Праз аб’ектыў да Бога: як штодзённая Імша надала жыццю новы сэнс

Ці памятаеце той перыяд, калі вы толькі пачыналі новы для сябе кірунак? Запісаліся ў спартыўную залу, заняліся шыццём, асвоілі новую прафесійную сферу? Напэўна, многія ў гэты час адчувалі эйфарыю. Першыя поспехі акрылялі і матывавалі да дзейнасці, хацелася паглыбляць веды, праяўляць творчасць, адкрываць новыя гарызонты.

Ішлі гады. Новая сфера стала звыклай, зразумелай, навыкі сталі даведзеныя да аўтаматызму. Сваю справу ўжо можна было рабіць з заплюшчанымі вачыма. І гэта, зразумела, добра. Аднак многія заўважылі, што ранейшы запал знік. Больш не хацелася шукаць новых рашэнняў, творчых падыходаў. Гэта лішняе, калі адладжаны механізм і так  спраўна працуе. Аналагічны прынцып дзейнічае таксама і ў духоўным жыцці.

Гледзячы на асобаў, якія штодня наведваюць касцёл на працягу многіх гадоў, час ад часу задумваюся, як ім удаецца захоўваць глыбіню і шчырасць у адносінах з Богам. Усе мы людзі, а гэта значыць, можам падчас святой Імшы адхіляцца, не ўкладваць належнага сэнсу ў літургічныя малітвы, прамаўляючы іх як даўно і добра завучаны верш.

Гераіня нашага матэрыялу Наталля Аніхоўская вось ужо пяць гадоў наведвае святую Імшу штодня. Пропуск без уважлівай на тое прычыны з’яўляецца для яе недапушчальным. Штодзённая літургія дае жыццёвыя сілы і энергію. Аднак так было незаўсёды. Яшчэ колькі гадоў назад маладая жанчына моцна здзівілася б, каб ёй сказалі, што яна будзе актыўна практыкаваць каталіцтва і сістэматычна наведваць касцёл.

Наташа нарадзілася ў каталіцкай сям’і і належала да парафіі святой Тэрэзы ў Вільні. У дзяцінстве галоўным арыенцірам у веры для дзяўчынкі была бабуля па мамінай лініі, якая актыўна практыкавала, ведала шмат малітваў і песень. У вызначаны час дзяўчынка прыступіла да Першай Камуніі. Вяртаючыся ва ўспамінах у мінулае, Наташа адзначае, што пазней ранейшы запал пачаў пакрысе знікаць, хоць і надалей даводзілася наведваць урачыстасці або прыходзіць у касцёл на шлюбы ці пахаванні.

Адзінаццаць гадоў таму жанчына разам з сям’ёй пераехала на Гродзеншчыну, у гістарычнае мястэчка Гальшаны. На той час яна ўжо выхоўвала дваіх сыноў – двухгадовага Аляксея і сямігадовага Дзіму. Вясковае жыццё было простым і размераным, напоўненым стандартнымі жаночымі клопатамі. Пакрысе з’явіліся новыя знаёмствы, сваё кола сяброў. Атрымалася прызвычаіцца да новага месца. Наталля не раз глядзела ў бок барочнага будынка касцёла і нават час ад часу заходзіла сюды на святы і ўрачыстасці. Пасля стала прыходзіць часцей і часцей. Асаблівая атмасфера, якая тут панавала, давала адчуванне спакою і гармоніі. Тады адыходзілі праблемы і цяжкасці, а жыццё падавалася размераным і спакойным. Калі жанчына пачала наведваць касцёл штодня, многія сябры і знаёмыя не зразумелі яе, гаворачы, што яна трапіла ў секту. Гэты момант стаў пераломным, бо з некаторымі давялося поўнасцю перарваць усялякія кантакты.

Пакрысе маладая мама стала далучаць да веры і сваіх сыноў. Пасля Першай Камуніі абодва сталі міністрантамі. Гэтая акалічнасць цешыла жанчыну, яна бачыла, што хлопчыкі цягнуцца да веры, цікавяцца жыццём святых, удзельнічаюць у сустрэчах моладзі і пілігрымках. У мінулым годзе старэйшы сын, Дзмітрый, стаў студэнтам. Мама перажывала, што новыя абставіны аслабяць яго духоўнасць, ён перастане наведваць касцёл. Аднак юнак па-ранейшаму ўдзельнічае ў святых Імшах і служыць пры алтары. Малодшы сын, Аляксей, разам з мамай наведвае касцёл, выконвае абавязкі міністранта. Бываюць моманты, калі сын застаецца дома пасля цяжкага дня. І Наталля не настойвае і не змушае ісці. Яна лічыць, што татальны кантроль можа прывесці да аслаблення веры. А вось нядзельныя святыя Імшы хлопцы наведваюць у абавязковым парадку. У іх нават не ўзнікае думкі застацца дома.

Некалькі гадоў таму дзякуючы наведванню касцёла Наталля знайшла сваё прафесійнае пакліканне – стала фатографам. Неаднаразова яна назірала за хрэсьбінамі і шлюбамі, якія праходзілі ў парафіі. Гэтыя моманты ўражвалі, бо запаміналіся на ўсё жыццё. Нечакана для сябе самой яна набыла неабходную тэхніку і адкрыла сваю маленькую справу – стала здымаць. Сёння жанчына з усмешкай прыгадвае тыя самыя першыя спробы, калі неабходна было падысці да алтара, каб зрабіць фотаздымак. У той момант падавалася, што затвор фотаапарата працуе надта гучна і яна перашкаджае маліцца парафіянам. Было шмат іншых страхаў, якія пераадольваліся з вопытам. Наталля расказвае, як на адным з хростаў, які ёй давялося здымаць, немаўлятка быццам адчула Божы дотык, каторы перадаўся праз усмешку. Гэты момант удалося “злавіць”. Жанчыну вельмі ўсхвалявала гэта падзея, дзякуючы якой яна яшчэ раз адчула вялікую Божую міласэрнасць. Сёння за яе спінай не адзін хрост, шлюб, Святая Камунія. Аднак з ранейшым трапятаннем яна падыходзіць да кожнага сакраманту, ведаючы яго важнасць.

Разам з фатаграфіяй прыйшлі і іншыя захапленні. Жанчына пачала весці парафіяльную старонку ў сацыяльных сетках. Яе можна заўважыць з фотаапаратам на парафіяльных адпустах, а таксама на мерапрыемствах, якія праходзяць у парафіі. Крыху пазней змяніўся і сэнс публікацый у TikTok на яе асабістай старонцы. У пэўны момант Наталлі захацелася зрабіць сваю старонку асяродкам веры і прыгажосці. Яна цалкам выдаліла ранейшы кантэнт і пачала напаўняць акаўнт выключна ролікамі і фотаздымкамі хрысціянскай накіраванасці. Зайшоўшы, можна ўбачыць касцёлы, якія давялося наведаць, фрагменты відэа з пілігрымак і многа іншых цікавінак. Людзі з удзячнасцю вывучаюць гэты кантэнт, пакідаючы цёплыя каментары з падзякай за яе працу.

Традыцыйнай сямейнай справай стаў і ўдзел у пілігрымках. У гэтым годзе Наталля пешшу ішла да Маці Божай Тракельскай. Побач з ёй ішоў малодшы сын. Акрамя таго, Аляксей паспеў далучыцца і да пілігрымкі Смаргонь – Будслаў. Амаль кожны год у маі Наташа спяшаецца ў падарожжа да Маці Божай Барунскай. Яна разам з іншымі мамамі з усяго дэканату нясе Суцяшальніцы Засмучаных свае турботы, клопаты і радасці, а таксама дзякуе за сваіх сыноў, якія на сённяшні дзень знаходзяцца на правільным шляху. Сцёртыя ногі, спаленая на сонцы скура, мокрая ад дажду вопратка – гэтыя негатыўныя моманты перакрывае вялікая радасць ад сустрэчы з Багародзіцай. Прыйшоўшы на месца, усё здаецца дробязным і неістотным, а сэрца напаўняецца сапраўднай радасцю, якую не могуць даць ніякія матэрыяльныя рэчы.

Сустрэўшы Бога і перажыўшы сапраўднае навяртанне, жанчына стала адчуваць сябе жывой. Яна змяніла погляды на жыццё, стала больш уразлівай, далікатнай, зніклі многія якасці, якія перашкаджалі. А галоўнае – яна адчула сябе па-сапраўднаму шчаслівай мамай, парафіянкай, жанчынай!

Марта Венславовіч
Фота аўтара

для друку для друку