Ёсць меркаванне, што ў касцёле няма мужчын, якія прыходзяць на святую Імшу па сваёй волі. Кагосьці прыводзіць жонка, іншага – мама або сястра, яшчэ некага – дачка. Прадстаўнікі моцнай паловы быццам адбываюць нядзельную павіннасць, стараюцца дагадзіць любімым жанчынам. Сутыкнуўшыся з такой думкай, захацелася яе абвергнуць. Паказаць, што не перавяліся яшчэ мужчыны-каталікі, якія пасля працы спяшаюцца на святую Імшу, дапамагаюць выконваць абавязкі пры касцёле, служаць пры алтары. Часам яны не заўважаюцца, бо цалкам “зрастаюцца” з касцёлам, а іх прысутнасць падаецца такой натуральнай і звычайнай. Гэтых мужчын цяжка прыкмеціць у натоўпе, яны не акцэнтуюць на сабе ўвагу, але штораз выконваюць свае абавязкі, клапоцяцца пра справы свайго касцёла. Да ліку такіх альтруістаў з лёгкасцю можна аднесці Андрэя Жвірко – чыгуначніка, матацыкліста і міністранта.
Усё пачынаецца з сям’і
Андрэй Жвірко нарадзіўся ў невялічкай вёсачцы Войштавічы Валожынскага раёна. Свайго касцёла ў населеным пункце не было, таму разам з бацькамі даводзілася ездзіць у вёску Вішнева, якая знаходзілася за восем кіламетраў ад дому. Сёння Андрэю сорак чатыры, але і зараз ён з настальгіяй прыгадвае тыя падарожжы: маляўнічую дарогу, адмысловы храм, богаслужэнні. У той момант усё гэта падавалася незвычайным і захапляльным. Андрэй, як і ўсе дзеці яго ўзросту, падчас Імшы няўважліва слухаў святара, разглядаў святочныя дэкарацыі ў храме або вывучаў адзенне прысутных.
Але гэта ніяк не перашкаджала ўзрастанню яго духоўнасці. Кожны візіт у касцёл напаўняў незвычайнымі эмоцыямі, спрыяў узрастанню ў веры. У 1993 годзе хлопчык прыступіў да Першай Святой Камуніі. Працяглай падрыхтоўкі да гэтай падзеі не было. Аднойчы мама прынесла невялічкую катэхізмоўку, над якой сын карцеў на працягу некалькіх вечароў. На памяць пра тую падзею захаваўся невялікі абразок, які зараз знаходзіцца ў бацькоўскай хаце. Прыязджаючы да маці, Андрэй часта дастае гэты абразок, заглыбляецца ва ўспаміны пра падзеі, што мелі месца больш за трыццаць гадоў таму.
Кожны год сям’я наведвала фэст у Барунах. Зразумела, што ў той момант вабілі хлопца не адмысловы касцёл і нават не цудадзейны абраз, а цукеркі і пернікі, якімі гандлявалі на прыкасцельнай плошчы. Але менавіта ў той час залажыліся паважлівыя адносіны да Багародзіцы, Якая сёння займае цэнтральнае месца ў жыцці мужчыны.
Такі, як усе
У 1998 годзе Андрэй скончыў школу. У той перыяд ён не вызначаўся асаблівай набожнасцю. Як і ўсе яго аднагодкі, юнак будаваў планы на будучыню, цікавіўся тэхнікай і матацыкламі.
Свой прафесійны шлях хлопец вырашыў звязаць з лясной гаспадаркай, менавіта таму паступіў у барысаўскае вучылішча на лесавода. Адпрацаваўшы год, зразумеў, што лясная галіна не для яго. Менавіта тады перайшоў працаваць на чыгунку, а крыху пазней нават атрымаў адпаведную адукацыю.
Адносіны з Богам у гэты перыяд былі не надта блізкімі. Мужчына наведваў храм па святах, не адыходзіў ад традыцыі бацькоў, аднак глыбокіх стасункаў з Усемагутным не было.
Аднойчы дзве парафіянкі з Лунінецкай парафіі прапанавалі паехаць на фэст да Маці Божай Будслаўскай. Крыху падумаўшы, Андрэй вырашыў здзейсніць невялікае падарожжа. Менавіта там, у Будславе, мужчына перажыў сапраўднае навяртанне, адчуў далікатны дотык Багародзіцы. Гэта сустрэча перамяніла ход думак, стала стымулам да далейшага пазнання Бога. З таго часу духоўнае жыццё набыло зусім іншую афарбоўку. Андрэй стаў глядзець на свет і людзей праз прызму веры. Яму хацелася аддаваць сябе цалкам дзеля служэння Богу.
Усё жыццё Андрэя вабілі матацыклы, якія дарылі адчуванне свабоды. Падарожжы на двухколавым кані натхнялі і давалі магчымасць палюбавацца прыродай, надыхацца хараством, якое падараваў Бог. Урэшце, мужчына вырашыў набыць сабе матацыкл, каб падарожнічаць па касцёлах сваёй краіны. Калі паўстала пытанне колеру, то выбар спыніўся менавіта на блакітным – марыйным колеры. За непрацяглы час пілігрыму Марыі давялося пабываць у розных месцах: у Гудагаі, Барунах, Будславе. Едучы на матацыкле, ёсць магчымасць задумацца над уласным жыццём, памаліцца, падзякаваць Богу, што навакольны свет так гарманічна і цудоўна створаны. Для кагосьці Андрэй можа падацца дзіваком, які грэбуе камфортам і пераадольвае сотні кіламетраў на жалезным кані. Аднак такія падарожжы з’яўляюцца жывым сведчаннем веры, актам поўнага даверу да Бога і пашаны да Божай Маці. З вялікім захапленнем мужчына расказвае і пра новыя маршруты, якія ў найбліжэйшы час хоча пераадолець.
Аддаваць сябе цалкам
Што значыць верыць? Кожны католік адказвае на гэтае пытанне па-рознаму. Андрэй Жвірко лічыць, што верыць – значыць, цалкам аддаваць сябе Богу, не шкадаваць уласных сілаў і талентаў. Менавіта гэтым прынцыпам ён кіруецца ў духоўным жыцці. На сённяшні момант вольны час Андрэя распісаны па хвілінах: пасля працы ён наведвае святую Імшу, дзе выконвае абавязкі міністранта, а таксама утульную студыю “Радыё Марыя”. Працяглы час вернік з’яўляецца валанцёрам на радыё. Акрамя гэтага, ніводзін дзень не праходзіць без ружанца. Мужчына ўваходзіць у суполку “Жывы місійны ружанец”, таму гэта малітва для яго з’яўляецца цэнтральнай і любімай.
Кажуць, што людзі, якія жывуць духоўным жыццём, асаблівыя. І гэта, сапраўды так. Гледзячы на Андрэя, можна заўважыць яго талерантнасць, жыццялюбства, пачуццё гумару. Мужчына навучыўся шчыра радавацца кожнаму дню і падзеям, якія маюць месца ў гэтым дні. Пілігрымкі, супольныя малітвы, дадатковыя набажэнствы, зносіны з людзьмі і звычайныя паездкі на матацыкле – усё гэта прыносіць невымерную радасць, спакой, адчуванне таго, што Бог чуе, бачыць і клапоціцца пра кожнае сваё стварэнне. А ў гэтым, напэўна, і заключана сапраўднае шчасце.
Марта Венславовіч
