Айцец Юзаф Пятушка: «Уладзе плюс, калі яна кіруецца маральнымі каштоўнасцямі рэлігіі»

У выдавецтве «Канфіда» рыхтуецца да друку кніга «Апосталамі не нараджаюцца», якая складаецца з гутарак журналіста Яраслава Чаплі са старэйшым рыма-каталіцкім святаром Беларусі айцом Юзафам Пятушка. Першая палова святарскага жыцця 90-летняга ксяндза прайшла ў Польшчы, другая — ў Барысаве. Адной з тэм гутарак былі адносіны дзяржавы з Рыма-каталіцкай Царквой. Прапануем вашай увазе невялікі фрагмент гэтай часткі кнігі.

Аўтар: У 1947 годзе Каталіцкі Касцёл у партыйных і дзяржаўных дакументах Польскай Народнай Рэспублікі афіцыйна быў абвешчаны галоўным ворагам улады. Але вы распавядалі, што дзяржава ў Польшчы адразу пасля вайны фінансавала аднаўленне вялікай колькасці каталіцкіх святыняў. Як стасуецца адно з другім?

а. Юзаф Пятушка: Складваецца ўражанне, што ў камуністычнай улады адразу пасля вайны не было пэўнай пазіцыі адносна сакральных будынкаў. З аднаго боку, на працягу самых цяжкіх васьмі пасляваенных гадоў дзяржава фінансава дапамагала аднаўленню 400 святыняў, якія лічыла архітэктурнымі і гістарычнымі помнікамі, а з другога — разбурыла 300 грэка-каталіцкіх касцёлаў і некалькі дзясяткаў рыма-каталіцкіх.

Аўтар: Улада ў Савецкім Саюзе пра аднаўленне рэлігійных будынкаў не дбала. Вы добра ведаеце, якія цудоўныя хрысціянскія храмы былі знішчаны на нашай зямлі. А большасць з тых, якія не былі зруйнаваны, зведалі святатацтва. Частка цэркваў і касцёлаў урэшце была вернута вернікам, асабліва актыўна працэс рэстытуцыі адбываўся ў пачатку 1990-х. Але нямала былых святыняў застаецца заселенымі рознымі ўстановамі.

Мы з вамі гаварылі пра вяртанне касцёлаў католікам, але гэта тэма баліць і вернікам іншых канфесій. Праваслаўныя памятаюць пра адабраныя цэрквы у самых розных куточках Беларусі; мусульмане ўспамінаюць свае мячэці ў Мінску, Смілавічах і Відзах; юдэі — сотні малельных дамоў і сінагогаў, будынак адной з якіх — харальнай у Мінску — вядомы ўсім як Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага; лютэране — кірху ў Полацку, пераробленую пад краязнаўчы музей. Час ад часу чуюцца галасы аб іх вяртанні сваім сапраўдным гаспадарам, ды грамадства і дзяржава гэтыя галасы не надта чуюць.

а. Юзаф Пятушка: Думаю, што працэс рэстытуцыі будынкаў, якія некалі служылі вернікам, у Беларусі няпросты. Ён аб’ектыўна ўпіраецца ў шматлікія праблемы — эканамічныя, сацыяльныя, грамадска-палітычныя, урэшце, псіхалагічныя. Тыя краіны Усходняй Еўропы, якія прынялі законы аб рэстытуцыі, з імі таксама сутыкнуліся.

Згодна з законам рэлігійныя арганізацыі павінны былі атрымаць адабраныя ў розны час больш як 11 тысяч аб’ектаў рэлігійнага прызначэння. Сярод іх 10 643 праваслаўныя, 165 мусульманскіх, 144 каталіцкія, 21 будысцкі, 15 юдэйскіх. Закон вызначыў і канкрэтныя тэрміны для перадачы маёмасці: 6 гадоў, калі яна замацавана за ўстановамі аховы здароўя або культуры, унітарнымі прадпрыемстамі або калі там жывуць людзі, і два гады для іншых выпадкаў. Прычым закон прымушаў уласніка маёмасці да перадачы яе рэлігійнай арганізацыі зрабіць у будынку рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы.

Аўтар: Беларускія сродкі масавай інфармацыі ў 2010 годзе абышлі ўвагай факт прыняцця ў Расійскай Федэрацыі закона «Аб перадачы рэлігійным арганізацыям маёмасці рэлігійнага прызначэння, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай або муніцыпальнай уласнасці». І дарэмна, бо вопыт суседзяў у гэтай справе для Беларусі можа быць вельмі карысны.

Так, ніхто не гаворыць, што працэс рэстытуцыі сакральных аб’ектаў беспраблемны, але ў прававой дзяржаве без яго не абысціся. Дзяржава сістэмным працэсам рэстытуцыі рэлігійнай нерухомасці, які б не залежаў ад волі асобных чыноўнікаў, магла б не толькі вярнуць гістарычную справядлівасць, але і паказаць, што яна сапраўды гарантуе недатыкальнасць правоў уласнікаў.

Дарэчы, айцец Юзаф, нехта мне казаў, што ў Барысаве вы доўгі час жылі непасрэдна ў касцёле. Я стараюся зразумець: а дзе?

а. Юзаф Пятушка: У адной з вежаў — той, дзе знаходзіцца сакрыстыя. У ёй стаялі звычайныя драбіны на другі паверх. Там ёсць невялікае памяшканне — каля 10 квадратных метраў, якое я прыстасаваў пад сваё жытло. Грошы — і вялікія! — былі патрэбны на рамонт святыні, так што адскубваць з іх яшчэ і на арэнду кватэры не меў маральнага права.

Праўда, я мог атрымаць жытло задарма: Барысаўскі выканкам двойчы хацеў даць мне двухпакаёвую кватэру. Я быў вельмі ўдзячны гарадскім уладам за такі клопат, але ад падарунка адмовіўся: па-першае, у мяне хоць у вежы, але меўся свой пакой, у той час як многім тая кватэра была больш патрэбна. А па-другое, я лічыў абавязковым захаваць незалежнасць ад улады. Пагадзіцеся, для святара гэта вельмі важна. Падобна на тое, што ў гарвыканкаме маю пазіцыю зразумелі і прынялі. Ва ўсякім выпадку і са старшынёй, і з іншымі чыноўнікамі ў мяне былі добрыя стасункі. Можа, не заўсёды бясхмарныя, час ад часу кожны з бакоў выпускаў кіпцюры, але неканструктыўнымі нашы адносіны я назваць не магу.

Аўтар: А ў сітуацыі з атрыманнем зямлі пад будаўніцтва касцёла ў Нова-Барысаве чаго мелася больш — усмешак ці «кіпцюроў»?

а. Юзаф Пятушка: Мабыць, другога. Справа ў тым, што гарадскія ўлады былі гатовыя выдзеліць плошчу пад новую каталіцкую святыню, але даволі доўгі час прапаноўвалі месцы дзесьці на выселках. Я ж даводзіў, што гэта непрымальна. Урэшце плошчу пад будаўніцтва касцёла далі на цэнтральнай магістралі пры ўездзе з боку Мінска, побач з мікрараёнам, у якім жывуць тысячы гараджан.

Аўтар: У 2007 годзе Вам уручылі медаль «Pro Ecclesia et Pontifice» — «За заслугі перад Касцёлам і Папам». Гэтая ўзнагарода навяла мяне вось на якія думкі. У Расійскай імперыі лічылася звычайнай справай узнагароджанне дзяржаваю духоўных асоб. Сярод ордэнаў Імперыі былі два — Святой Ганны і Святога Станіслава, — якімі даволі часта ўганароўваліся святары. Так, ў 1916 годзе цар Мікалай ІІ унагародзіў ордэнамі 7 каталіцкіх святароў, якія служылі на тэрыторыі Беларусі.

У Савецкім Саюзе духоўных асоб так не ўшаноўвалі. Нават за выратаванне іншых коштам уласнага жыцця. Нават пасмяротна. Не ўзнагародзілі 11 манашак-назарэтанак з Наваградка, якія самі папрасіліся ў гестапаўцаў пайсці на смерць замест 120-ці мясцовых жыхароў, прыгавораных фашыстамі да расстрэлу. Як не ўзнагародзілі і архімандрыта Аляксяндра Вішнякова, праваслаўнага святара з Кіева, які ў першыя месяцы нямецкай акупацыі ахрысціў шмат габрэяў, выдаўшы ім пасведчанні аб сакрамэнце хросту, чым уратаваў не адну габрэйскую сям’ю, а сам, выдадзены немцам, быў расстраляны ў Бабіным Яры.

І вось тут пытанне, айцец Юзаф: ці патрэбна святару дзяржаўная адзнака яго служэння? Ці не ёсць узнагароджанне ордэнам ці медалём вельмі далікатным варыянтам зрабіць святара «удзячным», каб не заўважаў немаральных дзеянняў улады ці яе асобных функцыянераў? Прычым гэтае пытанне можна адрасаваць святару не толькі ў Беларусі, а і ў любой краіне.

а. Юзаф Пятушка: З Вашага пытання можна зрабіць выснову, што святар апрыёры знаходзіцца ў апазіцыі да дзяржавы і яна зацікаўлена, каб яго «падкупіць». Ні аб якой апазіцыйнасці гаворка не можа ісці. Проста трэба памятаць словы Хрыста, сказаныя Ім фарысеям: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу» (Мц 22:21). Вядома, кожны святар, жывучы ў дзяржаве, павінен выконваць яе законы. Але служыць ён толькі Богу і людзям. І ў гэтым яго незалежнасць ад дзяржавы, фінансавых структур, прадпрымальніцкіх колаў. А калі дзяржава нейкім чынам адзначае руплівасць святара той ці іншай канфесіі, то гэта плюс у першую чаргу самой дзяржаве: значыць, для ўлады важныя духоўныя каштоўнасці, якія прапаведуе святар (а ўсе рэлігіі, па вялікім рахунку, грунтуюцца на аднолькавых маральных каштоўнасцях), і яна, улада, кіруецца (ці хаця б імкнецца кіравацца) імі ў сваёй дзейнасці.

Яраслаў Чапля, sn-plus.com
Фота з уласнага архіва а. Юзафа Пятушкі і Вікторыі Лебзяк

для друку для друку