Французы вярнулі палякам манстрацыю, скрадзеную 30 гадоў таму

12 кастрычніка 2026 года прадстаўнікі французскай паліцыі перадалі польскаму боку гістарычную манстрацыю, выкрадзеную ў 1997 годзе з касцёла ў Маскожэве (Свентакшыскае ваяводства). Цырымонія перадачы гістарычнага рэлігійнага аб’екта адбылася ў пасольстве Польшчы ў Парыжы.

Каштоўны прадмет неўзабаве будзе дастаўлены ў Польшчу. Дзейнасць па вяртанні страчаных і незаконна вывезеных твораў мастацтва каардынуецца і кантралюецца Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы ў супрацоўніцтве з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.

«Намаганні па вяртанні твораў мастацтва вядуцца практычна бесперапынна, а спіс зніклых аб’ектаў, на жаль, вельмі доўгі», — адзначыў падчас цырымоніі Веслаў Тарка, часовы павераны ў справах Польшчы ў Парыжы. Гэтай вясной пасольства Польшчы атрымала ад французскай паліцыі інфармацыю пра тое, што манстрацыя з Маскожава была знойдзена ў Францыі. Супрацоўнікі нацыянальнага ўпраўлення судовай паліцыі (DNPJ) у Нантэрэ выявілі прадмет на гандлёвым прылаўку і ідэнтыфікавалі яго з дапамогай звестак з базы даных Інтэрпола.

Па словах Філіпа Гішара з аддзела па барацьбе з арганізаванай і спецыялізаванай злачыннасцю, база даных Інтэрпола PSYCHE «адыгрывае фундаментальную ролю ў выяўленні і вяртанні культурных каштоўнасцяў, скрадзеных — часам дзесяцігоддзі таму».

Пазалочаная ажурная манстрацыя была скрадзена з парафіяльнага касцёла ў Маскожэве ў ноч на 15 ліпеня 1997 года. Злодзеі забралі толькі манстрацыю, што сведчыць пра наўмысны характар ​​іх дзеянняў і каштоўнасць самога артэфакта.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку