Спецыяльная ватыканская камісія, створаная для вывучэння магчымасці дыяканату жанчын, прадставіла Папу Льву XIV выніковы даклад, у якім заявіла пра адсутнасць падстаў для высвячэння жанчын у дыяканы. Аднак прыхільнікаў гэтага такія высновы не спынілі.
Пытанне дыяканскага пасвячэння жанчын у Каталіцкім касцёле абмяркоўваецца ўжо працяглы час. Яго прыхільнікі звяртаюць увагу на існаванне жанчын-дыяканаў у раннім Касцёле ды на неабходнасць належнага прызнання жаночага служэння. Але яшчэ ў дакладзе Міжнароднай тэалагічнай камісіі, апублікаваным у 2002 годзе, адзначылася, што, хоць у гісторыі існавалі жанчыны-дыяканы, іх служэнне не было тоесным мужчынскаму.
У 2015 годзе канадскі арцыбіскуп Поль-Андрэ Дзюрашэ ўзняў пытанне пасвячэння жанчын у дыяканы на Сінодзе па пытаннях сям’і, а ў траўні 2016 года яго ж задалі Папу Францішку на Асамблеі Міжнароднага саюза генеральных настаяцельніц. У выніку ў жніўні 2016 года паўстала Камісія для вывучэння пытання жаночага дыяканату. Узначаліў яе тагачасны сакратар, а пасля прэфект Кангрэгацыі веравучэння кардынал Луіс Ладарыа Фэрэра. Камісія прадставіла свой даклад Папу ў 2019 годзе, але ён быў незадаволены адсутнасцю “канчатковага адказу”: чальцы камісіі, якіх Святы Айцец параўнаў з “жабамі з розных сажалак”, не прыйшлі да кансенсусу, ці было пасвячэнне жанчын у раннім Касцёле сакрамантальным.
Вясной 2020 года была скліканая другая камісія на чале з італьянскім кардыналам Джузэпэ Пэтрокі і сакратаром кс. Дэні Дзюпон-Фавілем, супрацоўнікам Кангрэгацыі веравучэння. Апрача іх у склад групы ўвайшлі тры святары, два сталыя дыяканы і пяць свецкіх жанчын. У адрозненне ад папярэдняй камісіі, яны павінны былі вывучыць не толькі гісторыю жанчын-дыяканаў у раннім Касцёле, але таксама і багаслоўскі погляд, і сучасныя магчымасці жаночага дыяканату.
Падчас сесій Сіноду ў Ватыкане ў 2023 і 2024 гадах пытанне жаночага дыяканату таксама стала адной з тэмаў абмеркавання. Тым не менш, кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі дактрыны веры, заявіў, што надалей няма падстаў для станоўчага рашэння датычна доступу жанчын да дыяканскага служэння, якое разумеецца як ступень сакраманту святарства. А аўстралійскі біскуп Энтані Рандацца падкрэсліў, што патрабаванне аб прызначэнні жанчын дыяканамі зыходзіць ад “невялікай меншасці, апантанай прасоўваннем гэтага пытання”.
Высновы камісіі
Апублікаваны 4 снежня 2025 года даклад Камісіі, які за тры месяцы да таго быў перададзены Папу Льву XIV, таксама выключае магчымасць прыняцця жанчын у дыяканат, што разглядаецца як ступень сакраманту пасвячэння. Чальцы камісіі пагадзіліся з тым, што, хоць жанчыны-дыяканы існавалі ў раннім Касёле, жаночы дыяканат развіваўся па-рознаму ў розных рэгіёнах і “не разумеўся як просты жаночы эквівалент мужчынскага дыяканату і, відаць, не меў сакрамантальнага характару”.
Таксама было заяўлена, што ў святле тэалогіі сакраманту пасвячэння выклікае сумневы ў сумяшчальнасці жаночага дыяканату з каталіцкай дактрынай, Святым Пісаннем і традыцыяй: “Статус пытанняў, якія ўзнікаюць падчас гістарычных і багаслоўскіх даследаванняў, а таксама іх узаемныя наступствы выключаюць магчымасць прасоўвання ў напрамку прыняцця жанчын у дыяканат, што разумеецца як ступень сакраманту святарства”.
Пытанне пра сакрамантальны характар звязанае з пытаннем пра святарскі сан, які мае тры паслядоўныя ступені: дыяканат, святарства і біскупства. Але прыхільнікі жаночага дыяканату звяртаюць увагу на існаванне таксама сталага дыяканату, да якога могуць належаць мужчыны, каторыя ніколі не стануць святарамі, у тым ліку жанатыя. Таксама падкрэсліваецца, што ў 2024 годзе ўпершыню жанчына была пасвечаная ў дыяканы ў праваслаўным Александрыйскім патрыярхаце, а Каталіцкі Касцёл прызнае сапраўднасць пасвячэнняў праваслаўных дыяканаў, святароў і біскупаў, хоць так і не выказаў афіцыйнай пазіцыі з нагоды гэтай падзеі.
Варта адзначыць, што пытанне мужчынскага характару пасвячэння, звязанага з вобразам Хрыста, падзяліла чальцоў Камісіі: адны лічаць яго неадʼемнай часткай сакрамантальнай ідэнтычнасці, іншая прапанавалі выключыць гэты тэзіс.
Таксама камісія прааналізавала лісты і прапановы ад вернікаў, заявіўшы пра адсутнасць шырокага кансэнсусу сярод іх. Тым больш, што даслалі такія лісты толькі 22 асобы з некалькіх краінаў, то бок “іх нельга лічыць голасам Сінода, тым больш народа Божага ў цэлым”. Паводле кардынала Пэтрокі, многія жанчыны “ўжо займалі дыяканскія пасады, асабліва ў супольнасцях без святара, і лічылі сябе “годнымі” атрымаць пасвячэнне, нейкім чынам набыўшы гэта права”, аднак іх аргументы часта супярэчаць традыцыі.
У цэлым кардынал падкрэсліў існаванне “інтэнсіўнай дыялектыкі” паміж дзвюма багаслоўскімі арыентацыямі. Першая сцвярджае, што пасвячэнне дыякана прызначанае для служэння, а не для святарства: “гэты фактар адкрыў бы шлях да пасвячэння жанчын-дыяканаў”. Другая ж, наадварот, настойвае “на адзінстве сакраманту святарства”, што складаецца з трох ступеняў, а праз гэта адхіляецца і ідэя жаночага дыяканату.
Паводле кардынала, для далейшага вывучэння пытання неабходна правесці “дбайнае і ўсебаковае крытычнае даследаванне” самога дыяканату, яго сакрамантальнай ідэнтычнасці і касцельнай місіі, “каб растлумачыць некаторыя структурныя і пастырскія аспекты, якія ў цяперашні час не цалкам вызначаныя”.
У рэшце Камісія рэкамендавала пашыраць доступ жанчын да касцельных паслуг, не звязаных з сакрамантальным пасвячэннем, як прароцкі знак прызнання іх служэння без змены дактрыны, “асабліва там, дзе жанчыны ўсё яшчэ сутыкаюцца з гендарнай дыскрымінацыяй”. Паводле яе, у цяперашні час датычна дыяканату немагчыма “сфармуляваць канчатковае меркаванне, як у выпадку святарскага пасвячэння”.
Паміж кропкай і шматкроп’ем
На думку журналіста Майкла Хэйнза, які працуе ў Ватыкане, высновы камісіі “зводзяцца да канчатковага завяршэння дыскусіі” датычна магчымасці жаночага дыяканату. Але, адзначае ён, заява пра тое, што пакуль немагчыма “сфармуляваць канчатковае меркаванне”, выклікае здзіўленне і, магчыма, “зʼяўляецца памылковай, улічваючы фармальныя і канчатковыя заявы Касцёла па гэтым пытанні”. Хэйнз мяркуе, што такая заява “можа выклікаць непакой у тых, хто імкнецца захаваць вучэнне Касцёла, і, безумоўна, яшчэ больш падштурхне прыхільнікаў прыняцця жанчынамі святарскага сану”.
У сваю чаргу апошнія, у прыватнасці, бельгійскі дыякан Герт дэ Кубэр, каторы як адзіны дыякан увайшоў у склад Сіноду па сінадальнасці з правам голасу, і Кейсі Стэнтан, судырэктар арганізацыі “Праніклівыя дыяканы”, выступілі за кансультацыі на сінадальным узроўні адносна пытання жаночага дыяканату. Яны выказалі надзею, што Папа Леў XIV будзе адкрыты для магчымасці розных рашэнняў для розных рэгіёнаў свету. Напрыклад, біскупы Бельгіі заявілі, што, калі ён дазволіць жанчын-дыяканаў, бельгійскі Касцёл пачне іх высвячаць.
Пакуль жа канон 1024 “Кодэксу кананічнага права” Касцёла абвяшчае, што “святое пасвячэнне дзейсна прымае толькі ахрышчаны мужчына”.
Мечыслаў Гапановіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!