Першае паўгоддзе 2024 года мінула, а гэта значыць, што можна падвесці першыя вынікі сёлетніх кананізацыяў і беатыфікацыяў. А таксама пазнаёміцца з новымі святымі і бласлаўлёнымі Каталіцкага Касцёла.
Адзінай кананізаванай на сёння асобай у 2024 годзе з’яўляецца законніца і апосталка ігнацыянскіх рэкалекцыяў Марыя Антонія дэ Пас і Фігэроа, вядомая таксама пад сваім законным імем як Марыя Антонія ад святога Юзафа. Яна блізкая да Папы Францішка і геаграфічна, бо паходзіць з Аргенціны, і духоўна, бо была звязаная з ордэнам езуітаў. Ён жа дазволіў ейную беатыфікацыю ў 2016 годзе. Кананізацыя адбылася сёлета 11 лютага.
Нарадзілася Марыя Антонія ў 1730 годзе на поўначы Аргенціны, якая на той момант была яшчэ частка Іспанскай імперыі. Дзяўчына з дзяцінства вяла пабожнае жыццё, а ў 15 гадоў вырашыла цалкам прысвяціць сябе Богу. Паколькі кляштара ў наваколлі не было, Марыя Антонія проста вырашыла апрануць чорную мантыю і жыць з іншымі жанчынамі ў невялікай супольнасці. Пад кіраўніцтвам езуіта Гаспара Хуарэса яна дапамагала бацькам у выхаванні дзяцей, а таксама клапацілася пра хворых і бедных. Нягледзячы на выгнанне з Іспаніі і яе калоній у 1767 годзе езуітаў, Марыя Антонія пачала практыкаваць ігнацыянскія рэкалекцыі і запрашаць на іх людзей з усёй Аргенціны. Супраціў цывільных уладаў яе пачынанням не перашкаджаў. У 1780 годзе арганізаваныя законніцай рэкалекцыі падтрымаў арцыбіскуп Буэнас-Айрэса. Даведаліся пра іх нават за акіянам: іх, напрыклад, пачалі практыкаваць у парыжскім кляштары Сэн-Дэні, якім кіравала цётка французскага караля Людовіка XVI. Агулам натхняльныя лісты Марыі Антоніі ў перакладах на англійскую і нямецкую мовы былі дасланыя ў многія краіны. Памёрла яна ў Буэнас-Айрэсе 7 сакавіка 1799 года. Менавіта на 7 сакавіка цяпер прыпадае яе ўспамін. Марыя Антонія лічыцца апякункай заснаванай ёю кангрэгацыі Дачок Боскага Збаўцы, а таксама жанчын-прадпрымальніц.
Апроч кананізаванай Марыі Антоніі, у першым паўгоддзі сёлета былі беатыфікаваныя яшчэ тры святары. Першым з іх стаў Гвідон з Манпэлье – сярэднявечны каталіцкі дзеяч з Францыі. Ён нарадзіўся каля 1160 года ў княскай сям’і, што валодала горадам Манпэлье. Аднак замест рыцарскай кар’еры прысвяціў сабе клопату пра блізкіх і дабрачыннасці. Дзеля гэтых мэтаў Гвідон заснаваў ордэн шпітальераў Святога Духа, які быў зацверджаны Папам Інацэнтам ІІІ у 1198 годзе. Таксама ён стварыў у Манпэлье шпіталь, дзе ордэн збіраў бяздомных дзяцей, самотных маці, апекаваўся хворымі, беднымі і пілігрымамі. У 1204 годзе падобны шпіталь быў заснаваны ў Рыме, а затым і ў іншых краінах Еўропы. Арыгінальны ж у Манпэлье праіснаваў да 1562 года, калі быў разбураны кальвіністамі падчас рэлігійных войнаў. Сам ордэн праіснаваў да 1711 года, калі быў далучаны да Рыцарскага і шпітальнага ордэна святога Лазара Ерузалемскага. Сам Гвідон памёр у 1208 годзе і доўгі час быў шанаваны заснаванай ім супольнасцю як бласлаўлёны, хоць афіцыйна гэта адбылося толькі 18 траўня 2024 года. Дзень ягонага ўспаміну – 7 лютага.
26 мая быў беатыфікаваны каталіцкі святар з больш блізкіх да нас часоў – мучанік Джузэпэ Росі. Ён нарадзіўся ў 1912 годзе і ўжо ў 13 гадоў паступіў у семінарыю. Святарскае пасвячэнне прыняў у 1937 годзе, а ягонае служэнне прыпала на гады Другой сусветнай вайны. 26 лютага 1945 года ў вёску, дзе служыў ксёндз Джузэпэ, уварваліся фашысты, помсцячы мясцовым жыхарам за забітых італьянскімі партызанамі вайскоўцаў. Яны падпалілі некалькі дамоў, катавалі і здзекаваліся з больш як чатырох дзясяткаў вяскоўцаў, у асноўным жанчын і старых. Святара ж абвінавацілі ў тым, што ён звонам званоў даў сігнал партызанам. Тым не менш, хутка ўсіх вызвалілі. Парафіяне заахвочвалі святара ўцякаць, аднак ён застаўся з імі, каб суцяшаць, падбадзёрваць і спавядаць насельніцтва. А неўзабаве чатыры фашысцкія жаўнеры вярнуліся ў вёску і забралі ксяндза Джузэпэ з плябаніі. Знайшлі яго толькі 4 сакавіка – пад некалькімі сантыметрамі зямлі ў яме, якую ён выкапаў уласнымі рукамі. На жорстка збітым целе былі відаць колата-рэзаныя раны, сінякі. Святару разбілі сямікілаграмовым валуном чэрап, а пасля яго застрэлілі ў твар. За гэтае злачынства пасля быў асуджаны камандзір фашысцкай брыгады, што дзейнічала ў наваколлі.
Мучанікам з’яўляецца і польскі ксёндз Міхал Рапач, беатыфікаваны 15 чэрвеня. Ён нарадзіўся ў 1904 годзе, а святаром стаў у 1931-м. У сваёй парафіі ён апекаваўся моладзевымі таварыствамі, заснаваў аматарскі тэатр, даглядаў хворых і бедных. Святар сутыкнуўся з вялікім ціскам у 1946 годзе, калі ўлада ў Польшчы перайшла да камуністаў. Аднак пакідаць парафію ён адмаўляўся: «Нават калі б мне давялося ўпасці мёртвым, я не перастану прапаведаваць гэтае Евангелле і не адракуся ад уласнага крыжа». У ноч з 11 на 12 мая ў яго дом уварвалася каля 20 асобаў, якія зачыталі яму вырак смерці і, б’ючы, пацягнулі ў найбліжэйшы лес. Там ксяндза Міхала ўдарылі цяжкім прадметам па галаве і застрэлілі. Дні смерці абодвух закатаваных святароў цяпер сталі днямі іх успамінаў.
Кардынал Марчэла Сэмэрара, прэфект Дыкастэрыі па справах Святых, які ўзначаліў урачыстасці падчас беатыфікацыі ксяндза Рапача, адзначыў, што з дапамогай Эўхарыстычнага хлеба мы таксама можам сказаць сваё «так», якое з’яўляецца абавязкам рабіць і жыць радыкальнымі, адважнымі, нават цяжкімі выбарамі. Ён сказаў, што гэтае «так» зʼяўляецца спосабам адказваць на зло, робячы дабро, становячыся будаўнікамі міру і прымаючы ідэалы таго высокага ўзроўню хрысціянскага жыцця, які святыя са сваімі сведкамі дапамагаюць нам убачыць», ахвяруючы сябе «высакародна ў служэнні найменшым, бедным, маргіналізаваным, самым маленькім і безабаронным». Паводле кардынала, «пашырэнне любові да Хрыста, прысутнага ў кансэкраваным Хлебе», з’яўляецца «адзіным дзейсным проціяддзем супраць атэізму, матэрыялізму і ўсіх тых светапоглядаў, якія пагражаюць чалавечай годнасці».
У другой палове года чакаецца яшчэ некалькі кананізацыяў і беатыфікацыяў – разам каля 25 асобаў з Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Канады, Конга, Лівана, Мексікі, Сірыі, Славакіі. Сярод іх ёсць багасловы, заснавальнікі розных кангрэгацыяў, але таксама і мучанікі, забітыя за смеласць абвяшчаць веру ў Хрыста.
Мечыслаў Гапановіч
