.
Нягледзячы на атэістычныя часы, бацькі былі веруючымі пабожнымі людзьмі і сваю веру перадавалі дзецям.
Кожны вечар сям’я збіралася на малітву, а ў нядзелю разам слухалі радыётрансляцыі Імшаў і набажэнстваў з Польшчы і Ватыкана.
Манаскі абяцанні ў таемнасці
У сярэдзіне 1970 гадоў Казімір працаваў на будоўлі ў Вільні, менавіта там ён пазнаёміўся з ордэнам дамініканцаў і прыняў рашэнне быць святаром.
Падтрымкай і духоўным кіраўніком на гэтым шляху стаў для яго легендарны святар Вацлаў Пянткоўскі з Мядзведзічаў, які стварыў «падпольную семінарыю».
Менавіта дзякуючы добрай падрыхтоўцы, у 1981 годзе Казімір паступае ў Рыжскую духоўную семінарыю адразу на трэці курс.
А яшчэ ў 1981 годзе ён складаў першыя манаскія абяцанні ў ордэне дамініканаў. Паколькі манаства ў СССР было пад забаронай, абрад праходзіў у атмасферы поўнай сакрэтнасці.
Сваю прыналежнасць да ордэну дамініканаў біскуп адлюстраваў на сваім гербе праз чорна-белы шчыт і выяву сабакі з паходняй.
Будаўнік і пробашч
Біскуп Казімір быў дасведчаным чалавекам у справах будоўлі. Дзякуючы гэтаму ён прыклаў свае рукі, розум і сэрца да стварэння і адбудовы некалькі храмаў у Пінскай дыяцэзіі.
Ён не проста кіраваў аднаўленнем святыняў, а часта сам залазіў на рыштаванні і цяжка фізічна працаваў.
Першым і самым вядомым яго праектам стала аднаўленне касцёла ў Ішкалдзі. Гэта ўнікальны помнік готыкі ХV стагоддзя.
Праца па аднаўленні храма працягвалася з 1984 па 1992 год. Ксёндз Казімір сумяшчаў некалькі роляў: пробашча касцёла, прараба, будаўніка. А таксама вырашаў адміністрацыйныя справы: сам ездзіў па дзяржаўных установах і прадпрыемствах, «выбіваючы» цэглу, метал, лес і іншыя будаўнічыя матэрыялы.
Пры гэтым ён здолеў аб’яднаць сваіх парафіян: людзі пасля працы ў калгасе ішлі да касцёла і разам з ксяндзом да позняй ночы цягалі камяні і замешвалі раствор.
Дзякуючы агульным намаганням, Ішкалдскі касцёл з занядбанага будынку ператварыўся ў адзін самых велічных і дагледжаных храмаў Беларусі.
“Апостал Палесся”, “святар на колах”
Ксёндз Казімір Велікаселец быў пасвечаны ў біскупы 24 чэрвеня 1999 года і стаў дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі.
Вернікі называлі іерарха “Апостал Палесся”, бо нават атрымаўшы біскупскую сакру, ён застаўся простым і блізкім да кожнага чалавека.
На сваім старым аўтамабілі іерарх сам наведваў кожную Палескую вёсачку, праязджаючы за месяц некалькі тысяч кіламетраў. Біскуп Казімір маліўся нават там, дзе заставаліся зусім невялікія супольнасці вернікаў.
Дарэчы, ён заўсёды размаўляў з людзьмі на іх мове: не толькі на беларускай, але і на палескіх дыялектах. Шматлікіх вернікаў у гарадах і вёсках біскуп Казімір ведаў па імені, часта спыняўся, каб пагаварыць пра звычайныя жыццёвыя справы.
Нягледзячы на шматлікія абавязкі, іерарх быў чалавекам малітвы. Часта гэтая малітва была ціхая, але заўсёды нястомная.
Ён шмат часу праводзіў за стырном, таму шматлікія падарожжы паміж Гомелем, Пінскам і Баранавічамі былі напоўненыя ружанцовай малітвай.
І нават пасля цяжкага дня мог гадзінамі моўчкі маліцца перад Найсвяцейшым Сакрамантам.
Апошнія гады жыцця
Біскуп Казімір Велікаселец адышоў у Дом Айца 8 лютага 2026 года.
Апошнія гады яго жыцця прайшлі ў Гомелі, дзе біскуп заставаўся актыўным душпастырам, нават пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.
3 студзеня 2021 года Папа Францішак прызначыў яго Апостальскім адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Праз 9 месяцаў, пасля перадачы спраў новаму арцыбіскупу Юзафу Станеўскаму, ён вярнуўся ў Гомель, дзе сціпла жыў пры парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі, працягваючы штодзень спавядаць і служыць Імшы.
Дарэчы, нечаканы падарунак вернікі зрабілі біскупу на 75-гадовы юбілей.
На новы аўтамабіль — серабрыстую Skoda Octavia — людзі збіралі “талакою”. Гэта быў дар сэрца і ад удзячных парафіянаў, і ад маладых святароў і семінарыстаў, якія лічылі біскупа Казіміра духоўным айцом.
Нават у 78-79 год біскупа Казіміра можна было сустрэць на трасе за стырном. Ён наведваў маленькія і вялікія суполкі парафіянаў па ўсім Палессі.
Свой 80-гадовы юбілей у маі 2025 года біскуп Казімір сустрэў у малітве і працы, атрымаўшы мноства віншаванняў як ад простых людзей, так і ад вышэйшага духавенства.
Вечны адпачынак дай яму, Пане…
Падрыхтавала Вікторыя Філіпенка
Фота Марыны Сінкевіч, 2015г.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



