Адбылася тэлефонная размова Пантыфіка з Прэзідэнтам Украіны

Ілюстрацыйнае фота

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў Святому Айцу за малітву за мір, а таксама запэўніў, што ўкраінскі народ адчувае яго духоўную падтрымку.

Папа паразмаўляў з украінскім лідарам па тэлефоне 26 лютага 2022 года. Гэта пацвердзіў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні. Размова адбылася ў той час як працягваюць прыходзіць трагічныя паведамленні з фронтаў ваенных дзеянняў, а баі трываюць на вуліцах Кіева.

“Святы Айцец выказаў свой глыбокі боль з прычыны трагічных падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне”, — паведаміла ў Твітэры пасольства Украіны пры Святым Пасадзе.
У сваю чаргу Уладзімір Зяленскі напісаў твіт-паведамленне, у якім сцвердзіў: “Я падзякаваў Папу Францішак за малітву аб міры ва Украіне і аб спыненні агню. Украінскі народ адчувае духоўную падтрымку Яго Святасці”.

Папа Францішак таксама скіраваў твіт-паведамленне на розных мовах, у тым ліку па-руску і па-украінску. “Езус вучыў, што на д’ябальскую бессэнсоўнасць гвалту адказвае Божая зброя: пост і малітва. Няхай Валадарка міру выратуе свет ад вар’яцтва вайны”, — падзяліўся ён словамі, якія прамовіў падчас агульнай аўдыенцыі 23 лютага. Твіт быў апублікаваны разам з хэштэгамі #Praytogether і #Ukraine – Молімся разам і Украіна, а таксама выявай Езуса на крыжы.

Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку