«Абраза, якая крычыць да нябёсаў». Што кажа Касцёл пра ядзерную зброю

Кардынал Паралін выступае з трыбуны ААН

У ХХІ стагоддзі, як і раней у часы халоднай вайны, свету пагражае ядзерная вайна. Усё часцей можна пачуць заявы ад уладаў розных краінаў пра тое, што яны могуць выкарыстаць такую зброю ў сваім супрацьстаянні з іншымі. Дый сама ядзерная зброя, як выглядае, замест скарачэння распаўсюджваецца ва ўсё большай колькасці краін. Супраць гэтага між тым працягваюць актыўна выступаць Апостальская Сталіца і Каталіцкі Касцёл.

23 верасня Дзяржаўны сакратар Святога Пасада кардынал П’етра Паралін, звяртаючыся да ўдзельнікаў Саміту будучыні, што праходзіў у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, падкрэсліў: «Імкненне да міру патрабуе ўсеагульнага раззбраення і, у прыватнасці, поўнай ліквідацыі ядзернай зброі». Паводле яго, неабходна «адкласці ў бок вузкія геапалітычныя погляды і супрацьстаяць моцным эканамічным лобі, каб абараніць чалавечую годнасць і забяспечыць будучыню, у якой усе людзі змогуць усебакова развівацца, як індывідуальна, так і супольна».

Зварот кардынала Параліна стаўся адным з многіх антыядзерных выступаў прадстаўнікоў Святога Пасада за апошні год. Гэтак, 16 верасня Сакратар па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер заклікаў удзельнікаў 68-й сесіі Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) адмовіцца ад логікі легітымнасці вайны, улічваючы катастрафічны патэнцыял ядзернай зброі. Ён прапанаваў міжнароднай супольнасці этычна асэнсаваць рызыку ядзернай зброі і аднавіць прагрэс у галіне раззбраення.

Таксама арцыбіскуп Габрыэле Кача – пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН – на пасяджэнні 4 верасня ў Нью-Ёрку Генеральнай Асамблеі ААН з нагоды Міжнароднага дня дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў прывёў словы Папы Францішка пра тое, што «канчатковая мэта поўнай ліквідацыі ядзернай зброі становіцца адначасова як выклікам, так і маральна-гуманітарным імператывам».

«Толькі сумеснымі намаганнямі можна пабудаваць свет, вольны ад ядзернай зброі. Гэта патрабуе міжнароднай супрацы і прыхільнасці дамовам пра раззбраенне, а таксама забеспячэнне рэсурсамі і падтрымкай грамадстваў, якія пацярпелі», – адзначыў ён.

Арцыбіскуп Кача заўважыў, што для дасягнення гэтай амбіцыйнай мэты неабходна, каб выконвалася «Дамова аб усеагульнай забароне ядзерных выпрабаванняў» і каб міжнародная сістэма маніторынгу і ўсе звязаныя з ёй механізмы кантролю былі цалкам рэалізаваныя. «Акрамя таго, першаснае значэнне мае ўмацаванне забароны на ядзерныя выпрабаванні выбуховых рэчываў, як гэта прадугледжана «Дамовай аб забароне ядзернай зброі», – сказаў дыпламат. – Ядзернае стрымліванне і пагроза ўзаемнага знішчэння не могуць быць падставай этыкі братэрства і мірнага суіснавання народаў і дзяржаў. Сённяшняя і заўтрашняя моладзь заслугоўвае значна большага. Яна заслугоўвае мірнага светапарадку, заснаванага на адзінстве чалавечай сям’і, на павазе, супрацы, салідарнасці і спагадзе. Надышоў час супрацьпаставіць логіцы страху этыку адказнасці і тым самым садзейнічаць стварэнню атмасферы даверу і шчырага дыялогу», – працытаваў словы Папы на заканчэнне сваёй прамовы арцыбіскуп Кача.

А 23 ліпеня Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе арцыбіскуп Этарэ Балестрэра, звяртаючыся да ўдзельнікаў другой сесіі падрыхтоўчай камісіі Канферэнцыі 2026 года па разглядзе дзеяння «Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі», падкрэсліў, што валоданне ядзернай зброяй стварае толькі ілюзію міру. Ён нагадаў пра амаральнасць вытворчасці ядзернай зброі і валодання ёю ды выказаў занепакоенасць у сувязі з ростам адпаведных ваенных выдаткаў, а таксама звярнуў увагу на ўзмацненнем рыторыкі і пагроз, звязаных з яе магчымым прымяненнем. «Такія пагрозы з’яўляюцца абразай для чалавецтва ў цэлым, паколькі ядзерная вайна, несумненна, прывяла б да непапраўных і разбуральных наступстваў, якія пацягнулі б за сабой беспрэцэдэнтныя чалавечыя ахвяры», – сказаў ватыканскі дыпламат.

Паводле яго, нераспаўсюджванне і раззбраенне – гэта не толькі юрыдычны абавязак, але і этычная адказнасць перад усёй чалавечай сям’ёй.

Арцыбіскуп падкрэсліў неадкладную неабходнасць скарачэння ядзерных арсеналаў і ліквідацыі рызык, звязаных з новымі кібертэхналогіямі, якія інтэгруюцца ў сістэмы ядзернай зброі. Іерарх заклікаў да ўсеагульнага і сумленнага раззбраення, нагадаўшы пра калектыўную адказнасць міжнароднай супольнасці за дасягненне трывалага міру і бяспекі. «Святы Пасад зноў заклікае ўсе дзяржавы адмовіцца ад ядзернага стрымлівання і далучыцца да «Дагавора аб забароне ядзернай зброі», каб такім чынам садзейнічаць змене негатыўнай канцэпцыі бяспекі на пазітыўную», – заявіў у красавіку арцыбіскуп Кача на пасяджэнні Камісіі па раззбраенні.

Не гонка ўзбраенняў, а дапамога тым, хто мае патрэбу

Агулам тэма ядзернага раззбраення стала важнай часткай сацыяльнага вучэння Касцёла неўзабаве пасля Другой сусветнай вайны. Напрыклад, Папа Ян ХХІІІ у сваёй энцыкліцы «Pacem in Terris» (Мір на зямлі) у 1963 годзе падкрэсліваў, што «самі выпрабаванні ядзерных прыладаў для ваенных мэтаў могуць, калі будуць працягвацца, прывесці да сур’ёзнай небяспекі для розных формаў жыцця на зямлі… Таму справядлівасць, правільны розум і прызнанне чалавечай годнасці настойліва патрабуюць спынення гонкі ўзбраенняў. Запасы ўзбраення, што маюцца ў розных краінах, павінны быць скарочаныя ўсімі бакамі адначасова. Ядзерная зброя павінна быць забароненая», – пісаў Святы Айцец.

Тое, што гонка ўзбраенняў з’яўляецца не фактарам стрымлівання, а наадварот, стварае дадатковыя пагрозы для бяспекі свету, абвяшчала і пастырская канстытуцыя Другога Ватыканскага Сабору «Gaudium et Spes» (Радасць і надзея) ад 1965 года.

Таксама і Папа Францішак, наведваючы ў лістападзе 2019 года японскія гарады Хірасіма і Нагасакі, падкрэсліваў, што «выкарыстоўваюць атамную энергію ў мэтах вайны амаральна, як амаральнае і валоданне ядзернай зброяй». Паводле яго, «у свеце, дзе мільёны дзяцей і сем’яў жывуць у нечалавечых умовах, грошы, якія выдаткаваныя, і багацці, заробленыя праз вытворчасць, мадэрнізацыю, тэхнічнае абслугоўванне і продаж усё больш разбуральнай зброі, – гэта абраза, якая крычыць да нябёсаў».

Мечыслаў Гапановіч

для друку для друку