Адпустовая ўрачыстасць у Шаркаўшчыне

16 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Шаркаўшчыне прайшла адпустовая ўрачыстасць. На свята сабралася шмат парафіянаў і гасцей. Cвятую Імшу а 12-ай гадзіне ўзначаліў дэкан Пастаўскага дэканату ксёндз Павел Самсонаў.

Парафія ў Шаркаўшчыне мае багатую гісторыю. У 1906 г. мястэчка мела межы пяці суседніх парафій. Паколькі мясцовыя католікі жадалі мець свой касцёл, дазвол на гэта быў атрыманы пры ўмове, што вернікі самі будуць ўтрымліваць святара. У 1906 г. у Шаркаўшчыне была ўтворана самастойная парафія, выдзеленая з парафіі ў Пагосце. Дзякуючы намаганням ксяндза Пятра Валюшкіса і дабраахвотным ахвяраванням парафіянаў у мястэчку Старая Шаркаўшчына быў пабудаваны драўляны касцел, які ў лістападзе 1907 г. быў асвечаны ксяндзом Ежы Мачульскім, дэканам Дзісненскім, пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа. На жаль, святыня праіснавала нядоўга. У 1963 годзе касцёл быў разабраны.

Парафія ў Шаркаўшчыне аднавіла сваю дзейнасць у 1991 годзе, а ў жніўні 1992 года распачалося будаўніцтва новай святыні. Касцёл быў асвечаны кардыналам Казімірам Свёнткам 14 верасня 1996 г. у свята Узвышэння Святога Крыжа. З таго часу парафіяне штогод збіраюцца на ўрачыстасць каб аддаць пашану Крыжу Збаўцы і падзякаваць за ўсе атрыманыя ласкі.

Звяртаючыся з прывітальным словам да прысутных, пробашч парафіі ксёндз Віктар Сініцкі SCJ падкрэсліў, што мы павінны задумацца над сваім жыццём і як веруючыя людзі ўзяць свой штодзённы крыж і ісці за Езусам, каб дасягнуць Боржага валадарства.

Тэму крыжа прадоўжыў у сваёй гаміліі ксёндз Павел Самсонаў, які спачатку ўзгадаў гісторыю знаходжання Крыжа Збаўцы, а затым заахвоціў задумацца: «Чым з’яўляецца для нас крыж?». Святар падкрэсліў, што Пан Бог дае нам не крыж, а сілы, каб пераадолець усе цяжкасці і выпрабаванні, якія, часам, узнікаюць па нашай віне. Цяжар штодзённага крыжа залежыць не ад Бога, а ад кожнага з нас, ад таго, што мы выбіраем. Пан Бог навучае нас любіць і прабачаць, аднак вельмі часта мы робім тое, што супярэчыць Божай волі.

Крыж нагадвае нам пра бескарысную любоў Бога да чалавека. Ён і сёння імкнецца ўратаваць кожнага з нас ад небяспекі граху. Мы не павінны саромецца крыжа, а наадварот, смела яго вызнаваць, каб крочыць за Хрыстом.

Пасля Літургіі адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой памаліліся літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Кульмінацыяй свята стала эўхарыстычная працэсія вакол касцёла.

Пасля набажэнства пробашч парафіі ксёндз Віктар Сініцкі падзякаваў прысутным за супольную малітву і ўдзел ва ўрачыстасці. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас тых, хто прычыніўся да яе падрыхтоўкі.

Урачыстасць сапраўды прайшла зладжана і прыгожа. Арыгінальна аздоблены алтар, цудоўныя спевы мясцовага парафіяльнага хору падчас Літургіі спрыялі радаснаму і ўзнёсламу настрою свята.

Жанна Закрэўская, kascelmery.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі