Выкарыстоўваючы акуляры віртуальнай рэальнасці, вы можаце апынуцца на Апошняй вячэры, якую Езус еў са сваімі вучнямі, і адчуць сябе ў самым цэнтры біблейскай падзеі.
Цалкам аўтэнтычны пакой, старадаўнія касцюмы, кераміка, ежа і травы, якія ў тыя часы рыхтавалі ў Ерузаліме да святкавання Вялікадня: дзякуючы спецыяльным акулярам можна яшчэ больш наблізіцца да таямніцы пакут, смерці і ўваскрасення Езуса.
Такі ўнікальны духоўны досвед прапануе фундацыя «Miejsce Słowa» з Познані. «Праект нарадзіўся з жадання глыбей адчуць Евангелле з дапамогай сучасных тэхналогій. «Выкарыстанне віртуальнай рэальнасці (VR) дазваляе ўдзельнікам падарожнічаць у часе і прасторы, становячыся непасрэднымі сведкамі падзей двух тысячагадовай даўніны», — тлумачыць прадстаўнік фонду Аляксандра Карневіч.
«Дзякуючы гэтаму Слова Божае становіцца больш адчувальным і блізкім для сучаснага чалавека», — падкрэслівае яна. Спецыяльная тэхналогія запісу дазваляе бачыць на 360 градусаў, у любой плоскасці. «Гледачы, апрануўшы спецыяльныя акуляры, могуць адчуць сябе так, быццам прысутнічаюць на гэтых ключавых момантах жыцця Езуса.
Акрамя таго, фонд у Познані падрыхтаваў спецыяльны пакой для медытацыі, дзе можна ў цішыні і пад гукі музыкі разважаць над Святым Пісаннем», — працягвае Аляксандра Карневіч. Месца задумана як «прастора для глыбокай малітвы і сустрэчы з Евангеллем у віртуальнай рэальнасці».
Божае Слова ў іншым вымярэнні
«Такі досвед можа значна дапамагчы вернікам перажыць Вялікдзень. Удзельнічаючы ў віртуальных рэканструкцыях велікодных падзей, вернікі могуць лепш зразумець іх сэнс і глыбіню», — упэўнены ў фондзе «Miejsce Słowa». «Мы не збіраемся замяняць святую Імшу. Мы хочам дапамагчы вернікам — і не толькі ім — лепш зразумець, што адбылося падчас Апошняй Вячэры, лепш зразумець сэнс Вялікадня».
Першая прэзентацыя евангельскіх падзей у віртуальнай рэальнасці адбылася яшчэ ў 2021 годзе. У ёй прынялі ўдзел больш за 60 чалавек.
Акрамя «Апошняй вячэры», праект прадугледжвае таксама фільм «Вылячэнне сляпога». Падрыхтоўка сцэны для гэтага праекта запатрабавала грунтоўных кансультацый з біблеістамі, а на самой здымачнай пляцоўцы знаходзілася больш за 100 чалавек.
Паводле pl.aleteia.org
пераклад Марыны Ткач
